Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
Калі ж давялося нам, расстаўшыся зь імі, адплыці, дык ідучы нацянькí, прыплылі (мы) да Косу, назаўтрае ж да Родасу, а адтуль да Па́тары,
І калі мы, развітаўшыся з імі, адплылі, то пайшлі наўпрост і прыйшлі ў Кос, а на другі дзень у Родас і адтуль у Патару.
і знайшоўшы карабель, які ішоў да Хвінíкі, (і) узыйшоўшы на (яго) адплылі.
І, знайшоўшы карабель, што плыў у Фінікію, мы ўзышлі на яго і адплылі.
І, убачыўшы Кіпра і пакінуўшы яго зьлева, плылí да Сірыі ды прысталі ў Тыры, бо там карабель меў пакінуць груз.
А калі паказаўся Кіпр, мы, пакінуўшы яго злева, паплылі ў Сірыю і прысталі ў Тыры, бо там карабель выгружаў груз.
І, адшукаўшы вучняў, прабылí та́мака сем дзён. Яны праз Духа гаварылі Паўлу ня ўзыходзіць да Ярузаліму.
І, знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ішоў у Іерусалім.
А як давялося нам пражыць гэныя дні, выйшаўшы, (мы) пайшлі (у дарогу), і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за места. І на бе́разе, укленчыўшы, памалíліся.
І калі мы завяршылі гэтыя дні, то выйшлі і пайшлі, і яны ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. І на беразе, схіліўшы калені і памаліўшыся,
І разьвітаўшыся паміж сабою (мы) узыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
мы развіталіся адны з аднымі і ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
Мы ж скончыўшы плаваньне ад Тыру прысталі да Пталемаіды і прывітаўшы братоў асталіся ў іх на адзін дзень.
Мы ж, скончыўшы плаванне, з Тыра прыйшлі ў Пталемаіду; і, прывітаўшы братоў, засталіся адзін дзень у іх.
Назаўтрае ж Паўла (і мы), што былí зь ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесару; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго зь сямёх, засталіся ў яго.
І, назаўтра выйшаўшы, мы, [якія былі з Паўлам], прыйшлі ў Кесарыю; і, увайшоўшы ў дом Філіпа-дабравесніка, аднаго з сямі дыяканаў, засталіся ў яго.
У яго ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
А ў гэтага чалавека былі чатыры дачкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
А як прабывалі мы (у яго) шмат дзён, прыйшоў зь Юдэі адзін прарок на ймя Агаў,
І калі мы заставаліся там цягам многіх дзён, прыйшоў з Іудзеі адзін прарок, імем Агаў.
і ўвайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: гэтак кажа Дух Сьвяты: мужчыну чый гэты пояс гэтак зьвяжуць жыды ў Ярузаліме і аддадуць у рукі паганаў.
І ён, прыйшоўшы да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе ногі і рукі, сказаў: Гэта кажа Святы Дух: «Чалавека, чый гэты пояс, гэтак звяжуць у Іерусаліме іудзеі і выдадуць у рукі язычнікаў».
Калі ж (мы) гэтае пачу́лі, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ўзыходзіў да Ярузаліму.
Калі ж мы гэта пачулі, то і мы і мясцовыя ўпрошвалі яго, каб ён не ішоў у Іерусалім.
Паўла ж адказаў: што (вы) робіце плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але і памерці ў Ярузаліму за Імя Госпада Ісуса.
Тады Павел адказаў: Што вы робіце, плачучы і раздзіраючы мне сэрца? Бо я не толькі быць звязаным, але і памерці гатовы ў Іерусаліме за імя Госпада Ісуса.
А ня пераканаўшы яго, мы супакоіліся, сказаўшы: хай станецца Воля Госпада!
І, не здолеўшы пераканаць яго, мы супакоіліся, сказаўшы: Няхай будзе воля Госпада!
Пасьля ж гэтых дзён, прыгатаваўшыся, вырушылі (мы) да Ярузаліму.
І пасля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі ў Іерусалім.
Пайшлі ж з намі і (нікаторыя) з вучняў з Кесары, прывялі да нейкага Мназона кіпрыйца, даўняга вучня, у якога маглі б мы пажыць.
І разам з намі пайшлі і некаторыя вучні з Кесарыі, ведучы нас да нейкага Мнасана, кіпрыёта, даўняга вучня, у якога меліся спыніцца.
Як жа прыйшлі мы да Ярузаліму, браты з радасьцю прынялі нас.
І калі мы прыйшлі ў Іерусалім, браты з радасцю прынялі нас.
На наступны дзень прыйшоў Паўла разам з намі да Якуба; прыйшлі і ўсе ста́ршыя.
А на другі дзень Павел разам з намі прыйшоў да Іякава; і пасходзіліся ўсе прасвітары.
І, прывітаўшы іх, падрабязна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
І, прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што Бог зрабіў між язычнікаў праз яго служэнне.
Яны ж выслухаўшы славілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў жыдоў, якія паверылі, і ўсе яны прыхільнікі Закону.
І яны, выслухаўшы, праслаўлялі Бога і сказалі яму: Бачыш, браце, колькі тысяч сярод іудзеяў уверавалі; і ўсе яны рупліўцы закона.
Але пра цябе (яны) пачулі, што адступніцтву ад Масея навучаеш усіх жыдоў, што (жывуць) між паганаў, кажучы, ня абразаць сваіх дзяцей і ня трымацца звычаяў.
І ім стала вядома пра цябе, што ты вучыш усіх іудзеяў, якія жывуць між язычнікаў, адступацца ад Маісея, кажучы, каб яны не абразалі сваіх дзяцей і не трымаліся звычаяў.
Дык што ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо пачуюць, што (ты) прыйшоў.
Дык што рабіць? Вядома, [збяруцца многія, бо] пачуюць, што ты прыйшоў.
Дык зрабі тое, што мы табе кажам: ёсьць сярод нас чатыры мужчыны, што маюць на сабе абяцаньне.
Дык зрабі тое, што мы табе кажам: у нас ёсць чатыры чалавекі, што ўзялі зарок.
Узяўшы іх, ачысьці сябе разам зь імі, вазьмі на сябе выдаткі і за іх, каб паабстрыгалі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што было расказана пра цябе, ёсьць няпраўда, але (ты) жывеш і сам пільнуючыся Закону.
Вазьмі іх і ачысціся разам з імі і аплаці іх выдаткі, каб яны абстрыглі сабе галовы, і ўсе ўведаюць, што нічога таго няма, што яны чулі пра цябе, а, наадварот, ты і сам жывеш, захоўваючы закон.
Адносна паверыўшых паганаў дык мы напісалі пастанавіўшы, каб нічога такога ім ня трымацца, акрамя як высьцерагацца ахвяраванага ідалам і крыві, і задушанага (мяса), і блудадзейства.
А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны засцерагаліся ад ахвяраванага ідалам, крыві, задушанага і распусты.
Тады Паўла, узяўшы мужчын гэных, ды назаўтрае, ачысьціўшыся зь імі, увайшоў у Сьвятыню, абвяшчаючы, што дні ачышчэньня скончаны, у той час, калі за кожнага зь іх была прынесена ахвяра.
Тады Павел, узяўшы тых людзей, на другі дзень, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню, аб’яўляючы заканчэнне дзён ачышчэння, пасля чаго за кожнага з іх будзе прынесена ахвяра.
Як жа меліся скончыцца сем дзён, жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў Сьвятыні, падбура́лі ўвесь народ і узлажылі на яго ру́кі,
Калі ж сем дзён канчаліся, іудзеі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, прывялі ў сумятню ўвесь натоўп і наклалі на яго рукі,
крычучы: мужчыны ізраэляны, памажыця! Гэты чалавек, які ўсіх усюды навучае супроць народу і Закону і мейсца гэтага; ды яшчэ і грэкаў увёў у Сьвятыню ды апаганіў гэтае мейсца сьвятое —
крычачы: Мужы ізраільскія, дапамажыце! Гэты чалавек, які ўсіх і ўсюды вучыць супроць народу, і закона, і гэтага месца; а яшчэ ён і элінаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца.
бо перад гэтым яны бачылі зь ім у месту Трахіма эхвесца дый думалі, што Паўла ўвёў яго ў Сьвятыню —.
Бо яны перад тым бачылі з ім у горадзе Трафіма, эфесяніна, якога, як яны думалі, Павел увёў у святыню.
Усё места ўзварушылася, і пазьбягаўся народ. І, схапіўшы Паўлу, цягнулі яго вон са Сьвятыні, ды ўраз дзьверы былі зачынены.
І ўвесь горад узрушыўся, і збегся народ; і, схапіўшы Паўла, яны пацягнулі яго прэч са святыні і адразу ж замкнулі дзверы.
Калі ж хацелі яго забіць, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўзбураны ўвесь Ярузалім.
І калі яны хацелі забіць яго, да тысячаначальніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Іерусалім у сумятні.
(Дык) ён ураз жа, узяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі зьбіваць Паўлу.
І ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, бягом спусціўся да іх; і яны, убачыўшы тысячаначальніка і воінаў, перасталі біць Паўла.
Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў?
Тады тысячаначальнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі; і пытаўся, хто ён і што ён зрабіў.
У натоўпе ж крычалі кожны нешта сваё. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум даведацца (нешта) пэўнае, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
І адны ў натоўпе выкрыквалі адно, другія — другое. Калі ж ён не змог з-за сумятні даведацца нічога пэўнага, загадаў завесці яго ў крэпасць.
Калі ж апынуўся ля ўсходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля напору натоўпу,
І калі Павел апынуўся на прыступках, выйшла так, што яго неслі воіны з-за напору натоўпу;
бо вялікая грамада народу ішла сьледам, крычучы: забí яго!
бо мноства народу ішло ўслед і крычала: Забі яго!
Перад уваходам у крэпасьць Паўла кажа тысячніку: ці можна мне нешта сказаць табе? Той жа сказаў: (ты) умееш пагрэцку?
І калі меліся ўвесці яго ў крэпасць, Павел кажа тысячаначальніку: Ці можна мне штосьці сказаць табе? — Ён жа спытаўся: Ты ведаеш грэцкую мову?
Дык ты ці ня той ягіпцянін, што перад гэтымі днямі ўзбунтаваў і вывеў у пустэльню чатыры тысячы мужчынаў забойцаў?
Дык ты не той егіпцянін, які некалькі дзён назад падняў паўстанне і вывеў у пустэльню чатыры тысячы чалавек кінжальшчыкаў?
Паўла ж сказаў: я жыд із Тарсу, грамадзянíн значнага места ў Кілікі. Прашу ж цябе, дазволь мне прамовіць да народу.
Павел жа сказаў: Я іудзей, тарсянін, з Кілікіі, грамадзянін немалаважнага горада, і я прашу цябе: дазволь мне прамовіць да народу.
Калі ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, даў знак рукою да народу. Як жа сталася вялікая цішыня, прамовіў у жыдоўскай мове, кажучы:
І калі той дазволіў яму, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукою. І калі настала поўная ціша, ён звярнуўся да іх на яўрэйскай мове, кажучы: