Яна 21 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пасьля гэтага ізноў зьявіў Сябе Ісус вучням (Сваім) ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіў (Сябе) вось як:
 
Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так:

былі разам Сымон Пётра і Хама, што завецца Блізьнюк, і Натанайла з Каны Галілейскай, і (сыны) Завядзея, і двое другіх з вучняў Ягоных.
 
былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных.

Сымон Пётра кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзем і мы з табою. Выйшлі і зараз увайшлі ў човен, і ня злавілі ў тую ноч нічога.
 
Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога.

Калі ж ужо настала раніца, Ісус стаяў на беразе, але вучні ня пазна́лі, што гэта Ісус.
 
А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус.

Тады Ісус кажа ім: дзеці! (ці) ня ма́еце якой-небудзь ядо́міны? Яны адказалі Яму: не.
 
Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма.

Ён жа сказаў ім: закіньце сетку па правы бок чаўна, і зловіце. Пагэтаму яны закінулі, ды ўжо ад мноства рыбы ня маглí яе выцягнуць.
 
А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы.

Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: Ён — Госпад. Сымон жа Пётра, пачуўшы, што Ён — Госпад, падпераза́ўся верхнім адзеньнем, бо быў у споднім, і кінуўся ў мора;
 
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, — бо ён быў голы, — і кінуўся ў мора;

а другія вучні прыплылі ў невялíкай лодцы, — бо ня далёка былі ад зямлí, але локцяў каля дзьвесьце, — цягнучы сетку з рыбай.
 
а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, — бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, — цягнучы нерат з рыбаю.

Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць распаленае вугольле і рыбу, (што) ляжыць (на ім) і хлеб.
 
А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб.

Ісус кажа ім: прынясіце з тае рыбы, што вы цяпер злавілі.
 
Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі.

Сымон Пётра пайшоў і выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікіх рыбаў; (іх было) сто пяцьдзесят тры, і (ад) гэткага мноства сетка ня прарва́лася.
 
Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка.

Ісус кажа ім: ідзіце, сьнедайце. (З) вучняў жа ніхто ня адва́жыўся папытацца (ў) Яго: хто — Ты? ведаючы, што Ён ёсьць Госпад.
 
Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь.

Ісус жа прыходзіць і бярэ хлеб, і дае ім; таксама й рыбу.
 
Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу.

Гэта ўжо трэйці раз Ісус зьявіў Сябе Сваім вучням уваскрошаны зь мёртвых.
 
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.

Калі ж яны пасьнедалі, Ісус кажа Сымону Пётру: Сымон Ёнін, (ці) любіш ты Мяне больш, чым яны? (Пётра) кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. (Ісус) кажа яму: пасі ягняты Мае.
 
І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае.

Яшчэ кажа яму другі раз: Сымон Ёнін! (ці) любіш ты Мяне? (Пётра) кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. (Ісус) кажа яму: пасі авечкі Мае.
 
Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае.

Кажа яму трэйці раз: Сымон Ёнін! (ці) любіш ты Мяне? Пётра засмуціўся, што трэйці раз сказаў яму: (ці) любіш ты Мяне? і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе! Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае!
 
Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае;

Праўду, Праўду кажу табе: калі ты быў малады, (дык) падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як (ты) састарэеш, (то) выцягнеш рукі твае, і іншы цябе́ падперажэ і павядзе́, куды ня схо́чаш.
 
праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш.

Гэтае ж Ён сказаў, паказуючы, якой сьмерцяй (Пётра) уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: ідзі за Мною.
 
А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.

Пётра ж, аглянуўшыся, бачыць ідучага за (ім) вучня, якога любіў Ісус, ды які на вячэры прыпаў да грудзёў Ягоных і сказаў: Госпадзе! хто ён, што прадае Цябе?
 
А Пётр, абярнуўшыся, бачыць — за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі Яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто Цябе прадасьць?

Убачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?
 
Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што?

Ісус кажа яму: калі Я хачу яго пакінуць, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты йдзі за Мною!
 
Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною.

Дык пране́слася гэтае слова між братоў, што вучань гэны ня памрэ. Але Ісус ня сказа́ў яму, што (ён) ня памрэ, але: калі Я хачу яго пакінуць, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага?
 
І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?

Гэты ёсьць той вучань, які сьведчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І (мы) ведаем, што сьвядо́цтва яго́нае — праўдзівае.
 
Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае.

Таксама ёсьць і шмат іншага, што ўчыніў Ісус, якое, калі б было напісана пачаргова, (дык) я думаю, нават самому сьвету ня зьмясьцíць бы напісаных кнігаў. Амін.
 
Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.