Да Габрэяў 2 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі
Таму нам ніабходна быць асабліва ўважлівымі да пачутага, каб ня адпасьці.
Таму мы павінны быць асабліва ўважлівыя да чутага, каб не адпасьці,
Бо калі праз Ангелаў ска́занае слова было цьвёрдым, а ўсякае парушэньне і няпаслухмянства атрымала справядлівую адплату,
бо, калі праз анёлаў абвешчанае слова было цьвёрдае, і ўсякі пярэступ і непаслухмянасьць мелі справядлівую адплату,
дык як пазьбегнем мы, якія занядбалі гэткае вялікае выратаваньне, якое спачатку было абвешчана Госпадам, і ў нас умацавана тымі, што пачулі ад Яго,
дык як мы ўнікнем, занядбаўшы такое вялікае выратаваньне, якое, спачатку абвешчанае Госпадам, было ў нас умацавана тымі, якія чулі ад Яго,
пры сьведчаньні Богам зна́камі і цудамі і рознымі сіламі, і разьмеркаваньнем дароў Духам Сьвятым па Ягонай волі?
што Бог і засьведчыў азнакамі і цудамі, і рознымі сіламі, і дарамі Духа Сьвятога па волі Ягонай?
Бо ня для Ангелаў (Ён) упакорыў будучы сусьвет, пра які гаворым.
Бо не анёлам Бог упакорыў будучы сьвет, пра які гаворым;
Засьведчыў жа недзе нехта, кажучы: «Што ёсьць чалавек, што Ты па́мятаеш яго, альбо сын чалавечы, што Ты клапоцішся пра яго?
наадварот, нехта недзе засьведчыў, кажучы: «што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты наведваеш яго?
Ты на нядоўга прынíзіў яго перад Ангеламі; славаю і чэсьцю Ты ўвянчаў яго і паставіў яго панад творамі Рук Тваіх;
Ня дужа Ты ўнізіў яго перад анёламі; славаю й гонарам увянчаў яго, і паставіў яго над дзеямі рук Тваіх;
усё пакарыў Ты пад ногі ягоныя». Бо калі (гаворым, што) пакарыў яму ўсё, (гэта значыць, што) нічога ня пакінуў Ён ня пакораным яму. Але цяпер мы бачым, (што) яшчэ ня ўсё Яму было пакорана.
усё пакарыў пад ногі ягоныя». Калі ж пакарыў яму ўсё, дык не пакінуў нічога непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб яму ўсё было ўпакорана;
Але мы бачым на нядоўга ўмалёнага перад Ангеламі, — Ісуса, — увенчанага славай і чэсьцю за перанясеньне сьмерці, каб Яму паводля Багадаці Бога перанесьці сьмерць за кожнага.
але бачым, што за перанясеньне сьмерці ўвянчаны славаю і гонарам Ісус, Які крыху быў прыніжаны перад анёламі, каб Яму, па мілаце Божай, зьведаць сьмерць за ўсіх.
Бо належала Яму, праз Якога ўсё, і дзеля Якога ўсё, Які многіх сыноў прывёў у славу і праз пакуты стаўся Правадыром іхняга поўнага (і канчатковага) збаўленьня.
Бо належала, каб Той, дзеля Каго ўсё і праз Каго ўсё, многіх сыноў вядучы да славы, Пачынальніка выратаваньня іх зрабіў празь цярпеньні.
Бо і Той, Хто асьвячае, і асьвячаемыя — усе ад Аднаго, дзеля гэтага Ён ня сароміцца называць іх братамі,
Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе — ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
кажучы: «Абвяшчу Імя Тваё братам Маім, сярод царквы буду славіць гімнамі Цябе».
«абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе».
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «Вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
Гэтак сама як дзеці паходзяць (ад пэўнага) цела і крыві дык і Ён прыняў іх гэткімі (як дзяцей) каб праз сьмерць (Сваю дзеля іх) пазбавіць сілы таго хто мае сілу над сьмерцю, гэта значыць д’ябла,
А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца — д’ябла,
і вызваліць тых, якія ўсё жыцьцё былі зьняволены страхам сьмерці.
і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
Бо Ён успрыняў (на Сябе) ня прыроду Ангелаў, але прыроду насеньня Абрагама.
Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
Таму Яму належала ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Архірэем перад Богам, і каб адкупіць народ (братоў) ад грахоў.
Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
Таму Ён можа дапамагчы тым, якія пераносяць спакусы, бо Ён і Сам перацярпеў тое ж, будучы спакушаемым.
Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.