Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Ня судзіце, каб і вам ня быць засуджанымі.
 
Ня судзеце, каб ня былі суджаны.

Бо якім судом судзіце, (такім і) будзеце суджаны. І якою меркаю мераеце, гэткай і вам будзе адмерана.
 
Бо якім судом судзіце, такім і вас будуць судзіць, і якою меркаю мераеце, такою адмераюць і вам.

І што ты выглядаеш парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня адчуваеш?
 
І што ты ўглядаежся на шчэпку ў воку брата твайго, а палена ў сваім воку не адчуваеш?

Альбо як скажаш брату твайму: дай, я выму парушынку з вока твайго; а вось у тваім воку бервяно?
 
Або, як скажаш брату свайму: — дай я выйму шчэпку з вока твайго, а вось у тваім воку палена.

Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока твайго і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
 
Крывадушнік! Выкінь перш палена з вока твайго, а тады пабачыш, як дастаць шчэпку з вока брата твайго.

Ня давайце сьвятога сабакам і ня кíдайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб ня патапталі іх нагамі сваімі, і адвярнуўшыся, ня разарвалі вас.
 
Не давайце сьвятога псом, і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі ды, абярнуўшыся, не разарвалі вас.

Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і будзе вам адчынена.
 
Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам.

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму будзе адчынена.
 
Бо кажны, хто просіць — атрымоўвае; і хто шукае — знайходзіць, і хто стукае, таму адчыняюць.

Ці ёсьць сярод вас які чалавек, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, то падасьць яму камень?
 
Або, ці ёсьць між вамі такі чалавек, у каго сын папрасіў-бы хлеба, а ён даў-бы яму камень?

І калі папросіць рыбы, то падасьць яму зьмяю?
 
А калі папрасіў-бы рыбы, даў-бы яму зьмяю?

Дык вось, калі вы, будучы благімі, умееце даваць дары добрыя дзецям вашым, тым больш Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах, дасьць даброты тым, хто папросіць у Яго.
 
От-жа, калі вы, самі благія, умееце абдорваць добрым дзяцей вашых, тым болей Айцец ваш Нябесны абдорыць добрым тых, хто просіць у Яго.

Пагэтаму заўсёды, як хочаце, каб людзі ставіліся да вас, так і вы стаўцеся да іх. Бо ў гэтым ёсьць (сэнс) Закону і Прарокаў.
 
Гэтак да ўсяго: як вы хочаце, каб з вамі людзі абыходзіліся, так так абыйходзьцеся і вы з імі, бо ў гэтым закон і прарокі.

Уваходзьце цераз уваход вузкі, бо шырокі ўваход і вольны той шлях, які вядзе да загубы, і многія ідуць па ім;
 
Увайходзьце праз вузкія вароты, бо шырокія вароты, і шырокі той шлях, што вядуць да загібелі, і шматлікія прайходзяць імі.

бо вузкі ўваход і цесны той шлях, які вядзе ў жыцьцё, і нямногія знаходзяць яго.
 
Як-жа вузкія вароты і цесны шлях, якія вядуць у жыцьцё, і мала такіх, якія знайходзяць іх.

Дык асьцерагайцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым выглядзе, а ўнутры (яны) ваўкі драпежныя.
 
Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыйходзяць да вас у авечай скуры, нутро-ж у іх — ваўкоў драпежных.

Па пладох іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
 
Па плёнах іхных пазнаеце іх; ці-ж зьбіраюць зь цярніны вінаград, ці з рапаку смоквы?

Гэтак, усякае дрэва добрае прыносіць плады добрыя, а пашкоджанае дрэва прыносіць плады благія.
 
Гэтак, усякае дрэва добрае дае плёны добрыя; благое-ж дрэва дае плёны благія.

Ня можа дрэва добрае прыносіць плады благія, а дрэва сапсаванае — прыносіць плады добрыя.
 
Ня можа добрае дрэва выдаць ліхія плёны, як ня можа дрэнная дрэва выдаць плёны добрыя.

Усякае дрэва, якое ня прыносіць плоду добрага, сьсякаюць і кіда́юць у вагонь.
 
Усякае дрэва, якое не выдае добрага плёну, высякаюць і кідаюць у агонь.

Дык вось, па пладох іхніх пазнаеце іх.
 
Дык па плёнах іхных пазнаеце іх.

Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе! увойдзе ў Валадарства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) у Нябёсах.
 
Ня ўсякі, хто кажа мне — Госпадзе, Госпадзе! — увойдзе ў Уладарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго Нябеснага.

Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе! Госпадзе! ці ня Тваім Імем (мы) прарочылі? і ці ня Тваім Імем (мы) выганялі дэманаў, і ці ня Тваім Імем (мы) многія цуды ўчынялі?
 
Многія скажуць Мне ў той дзень: — Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя прарочылі мы? І ці не Тваім імем выганялі злыдухаў, і ці не Тваім імем шмат цудаў тварылі?

І тады абвяшчу ім: (Я) ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне (вы), што чыніце бяззаконьне.
 
І тады скажу ім: — Я ніколі ня знаў вас, адступецеся ад Мяне, спраўцы беззаконьня.

Дык вось, кожнага, хто слухае Словы Мае гэтыя і выконвае іх, прыпадоблю яго да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені.
 
Вось-жа, кажнага, хто слухае словы Мае гэтыя і выпаўняе іх, прыпадобню да чалавека мудрага, які збудаваў дом свой на камені.

І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені.
 
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наляглі на дом той, і ён не заваліўся, бо пастаўлены быў на камені.

А ўсякі, хто слухае Словы Мае гэтыя і ня выконвае іх, прыпадоблены будзе чалавеку няразумному, які пабудаваў дом свой на пяску;
 
Усякі-ж той, хто слухае словы Мае і не выпаўняе іх, прыпадабніцца да чалавека бесталковага, які пабудаваў дом свой на пяску.

і пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той, і ён заваліўся, і было падзеньне ягонае вялікае.
 
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і ўсхадзіліся вятры, і наваліліся на дом той, і ён заваліўся, і вялікая была руіна яго.

І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, людзі дзівіліся вучэньню Ягонаму:
 
І калі кончыў Ісус гэтыя словы, народ дзіваваўся з навукі Ягонае.

бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а ня як кніжнікі.
 
Бо вучыў іх, як Уладарны, і ня так, як кніжнікі і фарысеі.