Быццё 8 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся.
 
І ўзгадаў Бог пра Ноя і пра ўсіх зьвяроў, і пра ўсю скаціну, што былі з ім у каўчэгу, і прывёў Бог вецер на зямлю, і супакоіліся воды.

І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба.
 
І зачыніліся жаролы бездані і вокны нябесныя, і спыніўся дождж з неба.

А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзясят дзён.
 
І вярталіся воды з зямлі, сьцякаючы і вяртаючыся, і паменшалі воды па заканчэньні ста пяцідзесяці дзён.

І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх.
 
І спыніўся каўчэг у сёмы месяц, у сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарат.

Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор.
 
І воды сьцякалі і меншалі аж да дзясятага месяца, а ў дзясяты месяц, у першы дзень месяца, сталі бачныя вяршыні гораў.

Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе
 
І сталася па заканчэньні сарака дзён Ной адчыніў вакно каўчэгу, якое зрабіў.

і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады.
 
І выпусьціў ён крумкача, і той лятаў туды і сюды, і варочаўся, аж пакуль ня высахла вада на зямлі.

Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі;
 
І выпусьціў ён ад сябе галубку, каб убачыць, ці зыйшлі воды з аблічча зямлі.

але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг.
 
І не знайшла галубка месца спачынку для ног сваіх, і вярнулася да яго ў каўчэг, бо воды былі яшчэ на абліччы ўсёй зямлі. І ён выцягнуў руку сваю, і схапіў яе, і забраў да сябе ў каўчэг.

І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга.
 
І пачакаў ён яшчэ сем дзён, і зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.

Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі.
 
І вярнулася галубка да яго ўвечары, і вось, сьвежы аліўкавы лісток у дзюбе ў яе. І зразумеў Ной, што зыйшлі воды з зямлі.

Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго.
 
І пачакаў ён яшчэ іншых сем дзён, і выпусьціў галубку, і яна ўжо больш да яго не вярнулася.

На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі.
 
І сталася, у шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, што воды на зямлі павысыхалі. І Ной адкрыў дах каўчэгу, і ўбачыў, што, вось, высахла аблічча зямлі.

І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла.
 
А ў другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля абсохла.

І сказаў Бог Ною:
 
І сказаў Бог Ною, кажучы:

выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою;
 
«Выйдзі з каўчэгу ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою.

выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі.
 
Усіх зьвяроў, якія з табою з кожнага цела, як з птушак, так і са скаціны, і з усіх паўзуноў, што рухаюцца па зямлі, вывядзі з сабою. І няхай разыходзяцца яны на зямлі, няхай плодзяцца і множацца на зямлі».

І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім;
 
І выйшаў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім.

усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга.
 
Усе зьвяры, усе паўзуны, усе птушкі і ўсё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэгу.

І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік.
 
І збудаваў Ной ахвярнік ГОСПАДУ, і ўзяў з кожнай скаціны чыстай і з кожнай птушкі чыстай, і склаў іх у ахвяру цэласпаленьня на ахвярніку.

І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага — зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:
 
І адчуў ГОСПАД пах прыемны, і сказаў ГОСПАД у сэрцы Сваім: «Ня буду больш праклінаць зямлю з-за чалавека, бо настаўленьне сэрца чалавечага злое ад маладосьці яго. І больш ня буду забіваць усяго жывога, як гэта зрабіў.

наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца.
 
І яшчэ, у-ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, сьцюжа і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».