Выхад 16 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І рушылі з Эліма, і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сін, што паміж Элімам і Сінаем, на пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.
 
І вырушылі з Эліму, і прыйшла ўся грамада сыноў Ізраіля ў пустыню Сін, якая паміж Элімам і Сынаем, у пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іхняга з зямлі Эгіпецкай.

І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні.
 
І наракала, і наракала ўся грамада сыноў Ізраіля на Майсея і Аарона ў пустыні.

і сказалі ім сыны Ізраілевыя: о, калі б мы сканалі ад рукі Гасподняй у зямлі Егіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў зь мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб усё супольства замарыць голадам.
 
І сказалі ім сыны Ізраіля: «Лепш бы мы памерлі ад рукі ГОСПАДА ў зямлі Эгіпецкай, калі мы сядзелі пры катлах з мясам, калі мы елі хлеб да насычэньня! Бо вы вывелі нас у гэтую пустыню, каб памерла з голаду ўся царква гэтая».

І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я пашлю вам хлеб зь неба, і хай люд выходзіць і зьбірае штодзённа, колькі трэба на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён рабіць паводле закона Майго, ці не;
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, Я спашлю вам, як дождж, хлеб з неба; і выйдзе народ, і будзе зьбіраць штодня патрэбнае на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён хадзіць паводле закону Майго, ці не.

а ў шосты дзень хай гатуюць, што прынясуць, і будзе ўдвая болей за тое, што зьбіраюць у іншыя дні.
 
І станецца ў шосты дзень, і прыгатуеце тое, што прынясуць, і будзе падвойная [мера] адносна таго, што вы зьбіралі дзень пры дні».

І сказалі Майсей і Аарон усяму супольству сыноў Ізраілевых: увечары даведаецеся вы, што Гасподзь вывеў вас зь зямлі Егіпецкай,
 
І сказаў Майсей і Аарон усім сынам Ізраіля: «[Будзе] вечар, і вы пазнаеце, што ГОСПАД вывеў вас з зямлі Эгіпецкай.

і раніцай убачыце славу Гасподнюю, бо пачуў Ён нараканьні вашыя на Госпада: а мы што такое, што наракаеце на нас?
 
А [будзе], раніца, і вы ўбачыце славу ГОСПАДА, бо Ён пачуў нараканьне вашае на ГОСПАДА; а мы, хто мы, што вы наракаеце і наракаеце на нас?»

І сказаў Майсей: даведаецеся, калі Гасподзь увечары дасьць вам мяса на ежу, а раніцай хлеба ўдосыць; бо Гасподзь пачуў нараканьні вашыя, якія вы ўзьвялі супроць Яго: а мы што? не на нас нараканьні вашыя, а на Госпада.
 
І сказаў Майсей: «[Гэта будзе], калі дасьць ГОСПАД увечары вам мяса на ежу, а раніцаю — хлеб, каб насыціцца, бо ГОСПАД пачуў нараканьне вашае, як вы наракалі на Яго. А мы, што мы? Не на нас нараканьне вашае, але на ГОСПАДА».

І сказаў Майсей Аарону: скажы ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: станьце прад абліччам Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя.
 
І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля: “Наблізьцеся перад аблічча ГОСПАДА, бо Ён пачуў нараканьне вашае”».

І калі прамаўляў Аарон да ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, дык яны азірнуліся на пустыню, і вось, слава Гасподняя зьявілася ў воблаку.
 
І сталася, калі гаварыў Аарон да ўсёй грамады сыноў Ізраіля, і яны зьвярнуліся ў бок пустыні, і вось, слава ГОСПАДА зьявілася ў воблаку.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

Я пачуў нараканьні сыноў Ізраілевых; скажы ім: увечары будзеце есьці мяса, а раніцай насыціцеся хлебам — і ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш.
 
«Я пачуў нараканьне сыноў Ізраіля. Прамоў да іх, кажучы: “Адвячоркам будзеце есьці мяса, а раніцаю насыціцеся хлебам, і пазнаеце, што Я — ГОСПАД, Бог ваш”».

Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі табар, а раніцай ляжала раса наўкола табара;
 
І сталася ўвечары, і наляцелі перапёлкі, і пакрылі табар, а раніцаю быў пласт расы вакол табару.

раса паднялася, і вось, на паверхні пустыні нешта дробнае, падобнае на крупы, дробнае, як іней на зямлі.
 
І падняўся пласт расы, і вось, на абліччы пустыні [нешта] дробнае і крупчастае, дробнае, як шэрань на зямлі.

І ўбачылі сыны Ізраілевыя і казалі адзін аднаму: што гэта? Бо ня ведалі, што гэта. І Майсей сказаў ім: гэта хлеб, які Гасподзь даў вам на ежу:
 
І ўбачылі сыны Ізраіля, і казалі адзін аднаму: «Што гэта?» Бо ня ведалі, што гэта. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які ГОСПАД даў вам есьці.

вось, што загадаў Гасподзь: зьбірайце яго кожны па столькі, колькі яму зьесьці; па гаморы на чалавека, па колькасьці душ, колькі ў каго ў намёце, зьбірайце.
 
Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД: “Зьбірайце яго кожны паводле таго, колькі яму зьесьці, па гомару на галаву, паводле ліку душаў вашых. Кожны будзе зьбіраць для тых, якія ў намёце ягоным"».

І зрабілі так сыны Ізраілевыя і сабралі, хто многа, хто мала;
 
І зрабілі так сыны Ізраіля, і сабралі хто больш, а хто менш.

і мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, ня было лішняга, і ў таго, хто мала, ня было нястачы: кожны сабраў, колькі яму зьесьці.
 
І мералі гомарам, і не было лішку ў таго, хто сабраў больш, і не было нястачы ў таго, хто [сабраў] менш. Кожны сабраў паводле таго, колькі яму зьесьці.

І сказаў ім Майсей: ніхто не пакідай гэтага да раніцы.
 
І сказаў ім Майсей: «Няхай ніхто не пакіне з яго да раніцы».

Але не паслухаліся яны Майсея, і пакінулі ад гэтага некаторыя да раніцы, — і завяліся чэрві, і яно прасьмердла. І ўгневаўся на іх Майсей.
 
І не паслухалі яны Майсея, і некаторыя пакінулі з яго да раніцы; і завяліся ў ім чэрві, і яно стала сьмярдзець. І разгневаўся на іх Майсей.

І зьбіралі яны рана раніцай, кожны колькі яму зьесьці; калі ж сагравала сонца, яно раставала.
 
І яны зьбіралі гэта раніцай пры раніцы, кожны паводле таго, колькі яму зьесьці. І калі прыпякала сонца, яно раставала.

А на шосты дзень сабралі хлеба ўдвая, па два гаморы на кожнага. І прыйшлі ўсе правадыры супольства і данесьлі Майсею.
 
І сталася ў шосты дзень, што сабралі хлеба падвойную [меру], па два гомары на аднаго [чалавека], і прыйшлі ўсе начальнікі грамады, і паведамілі Майсею.

І сказаў ім: вось, што сказаў Майсей: заўтра спакой, сьвятая субота Гасподняя, што трэба пячы, пячэце, і што трэба гатаваць, гатуйце сёньня, і што застанецца, адкладзеце і зьберажэце да раніцы.
 
І ён сказаў ім: «Гэта тое, што гаварыў ГОСПАД, заўтра супачынак, святая субота для ГОСПАДА. Што маеце пячы — пячыце, і што маеце варыць — варыце, а што застанецца, пакіньце сабе на схоў да раніцы».

І адклалі тое да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не прасьмердла, і чарвей ня было ў ім.
 
І пакінулі гэта да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не засьмярдзела, і чарвей не было ў ім.

І сказаў Майсей: ежце яго сёньня, бо сёньня субота Гасподняя: сёньня ня знойдзеце яго на полі;
 
І сказаў Майсей: «Ешце яго сёньня, бо сёньня — субота для ГОСПАДА; сёньня ня знойдзеце яго на полі.

шэсьць дзён зьбірайце яго, а ў сёмы дзень субота: ня будзе яго ў гэты дзень.
 
Шэсьць дзён будзеце зьбіраць яго; а сёмы дзень — субота, ня будзе ў ёй [гэтага]».

Але некаторыя зь людзей выйшлі ў сёмы дзень зьбіраць — і не знайшлі.
 
І сталася ў сёмы дзень, выйшлі [некаторыя] з народу зьбіраць, і не знайшлі.

І сказаў Гасподзь Майсею: ці доўга вы будзеце ўхіляцца ад выкананьня загадаў Маіх і законаў Маіх?
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Як доўга будзеце адмаўляцца захоўваць прыказаньні Мае і законы Мае?

глядзеце, Гасподзь даў вам суботу, таму Ён і дае ў шосты дзень хлеба на два дні: заставайцеся кожны ў сябе, ніхто ня выходзь зь мясьціны сваёй у сёмы дзень.
 
Глядзіце, бо ГОСПАД даў вам суботу; дзеля гэтага Ён дае вам у шосты дзень хлеба на два дні. Заставайцеся кожны ў сябе, няхай не выходзіць ніхто з месца свайго ў сёмы дзень».

І спачываў люд у сёмы дзень.
 
І супачыў народ у сёмы дзень.

І назваў дом Ізраілеў хлеб той: манна. Яна была, як каляндравае насеньне, белая, а смакам як ляпёшка зь мёдам.
 
І назваў дом Ізраіля імя ягонае — “манна”, і яна была як насеньне каляндры, белая, а смак ягоны — як печыва з мёдам.

І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь: напоўніце гамор на захаваньне ў роды вашыя, каб вы бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.
 
І сказаў Майсей: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД: “Поўны гомар [пакіньце] на захаваньне ў пакаленьні вашыя, каб бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас з зямлі Эгіпецкай”».

І сказаў Майсей Аарону: вазьмі адзін посуд, і пакладзі ў яго поўны гамор манны, і пастаў яго перад Госпадам, на захаваньне ў роды вашыя.
 
І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі адну пасудзіну, і палажы ў яе поўны гомар манны, і пастаў яе перад абліччам ГОСПАДА на захаваньне ў пакаленьні вашыя».

І паставіў яго Аарон перад каўчэгам сьведчаньня на захаваньне, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
Як загадаў ГОСПАД Майсею, так паставіў яго Аарон перад [Каўчэгам] Сьведчаньня на захаваньне.

Сыны Ізраілевыя елі манну сорак гадоў, пакуль ня прыйшлі ў зямлю абжытую: манну елі яны, пакуль ня прыйшлі да межаў зямлі Ханаанскай.
 
А сыны Ізраіля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю абжытую; яны елі манну, пакуль не прыйшлі да межаў зямлі Ханаан.

А гамор ёсьць дзясятая частка эфы.
 
А гомар — гэта дзясятая частка эфы.