Лукаша 24 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Праваслаўнай Царквы
У першы ж дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя духмянасьці, прыйшлі (яны) да магілы, і разам зь імі нікаторыя (другія);
А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы́ падрыхтава́ныя духмя́насці, яны прыйшлí да магілы, і іншыя з імі;
але знайшлі, што камень адвалены ад магілы.
але знайшлі, што ка́мень адва́лены ад магілы,
І, увайшоўшы, ня знайшлі Цела Госпада Ісуса.
і, увайшо́ўшы, не знайшлі це́ла Госпада Іісуса.
І сталася, як яны былі зьбянтэжанымі гэтым, і вось, двое мужчын у бліскучых вопратках сталі перад імі.
І ста́лася: калі яны былí ў недаўме́нні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы́ ў бліску́чым адзе́нні.
І калі яны спалохаліся, і нахілілі абліччы да зямлі, (тыя) сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
Калі ж яны спалохаліся і схілíлі тва́ры да зямлі, тыя сказалі ім: што́ вы шука́еце жывога сярод мёртвых?
Яго няма тут, бо Ён уваскрэшаны. Успомніце, як Ён гаварыў вам, будучы яшчэ ў Галілеі,
Яго няма тут, Ён уваскрэс; успо́мніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць аддадзены ў рукі людзей грэшных і ўкрыжаваны, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
ка́жучы, што Сын Чалавечы ма́е быць адда́дзены ў ру́кі людзей грэшных, і быць распя́ты, і на трэці дзень ўваскрэ́снуць.
І ўспомнілі яны Словы Ягоныя.
І ўспомнілі яны словы Яго,
І, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі аб гэтым усіх адзінаццацёх і ўсіх астатніх.
і, вярну́ўшыся ад магілы, паве́дамілі ўсё гэта адзіна́ццаці і ўсім іншым.
Былі ж (гэта) Марыля Магдаліна і Яана, і Марыля Якубава і другія разам зь імі, каторыя расказалі аб гэтым Апосталам.
Былí ж гэта Магдалíна Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
І здаліся ім словы іхныя пустымі, і ня верылі ім.
І здалíся ім пусты́мі сло́вы гэтыя, і не паве́рылі ім.
Але Пётра, устаўшы, прыбег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць толькі ільняныя палотны, і пайшоў назад, зьдзіўляючыся сам у сабе са стаўшагася.
Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахілíўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся.
І вось у той жа дзень двое зь іх ішлі ў сяло, якое знаходзілася ў стадыях шасьцідзясяці ад Ярузаліму і называлася Эмаус.
І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях у шасцíдзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с;
І яны размаўлялі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
І сталася, як яны гутарылі ды разважалі між сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў разам зь імі.
І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблíзіўшыся, пайшоў з імі,
Але вочы іх былі стрымліваемы, дык ня пазналі Яго.
але вочы іх былí стры́маны, так што яны не пазналі Яго.
(Ён) жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою, і чаго вы (такія) засмучоныя?
Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя?
І, адказаўшы, адзін (зь іх), катораму імя Кляопа, сказаў Яму: Ты адзін з вандруючых у Ярузаліме і ня ведаў, што адбылося ў ім у гэтыя дні?
У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзíны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дні?
І сказаў ім: менавіта, што? Яны ж сказалі Яму: што адбылося з Ісусам Назарэям, Каторы быў Прарокам, моцным у справе і слове перад Богам і ўсім народам.
І сказаў ім: пра што́ Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назаранíнам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам,
І як выдалі Яго нашыя архірэі і начальнікі на сьмяротны прысуд, і раскрыжавалі Яго.
і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго;
А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што мае збавіць Ізраэля; але да ўсяго гэтага вось ужо трэйці дзень праходзіць сягоньня, як гэта сталася.
а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто павíнен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася;
Але і нікаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: пабываўшы рана раніцай каля магілы,
але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы
і, ня знайшоўшы Цела Ягонага, прыйшлі (і) расказалі, (што) і зьяўленьне Ангелаў бачылі, каторыя кажуць, (што) Ён жывы;
і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́;
і пайшлі нікаторыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны сказалі, але Яго ня ўбачылі.
і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.
І тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць усяму, што прадказалі Прарокі!
І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
Ці ж ня гэтак належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсьці ў Славу Сваю?
ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
І, пачаўшы ад Масея і ад усіх Прарокаў, тлумачыў ім па ўсіх Пісаньнях, што (напісана) адносна Яго.
І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго.
І падыйшлі (яны) да таго сяла, куды ішлі; і Ён рабіў выгляд, што хоча ісьці далей;
І наблíзіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й;
але (яны) затрымалі Яго, сказаўшы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара. І Ён увайшоў, каб застацца разам зь імі.
а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
І сталася: калі Ён узьляжаў разам зь імі, узяўшы хлеб, багаславіў і, паламаўшы, падаў ім.
І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславíў і, пераламíўшы, даваў ім.
І тады сталіся адчыненымі ў іх вочы, і (яны) пазналі Яго; але Ён стаўся для іх нябачны.
І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх.
І яны сказалі адзін аднаму: ці ня гарэла ў нас сэрца нашае, калі (Ён) гаварыў да нас у дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньні?
І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне?
І, устаўшы, у той жа час вярнуліся ў Ярузалім і знайшлі сабраных разам адзінаццаць, і тых, (што былі) зь імі,
І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлí сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былí з імі,
якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрэшаны і быў з’яўлены Сымону.
якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і явíўся Сíману.
І яны расказвалі, што (сталася) у дарозе, і як Ён быў пазнаны імі ў ламаньні хлеба.
А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба.
Калі ж яны пра гэта гаварылі, Сам Ісус стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасяро́д іх і сказаў: мір вам.
Яны ж спалоханыя і ў жаху падумалі, (што) бачаць духа.
Яны ж, суме́ўшыся і спало́хаўшыся, думалі, што бачаць духа;
А Ён сказаў ім: чаму вы зьбянтэжаныя і чаму (такія) думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэ́жаныя і чаму сумне́нні ўвахо́дзяць у сэ́рцы вашы?
Паглядзіце на Рукі Мае і на Ногі Мае, бо (гэта) Сам Я Ёсьць; абмацайце Мяне і разгледзьце, бо дух цела і касьцей ня мае, што, як бачыце маю Я.
паглядзíце на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; дакранíцеся да Мяне і паглядзíце: дух не ма́е пло́ці і касце́й, што, як бачыце, Я ма́ю.
І, сказаўшы гэтае, паказаў ім Рукі і Ногі.
І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і ногі.
Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, (Ён) сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая ежа?
Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўля́ліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
І яны падалі Яму кавалак печанай рыбы і трохі сотавага мёду.
Яны ж падалí Яму кавалак пе́чанай рыбы і мёду ў сотах.
І, узяўшы, перад імі з’еў.
І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
І сказаў ім: вось тыя словы, якія (Я) сказаў вам, калі яшчэ быў з вамі: павінна споўніцца ўсё напісанае ў Законе Масея і ў Прарокаў, і ў Псальмах пра Мяне.
і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзе́йсніцца ўсё, напíсанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалма́х пра Мяне.
Тады расчыніў ім розум дзеля разуменьня Пісаньняў.
Тады Ён адкрыў ім розум для разуме́ння Пісанняў
І сказаў ім: так напісана і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень.
і сказаў ім: так напíсана і так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўваскрэ́снуць з мёртвых на трэці дзень,
І быць прапаведаным у Імя Ягонае пакаяньню ды дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачаўшы ад Ярузаліму.
і каб было прапаве́дана ў імя́ Яго пакая́нне і адпушчэ́нне грахоў ва ўсіх народах, пачына́ючы з Іерусаліма;
Вы ж ёсьць сьведкі гэтага.
вы ж све́дкі гэтага;
І вось Я пасылаю абяцанае Бацькам Маім, на вас; вы ж застаньцеся ў месту Ярузаліме, пакуль ня будзеце прасякнуты сілаю з Вышыні.
і вось Я пашлю́ абяца́нае Айцом Маім на вас; а вы застава́йцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апра́нецеся сілаю з вышынí.
І вывеў іх да Бітані, і, падняўшы Рукі Свае, багаславіў іх.
І Ён вы́веў іх да Віфа́ніі і, узня́ўшы ру́кі Свае, благаславíў іх.
І сталася: як Ён багаслаўляў іх аддаліўся ад іх і (стаў) узносіцца на Неба.
І ста́лася: калі Ён благаслаўля́ў іх, то пачаў аддаля́цца ад іх і ўзно́сіцца на неба.
І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ярузалім зь вялікаю радасьцю.
І яны пакланíліся Яму і вярну́ліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,
І былі ўсьцяж у Сьвятыні, хвалячы і багаслаўлючы Бога. Амін.
і былí заўсёды ў храме, хва́лячы і благаслаўля́ючы Бога. Амінь.