Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню дзеля спакушэньня ад д’ябла.
 

І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце згаладаўся.
 

І, падступіўшыся да Яго, спакусьнік сказаў: калі Ты Сын Бога, скажы, каб каменьні гэтыя зрабіліся хле́бамі.
 

Ён жа, адказаўшы, сказаў: напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з Вуснаў Бога.
 

Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і стаўляе Яго на крыле Сьвятыні,
 

і кажа Яму: калі Ты Сын Бога, кінься ўніз, бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю».
 

Ісус сказаў яму: зноў жа напісана: ня спакушай Госпада Бога твайго.
 

Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іхнюю.
 

І кажа Яму: усё гэтае дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне.
 

Тады кажа яму Ісус: адыйдзі шатан, бо напісана: Госпаду, Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы.
 

Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, Ангелы прыступіліся і служылі Яму,
 

Дачуўшыся ж, што Яан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
 

І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоўшы асеў у Капэрнавуме прыморскім у межах Забулона і Нехталіма,
 

каб збылося ска́занае праз Прарока Гісаю, які кажа:
 

зямля Забулонава і зямля Нехталімава — дарога прыморская на тым баку Ярдану, Галілея паганская.
 

Народ, які сядзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, хто сядзіць у краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла ім.
 

З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў.
 

Праходзячы ж каля мора Галілейскага Ісус убачыў двух братоў, Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідваюць сеткі ў мора, бо яны былі рыбакі.
 

І кажа ім: ідзіце за Мною, і (Я) зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
 

І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
 

І адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў (Ён) іншых двух братоў, Якуба Завядзеявага і Яана, брата ягонага, у чаўне з Завядзеям, бацькам іхным, праўлючых сеткі свае, і паклікаў іх.
 

І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
 

І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства (Бога) ды аздараўляючы ад усякай хваробы і ўсякай немачы людзей.
 

І прайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі, і прывялі да Яго ўсіх нямоглых, ахопленых рознымі хваробамі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спаралізаваных, і (Ён) аздаравіў іх.
 

І пайшлі за Ім мноствы народу з Галілеі і з Дзесяцігародзьдзя, і зь Ярузаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.