Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Дык будзьце пасьлядоўнікамі Бога, як любасныя дзеці,
 

і жывіце ў любові, як і Хрыстос узьлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, як водар прыемны.
 

А блудадзейства і ўсякая нячыстасьць ці сквапнасьць (на чужое) нават і ўспамінацца ня павінны паміж вамі, як і належыць сьвятым,
 

і няпрыстойныя паводзіны і пустаслоўе ці пахабныя жарты ня (павінны быць вам) уласьцівымі, але ле́пей падзяка.
 

Бо вы гэта ведаеце, што ўсякі блудадзей альбо нячысты, альбо хцівец, які ёсьць балванаслужка, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
 

Няхай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гнеў Бога на сыноў няпаслушэнства;
 

таму ня будзьце саўдзельнікамі іхнымі.
 

Бо вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: жывіце, як дзеці сьвятла,
 

бо плод Духа — ва ўсякай дабрыні, праведнасьці і праўдзе,
 

дасьледуйце, што заўгодна Госпаду;
 

і ня ўдзельнічайце ў бясплодных учынках цемры; але лепш і выкрывайце,
 

бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і гаварыць;
 

і ўсё выкрываемае сьвятлом робіцца бачным, — бо сьвятло робіць усё бачным.
 

Таму кажа: «той, хто сьпіць, устань і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьве́тліць цябе Хрыстос».
 

Дык глядзеце, як асьцярожна павінны вы жыць: ня як няразумныя, але як мудрыя,
 

(максімальна) выкарыстоўваючы прыдатны час, таму што дні ліхія.
 

Дзеля гэтага ня будзьце няразумнымі, але пазнавайце, якая воля Госпада.
 

І ня ўпівайцеся віном, у якім ёсьць распуста, але напаўняйцеся Духам,
 

настаўляючы саміх сябе псальмамі і гімнамі і богахвалебнымі сьпевамі, пяючы і іграючы ў сэрцах вашых Госпаду,
 

заўсёды дзякуючы за ўсё, у Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, Богу і Ба́цьку,
 

слухаючыся адзін аднаго ў страху Божым.
 

Жонкі, слухайцеся мужоў сваіх, як Госпада,
 

таму што муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — Галава царквы, і Ён ёсьць Збавіцель цела.
 

Але як царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
 

Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос узьлюбіў царкву і аддаў Сябе Самога за яе,
 

каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмываньнем вадою праз Слова (Пісаньні Божыя);
 

каб паставіць яе Сабе царквою слаўнаю, якая ня мае ні плямы, ні заганы, альбо чаго-небудзь падобнага, але каб яна была сьвятой і бяззаганнай.
 

Мужы павінны любіць сваіх жонак так, як свае целы: хто любіць сваю жонку, той любіць самога сябе.
 

Бо ніхто ніколі сваё цела ня нянавідзіў, але корміць і даглядае яго, як і Госпад — царкву,
 

таму што мы — чэлясы Цела Ягонага, ад Цела Ягонага і ад Костак Ягоных.
 

«Таму пакіне чалавек ба́цьку свайго і матку і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое (аб’яднаны) у адно цела».
 

Тайна гэтая вялікая; я ж кажу пра Хрыста і пра царкву.
 

Дык і вы: хай кожны з вас сваю жонку любіць так, як сябе; а жонка хай баіцца мужа.