4 царстваў 21 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзясят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба.
Манаса меў дванаццаць гадоў, калі стаў валадаром, і пяцьдзясят пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хефцыба.
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА паводле агідаў народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму воінству нябеснаму, і служыў яму,
І ён вярнуў і адбудаваў узгоркі, якія быў зьнішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і пабудаваў ахвярнікі Баалу, і зрабіў Астарту, якую быў зрабіўшы Ахаў, валадар Ізраіля, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму.
і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё.
І пабудаваў ён ахвярнікі ў доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме Я зьмяшчу імя Маё».
І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга.
І пабудаваў ён ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
і правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго.
І правёў ён сына свайго праз агонь, і займаўся варажбой і чараваньнямі, і паставіў тых, што выклікаюць духаў памерлых, і варажбітоў, і шмат рабіў ён зла ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек;
І паставіў ён выяву Астарты, якую зрабіў, у Доме [Божым], пра які ГОСПАД сказаў Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У гэтым Доме і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля, Я зьмяшчу імя Маё на вякі.
і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей.
І ўжо больш ня будзе нага Ізраіля блукаць далёка ад зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі будуць яны выконваць усё тое, што Я загадаў ім, і ўвесь Закон, які даў ім Майсей, слуга Мой».
Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
Але яны ня слухалі Яго, і зьвёў іх Манаса, каб рабілі горш, чым народы, якія вынішчыў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў:
І прамаўляў ГОСПАД праз слугаў Сваіх, прарокаў, кажучы:
за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі,
«За тое, што Манаса, валадар Юды, робіць брыдоты, горшыя, чым усё, што рабілі Амарэйцы перад ім, і ўвёў у грэх нават Юду ідаламі сваімі,
за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якога хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго;
дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я навяду ліха на Ерусалім і Юду, што ў кожнага, хто пачуе [пра гэта], зазьвініць у абодвух вушах ягоных.
і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе;
І Я працягну над Ерусалімам [меральны] шнур Самарыі і грунтвагу дому Ахава, і вытру Ерусалім, як выціраецца міска, вытру і перавярну дагары дном.
і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім нязычліўцам сваім
І Я адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам іх у рукі ворагаў іхніх, і стануцца яны рабункам і здабычай усіх ворагаў іхніх.
за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і ўгневалі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня.
За тое, што яны рабілі ліхоту ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія з Эгіпту, аж па гэты дзень”».
А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх — рабіць благое ў вачах Гасподніх.
Таксама Манаса праліваў вельмі шмат крыві нявіннай, аж напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, ня лічачы грахоў, у якія ўвёў Юду, робячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
А іншыя дзеяньні Манасы, і ўсё, што ён зрабіў, і грахі ягоныя, якімі грашыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго:
І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў садзе дому свайго, у садзе Узіі. І стаў валадаром пасьля яго Амон, сын ягоны.
дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы.
Амон меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме два гады. Імя маці ягонай — Мэшулемэт, дачка Харуца з Ётбы.
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны;
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як Манаса, бацька ягоны,
і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім,
і хадзіў усімі шляхамі, якімі хадзіў бацька ягоны, і служыў ідалам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім.
і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім.
І пакінуў ён ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і не хадзіў шляхам ГОСПАДА.
І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным.
І змовіліся супраць Амона слугі ягоныя, і забілі валадара ў доме ягоным.
Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.
Але народ зямлі забіў усіх, якія былі змовіўшыся супраць валадара Амона, і паставілі сабе на валадара замест яго Ёсію, сына ягонага.
Астатняе пра Амона, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
А іншыя дзеяньні Амона, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго.
І пахавалі яго ў садзе Узіі ў магіле ягонай. І стаў валадаром пасьля яго Ёсія, сын ягоны.