1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вітаўта Тумаша
Слова гэтае вернае: «калі хто імкнецца да япіскапства, добрай справы жадае».
Але япіскап павінен быць бяззаганным, мужам адной жонкі, разважлівым, цнатлівым, паважа́ным, гасьцінным, здатным вучыць,
ня п’яніцай, ня забіякай, ня карысьліўцам, але ціхі, ня сварлівым, ня срэбралюбцам,
каб добра кіраваў сваім домам, каб дзяцей трымаў у паслухмянасьці і ва ўсякай пашане.
Бо калі хто ня ўмее кіраваць сваім домам, як ён будзе рупіцца пра царкву Бога?
Ня (павінен быць) з нованаверненых, каб ня заганарыўся (і) ня падпаў пад асуджэньне (прыпадобнае да асуджэньня) д’ябла.
Трэба яму мець добрае сьвядоцтва і ад вонкавых, каб ня ўпасьці яму ў нараканьне і пастку д’ябла.
Дыяканы таксама павінны быць паважанымі, ня двуязычнымі, ня прагавітымі на віно, ня карысьліўцамі,
што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
Але гэткія сьпярша павінны быць выпрабаванымі, а потым, калі яны акажуцца бяздакорнымі, хай служаць.
Жанчыны таксама павінны быць бяздакорнымі, ня паклёпніцамі, разважнымі, вернымі ўва ўсім.
Дыякан павінен быць мужам адной жонкі, які добра кіруе і дзецьмі і сваім домам.
Таму што той, хто добра паслужыў, набывае сабе вышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрысьце Ісусе.
Гэта пішу табе, спадзяючыся хутка прыйсьці да цябе;
а калі я запазьнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў доме Бога, які ёсьць царква Бога Жывога — стоўп і апора праўды.
І нясумненна, у богашанаваньня ёсьць вялікая тайна: Бог зьявіўся ў целе, апраўданы ў Духу, паказаны Ангелам, абвешчаны паганам, прыняты верай у гэтым сьвеце, узьнесены ў славе.