Псалтыр 98 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Псальм. Сьпявайце Ягове песьню новую, бо Ён учыніў Цуды. Правіца Ягоная і Сьвятое Плячо Ягонае прынесьлі Яму перамогу.
 

Ягова аб’явіў Выратаваньне Ягонае. Перад вачыма паганаў Ён адкрыў Справядлівасьць Сваю.
 

Ён успомніў пра Міласэрнасьць Сваю і Вернасьць Сваю дому Ізраэляваму. Усе канцы зямлі ўбачылі Выратаваньне Бога нашага.
 

Моцна гукай да Яговы, уся зямля! Пачніце моцна радавацца! Радуйцеся ўрачыста, сьпявайце і іграйце.
 

Грайце Ягове на гарпе, на гарпе і галосным сьпевам.
 

Гукам рогаў і срэбных трубаў моцна гукайце перад Абліччам Караля, Яговы!
 

Хай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве.
 

Хай пляскаюць у далоні рэкі, і хай разам урачыста радуюцца горы
 

перад Абліччам Яговы, бо Ён ідзе судзіць зямлю: Ён будзе судзіць сусьвет па Справядлівасьці і народы па Праўдзе.