Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
Глянуўшы ж (Ён) убачыў багатых, якія клалі дараваньні свае ў скарбніцу.
І глянуўшы, Ён абачыў багатых, што кідалі ў скарбонку падаркі свае;
Убачыў жа і адну бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,
Але абачыў таксама бедную ўдаву, што ўкінула ў яе два медзякі.
і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала.
І сказаў Ён: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей за ўсіх;
Бо ўсе гэтыя ад лішка свайго клалі ў дары Богу; а яна ў беднасьці сваёй палажыла ўвесь пражытак свой, які мела.
Бо ўсі тыя із бытку свайго ўкінулі на дар Богу, а яна зь нястачы свае ўкінула ўвесь пражытак, які мела».
І калі нікаторыя гаварылі пра Сьвятыню, што (яна) аздоблена дарагімі каменьнямі і дарункамі, Ён сказаў:
І як некатрыя сказалі празь сьвятыню, што яна прыбрана харошым каменьням а дарамі, Ён сказаў:
прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, ня застанецца ка́меня на ка́мені, які ня будзе зруйнаваны.
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы бачыце, не застанецца камень на каменю, каторы ня быў бы ськінены».
І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўнік! дык калі гэта будзе? і якая прымета, таго калі гэта мусіць стацца?
І папыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцелю, калі гэта будзе? і якая пазнака, калі гэта мае стацца?»
Ён жа сказаў: час наблізіўся, сьцеражыцеся, (каб вы) ня былі ўведзены ў аблуду; бо многія прыйдуць пад Імем Маім, кажучы: Я ёсьць, дык ня ідзіце ўсьлед за імі.
І сказаў Ён: «Уважайце, каб вас не зьвялі, бо шмат хто прыйдзе ў імя Мае, кажучы: "Гэта Я", і "час дабліжыўся". Не хадзіце за імі.
Калі ж пачуеце пра войны і паўстаньні, ня жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але ня адразу канец.
Як жа пачуеце праз войны а замятні, не палохайцеся, бо гэта мае стацца ўперад, але ня зараз канец».
Далей казаў ім: паўстане народ на народ, дзяржава на дзяржаву.
Тады сказаў ім: «Народ паўстане на народ, і гаспадарства на гаспадарства;
І будуць мейсцамі вялікія землятрусы, а таксама голад і пошасьці; і будуць вялікія жахі і знакі зь неба.
Будуць вялікія трасеньні зямлі ў розных месцах а галадові а ліпучкі а страшныя зьявы а вялікія знакі зь неба.
А перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, аддаючы ў сынагогі і ў вязьніцы, вядучы да каралёў і валадароў за Імя Маё.
Але наўперад накладуць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, выдаючы ў бажніцы й вязьніцы, прыводзячы да каралёў а дзяржаўцаў за імя Мае.
І станецца (гэта) дзеля сьвядоцтва вам.
Будзе ж гэта вам на сьветчаньне.
Пагэтаму пакладзіце ў сэрцы вашыя ня абдумваць загадзя, (што) адказваць.
«Затым пакладзіце ў сэрцы свае не абдумаваць загадзя абароны;
Бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня змогуць ні запярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашыя.
Бо Я вам дам вусны а мудрасьць, каторым ня будуць магчы перачыць ані працівіцца ўсі праціўнікі вашыя.
Таксама будзеце выдадзены і бацька́мі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, і (нікаторых) із вас пазабіваюць;
І вы будзеце выданы нават бацькамі а братамі а сваякамі а прыяцельмі, і заб’юць нека торых із вас;
і будзеце зьнянавіджаныя ўсімі за Імя Маё,
І будуць ненавідзіць вас усі за імя Мае.
але і волас з галавы вашай ня прападзе.
Але й волас із галавы вашае не загіне.
У цярплівасьці вашай ратуйце душы вашыя!
Цярплівай трывалкосьцяй сваёй прыдбаеце душы свае.
Калі ж убачыце Ярузалім абложаным войскамі, тады ведайце, што наблізілася спусташэньне ягонае;
«А як і абачыце Ерузалім абступлены войскам, тады ведайце, што спустошаньне яго дабліжылася.
тады тыя, хто ў Юдэі хай уцякаюць у горы; і хто ў месту, хай выходзяць зь (яго); і хто ў ваколіцах, няхай ня ўваходзяць у яго,
Тады тыя, што ў Юдэі, уцякайце ў горы; і хто ў ім, выходзь ізь яго; і хто ў ваколіцы, ня ўходзь у яго;
бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае.
Бо гэта дні помсты, каб усе напісанае выпаўнілася.
Гора ж цяжарным і кормячым грудзьмі ў тыя дні, бо будзе вялікі гвалт на зямлі і гнеў на народ гэты.
І бяда цяжарным а соячым тых дзён, бо будзе вялікая нястача на зямлі і гнеў на люд гэты.
І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць адведзены ў палон да ўсіх народаў; а Ярузалім будзе таптаны паганамі пакуль ня споўняцца часы паганаў.
І падуць ад ляза мяча, і будуць заведзены ў палон да ўсіх народаў; і Ерузалім будзе таптаны народамі, пакуль ня скончацца часы народаў.
І будуць знакі на сонцы, на месяцы і на зорках, а на зямлі туга ў народах у трывозе ад равучага і бушуючага мора,
«І будуць знакі на сонцу а месяцу а гвездах, і на зямлі трывога народаў у замятні, равеньне а хваляваньне мора.
і людзі будуць пруцянець ад страху і чаканьня таго, што прыходзіць на чалавецтва; бо сілы нябесныя захістаюцца.
Людзі будуць паміраць із страху а спадзяваньня прыходзячага на ўвесь сьвет, бо сілы нябёсныя захістаюцца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, ідучы ў хмары з сілаю і славаю вялікаю.
«І тады абачаць Сына Людзкога, у булакох ізь сілаю а славаю вялікай ідучага.
Калі ж пачне гэта дзеяцца, (то) выпрастайцеся і падніміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленьне вашае.
Як жа пачнець гэта дзеяцца, глядзіце і ўзьнімайце галавы свае, бо бліжыцца адкупленьне вашае».
І сказаў ім прыповесьць: паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
І сказаў ім прыпавесьць: «Глядзіце на фіґу а на ўсі дзервы.
калі (яны) ужо распусьціліся, бачачы (гэта), самі ведаеце, ужо блізка лета.
Як яны ўжо пукаюцца, то ведаеце самы, гледзячы на гэта, што лета блізка.
Таксама і вы, калі ўбачыце, (што) гэта збываецца, ведайце, што блізка Гаспадарства Бога.
Дык таксама, як абачыце, што гэта дзеецца, ведайце, што гаспадарства Божае блізка.
Праўду кажу вам, што ня пройдзе род гэты, як усё (гэтае) збудзецца.
Запраўды кажу вам, што ня мінець род гэты, як усе станецца.
Неба і зямля прамінуць, але Словы Мае ня прамінуць.
Неба й зямля мінуць, але словы мае а ніяк ня мінуць.
Сьцеражыцеся ж, каб сэрцы вашыя ня абцяжарыліся абжорствам і п’янствам і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той ня застаў вас няспадзявана,
Шануйцеся, каб сэрцы вашыя наагул не цяжарыліся пярэсыцьцю а п’янствам а жыцьцявымі рупатамі, і каб дзень тый не засьпеў вас якга, неўспадзеўкі;
бо ён як сіло надыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.
Бо, як пасадка, ён прыйдзе на ўсіх тых, што жывуць на відзе ўсяе зямлі.
Дык будзьце пільныя ва ўсякі час (і) маліцеся, каб спадобіцца (вам) пазбегнуць усіх тых падзей, што маюць адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.
Дык будзьце чукавыя кажнае пары, молячыся, каб вы маглі ўсьцерагчыся ад усяго таго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Людзкім».
Удзень Ён навучаў у Сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліваў.
І ўдзень Ён навучаў у сьвятыні, а ночы, выходзячы, заставаўся вонках на гары, званай Аліўнай.
І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў Сьвятыню слухаць Яго.
І ўвесь люд прыходзіў рана нараніцы да Яго, слухаць Яго.