Да Габрэяў 12 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Таму і мы, маючы вакол сябе гэткае воблака сьведкаў, скінуўшы зь сябе ўсялякі цяжар і грэх, які пастаянна налягае на нас, будзем зь цярпеньнем праходзіць шлях барацьбы, які ляжыць перад намі,
 

гледзячы на Заснавальніка і Спраўцу веры — Ісуса, Які замест радасьці, якая (паводля справядлівасьці) прыналежала Яму, перацярпеў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў праваруч Пасаду Бога.
 

Дык падумайце пра Перацярпеўшага над Сабою гэткі зьдзек ад грэшнікаў, каб вы ня зьнямагліся, аслабеўшы душамі вашымі.
 

Вы яшчэ ня да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
 

і забыліся пра навучаньне, якое да вас, як да сыноў, гаворыць: «Сын мой! ня грэбуй пакараньнем ад Госпада і ня журыся, калі Ён цябе дакарае.
 

Бо каго Госпад любіць, таго карае; б’е ж усякага сына, якога прыймае».
 

Калі вы церпіце пакараньне, то Бог абыходзіцца з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць гэткі сын, якога б ня караў бацька?
 

Калі ж застаецеся бяз пакараньня, якому падлягаюць усе (дзеці), то вы байструкі, а ня дзеці.
 

Дык калі мы мелі ба́цькаў па целу, якія каралі нас, і мы баяліся іх, дык ці ні шмат больш мы павінны карыцца Ба́цьку духаў і жыць?
 

Бо тыя каралі нас на кароткі час і як ім здавалася правільным; а Гэты — на карысьць, каб быць нам удзельнікамі ў сьвятасьці Ягонай.
 

Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а сумам; але пасьля навучаным празь яго (пакараньне) прыносіць мірны плод праведнасьці.
 

Дык выпрастайце апушчаныя рукі і стомленыя калені
 

і хадзіце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, але лепш, каб было аздароўлена.
 

Імкніцеся мець мір са ўсімі і сьвятасьць, бяз якой ніхто ня ўбачыць Госпада,
 

назіраючы, каб хто ня згубíў Багадаці Бога; каб які горкі корань праросшы ня нарабіў шкоды, і каб празь яго ня былі апаганеныя многія,
 

каб ня было сярод вас якога блудадзея альбо бязбожніка, як Гісаў, які за адну ежу аддаў права першародства свайго.
 

Бо ведаеце, што і пасьля таго, жадаючы ўспадкаваць багаславеньне, ён быў адхілены; бо ня ўбачыў свайго злачынства (адрачэньня) і ня пакаяўся, а багаславеньня прасіў са сьлязьмі.
 

Бо вы прыступіліся ня да гары нядатыкальнай і агнём палаючай, ані да цемры і змроку, і буры,
 

ані да гуку трубнага і голасу словаў, пра які пачуўшыя прасілі, каб слова (гэта) да іх ня было падоўжана:
 

таму што яны ня маглі вытрываць таго, што было зага́дана: нават калі зьвер дакранецца да гэтай гары, дык будзе ўкаменаваны, альбо працяты стралой.
 

І гэткае ву́сьцішнае было гэта зьявішча, што нават Масей сказаў: «Я ў страху і ў трымценьні».
 

Але вы падступіліся да гары Сыёну і да места Бога Жывога, да Ярузаліму Нябеснага і да мірыядаў Ангелаў,
 

да ўрачыстага збору і царквы першародных, якія запісаны ў Нябёсах, і да Бога — Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведнікаў, якія прыведзены да дасканаласьці,
 

і да Пасярэдніка Новага Запавету — Ісуса, і да Крыві крапленьня, якая гаворыць лепш, чым Абелева.
 

Глядзіце, ня адвярніцеся ад Таго, Хто гаворыць; бо калі тыя ня пазьбеглі пакараньня на зямлі, ня паслухаўшы папяраджаючага, то тым больш (ня пазьбегнем) мы, калі адвернемся ад Таго, Хто зь Нябёсаў,
 

Чый голас тады пахістаў зямлю, а цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ аднойчы Я страсяну ня толькі зямлю, але і неба».
 

А словы: «яшчэ раз» паказваюць на зьмяненьне таго, што устрасаема, як сатворанага, каб прабывала тое, што няпахіснае.
 

Дык мы, прымаючы Валадарства няпахіснае, зьберагайма Багадаць, празь якую служыцімем Богу, як Яму заўгодна, з багавейнасьцю і страхам,
 

таму што Бог наш ёсьць агонь усёзьнішчальны.