Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ж давялося нам, расстаўшыся зь імі, адплыці, дык ідучы нацянькí, прыплылі (мы) да Косу, назаўтрае ж да Родасу, а адтуль да Па́тары,
Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару;
і знайшоўшы карабель, які ішоў да Хвінíкі, (і) узыйшоўшы на (яго) адплылі.
і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі.
І, убачыўшы Кіпра і пакінуўшы яго зьлева, плылí да Сірыі ды прысталі ў Тыры, бо там карабель меў пакінуць груз.
Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля;
І, адшукаўшы вучняў, прабылí та́мака сем дзён. Яны праз Духа гаварылі Паўлу ня ўзыходзіць да Ярузаліму.
і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім.
А як давялося нам пражыць гэныя дні, выйшаўшы, (мы) пайшлі (у дарогу), і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за места. І на бе́разе, укленчыўшы, памалíліся.
Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся.
І разьвітаўшыся паміж сабою (мы) узыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
Мы ж скончыўшы плаваньне ад Тыру прысталі да Пталемаіды і прывітаўшы братоў асталіся ў іх на адзін дзень.
А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.
Назаўтрае ж Паўла (і мы), што былí зь ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесару; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго зь сямёх, засталіся ў яго.
А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго.
У яго ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.
А як прабывалі мы (у яго) шмат дзён, прыйшоў зь Юдэі адзін прарок на ймя Агаў,
Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,
і ўвайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: гэтак кажа Дух Сьвяты: мужчыну чый гэты пояс гэтак зьвяжуць жыды ў Ярузаліме і аддадуць у рукі паганаў.
і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.
Калі ж (мы) гэтае пачу́лі, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ўзыходзіў да Ярузаліму.
Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.
Паўла ж адказаў: што (вы) робіце плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але і памерці ў Ярузаліму за Імя Госпада Ісуса.
Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.
А ня пераканаўшы яго, мы супакоіліся, сказаўшы: хай станецца Воля Госпада!
А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!
Пасьля ж гэтых дзён, прыгатаваўшыся, вырушылі (мы) да Ярузаліму.
Пасьля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;
Пайшлі ж з намі і (нікаторыя) з вучняў з Кесары, прывялі да нейкага Мназона кіпрыйца, даўняга вучня, у якога маглі б мы пажыць.
з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.
Як жа прыйшлі мы да Ярузаліму, браты з радасьцю прынялі нас.
як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.
На наступны дзень прыйшоў Паўла разам з намі да Якуба; прыйшлі і ўсе ста́ршыя.
На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.
І, прывітаўшы іх, падрабязна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.
Яны ж выслухаўшы славілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў жыдоў, якія паверылі, і ўсе яны прыхільнікі Закону.
А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны — шчырыя слугі закона;
Але пра цябе (яны) пачулі, што адступніцтву ад Масея навучаеш усіх жыдоў, што (жывуць) між паганаў, кажучы, ня абразаць сваіх дзяцей і ня трымацца звычаяў.
а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.
Дык што ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо пачуюць, што (ты) прыйшоў.
Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
Дык зрабі тое, што мы табе кажам: ёсьць сярод нас чатыры мужчыны, што маюць на сабе абяцаньне.
Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.
Узяўшы іх, ачысьці сябе разам зь імі, вазьмі на сябе выдаткі і за іх, каб паабстрыгалі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што было расказана пра цябе, ёсьць няпраўда, але (ты) жывеш і сам пільнуючыся Закону.
Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, — і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.
Адносна паверыўшых паганаў дык мы напісалі пастанавіўшы, каб нічога такога ім ня трымацца, акрамя як высьцерагацца ахвяраванага ідалам і крыві, і задушанага (мяса), і блудадзейства.
А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.
Тады Паўла, узяўшы мужчын гэных, ды назаўтрае, ачысьціўшыся зь імі, увайшоў у Сьвятыню, абвяшчаючы, што дні ачышчэньня скончаны, у той час, калі за кожнага зь іх была прынесена ахвяра.
Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.
Як жа меліся скончыцца сем дзён, жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў Сьвятыні, падбура́лі ўвесь народ і узлажылі на яго ру́кі,
Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,
крычучы: мужчыны ізраэляны, памажыця! Гэты чалавек, які ўсіх усюды навучае супроць народу і Закону і мейсца гэтага; ды яшчэ і грэкаў увёў у Сьвятыню ды апаганіў гэтае мейсца сьвятое —
закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.
бо перад гэтым яны бачылі зь ім у месту Трахіма эхвесца дый думалі, што Паўла ўвёў яго ў Сьвятыню —.
Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.
Усё места ўзварушылася, і пазьбягаўся народ. І, схапіўшы Паўлу, цягнулі яго вон са Сьвятыні, ды ўраз дзьверы былі зачынены.
Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.
Калі ж хацелі яго забіць, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўзбураны ўвесь Ярузалім.
Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;
(Дык) ён ураз жа, узяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі зьбіваць Паўлу.
ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;
Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў?
тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?
У натоўпе ж крычалі кожны нешта сваё. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум даведацца (нешта) пэўнае, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
Калі ж апынуўся ля ўсходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля напору натоўпу,
А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;
бо вялікая грамада народу ішла сьледам, крычучы: забí яго!
бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!
Перад уваходам у крэпасьць Паўла кажа тысячніку: ці можна мне нешта сказаць табе? Той жа сказаў: (ты) умееш пагрэцку?
Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-Грэцку?
Дык ты ці ня той ягіпцянін, што перад гэтымі днямі ўзбунтаваў і вывеў у пустэльню чатыры тысячы мужчынаў забойцаў?
Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?
Паўла ж сказаў: я жыд із Тарсу, грамадзянíн значнага места ў Кілікі. Прашу ж цябе, дазволь мне прамовіць да народу.
А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.
Калі ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, даў знак рукою да народу. Як жа сталася вялікая цішыня, прамовіў у жыдоўскай мове, кажучы:
І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-Габрэйску так: