Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
І трэйцяга дня было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісусава была тамака.
А на трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і была там матка Езуса.
Запрошаны быў таксама й Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.
Быў-жа запрошаны Езус і вучні ягоны на вясельле.
І, як ня хапíла віна, маці Ісусава кажа Яму: віна ня ма́юць.
Калі-ж не хваціла віна, сказала матка Езуса да яго: Віна ня маюць.
Кажа ёй Ісус: што Мне і табе, жанчына? Яшчэ ня прыйшо́ў час Мой.
І сказаў ей Езус: Што мне і табе жанчына? Яшчэ ня прыйшла мая часіна.
Маці Ягоная кажа слугам: што б Ён вам ні сказаў, зрабіце.
Сказала матка ягона слугам: Што-толькі вам скажа, рабеце.
Было ж тамака шэсьць каменных судзінаў для вады, (што) стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня (і) зьмяшчалі па дзьве ці тры меры.
А было там шэсьць каменных стаўбуноў, пастаўленых дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючых кожны па два або тры вядры.
Кажа ім Ісус: напоўніце судзіны вадою. І напоўнілі іх да верху.
Сказаў ім Езус: Напоўніце стаўбуны вадою. І напоўнілі іх аж да верху.
І кажа ім: чэрпайце цяпер і нясеце да маршалка. І панесьлі.
І сказаў ім Езус: Чарпайце цяпер і занясеце маршалку. І занясьлі.
Калі ж маршалак пакаштаваў вады, стаўшай віном, а (ён) ня ве́даў, скуль (яно) ёсьць, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — маршалак кліча маладога
А як пакаштаваў маршалак вады, што сталася віном, і ня ведаў, адкуль яно, а слугі, якія чарпалі ваду, ведалі, паклікаў маршалак маладога
і кажа яму: кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты (ж) добрае віно захаваў дагэтуль.
і сказаў яму: Кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае, а ты добрае віно захаваў аж дагэтуль!
Так Ісус зрабіў пачатак Цудам у Кане Галілейскай і выявіў Славу Сваю, і ўверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Гэты пачатак цудаў зрабіў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў сваю славу; і ўверылі ў яго вучні ягоны.
Пасьля гэтага зыйшоў Ён да Капэрнавуму, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і тамака заставаліся няшма́т дзён.
Пасьля гэтага прыйшоў у Капарнаум, ён і матка ягона, і браты яго, і вучні яго, і там аставаліся нямнога дзён.
І была блізка Пасха жыдоўская, і ўзыйшоў Ісус да Ярузаліму;
І была блізка жыдоўская Пасха, і ўвайшоў Езус у Ерузалім.
і знайшоў у Сьвятыні прадаючых быкоў і авечак, і галубоў, і сядзелі мянялы (грошай).
І знайшоў у сьвятыні прадаючых валы і авечкі і галубы, і сядзячых мяняльнікаў.
І, зрабіўшы зь вяровак плётку, выгнаў усіх са Сьвятыні, і авечак, і быкоў, ды мянялам грошы рассыпаў і сталы (іхныя) абярнуў;
І зрабіўшы як-бы біч з вяровак, выгнаў з сьвятыні ўсіх, так-жа авец і валоў, а грошы мяняльнікаў разсыпаў і абярнуў сталы.
і сказаў прадаючым галубоў: забярыце гэтае адгэтуль: ня рабеце Дому Бацькі Майго домам гандлю.
А тым, што прадавалі галубы, сказаў: Вынясьце гэтае адсюль, і не рабеце дому Айца майго домам гандлярства.
І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: руплівасьць (аб) Доме Тваім праглынула Мяне (Пс. 69:10).
І ўспомнілі вучні ягоны, што ёсьць напісана: «Рупнасьць аб дом твой зьела мяне» (Пс. 68:2).
Тады адказалі жыды і сказалі Яму: які знак нам пакажаш, што гэтае робіш?
Дык адказалі жыды і сказалі яму: Які знак пакажаш нам, што гэтае робіш?
Ісус адказаў і сказаў ім: зруйнуйце Гэтае Сьвяцілішча, і Я ў тры дні адбудую Яго.
Адказаў Езус і сказаў ім: Развалеце гэту сьвятыню, і я ў тры дні пастаўлю яе.
Тады жыды сказалі: сорак шэсьць гадоў будавалася гэтая Сьвятыня, і Ты ў тры дні адбудуеш яе?
А жыды сказалі: Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, і ты ў тры дні яе паставіш?
Ён жа гаварыў пра Сьвяцілішча Цела Свайго.
А ён гаварыў аб сьвятыні цела свайго.
Калі ж Ён быў уваскрошаны зь мёртвых, прыпомнілі вучні Ягоныя, што Ён казаў ім гэтае, і паверылі Пісаньню і Слову, якое сказаў Ісус.
Дык калі ўстаў з умерлых, успомнілі вучні ягоны, што ён гэтае гаварыў, і паверылі Пісаньню і мове, якую сказаў Езус.
Калі ж Ён быў у Ярузаліме на сьвята ў Пасху, многія паверылі ў Імя Ягонае, бачучы Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў.
калі-ж ён быў у Ерузаліме на Пасху, на сьвяточны дзень, многія ўверылі ў імя яго, бачачы знакі яго, якія чыніў.
Але Сам Ісус ня давяра́ўся ім, бо Ён ведаў усіх
Сам-жа Езус не давяраў ім самога сябе, затым што ён знаў усіх,
і таму ня ме́ў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
і што ня трэба было яму, каб хто даваў пасьведчаньне аб чалавеку, бо ён ведаў, што было ў чалавеку.