Выхад 26 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю;
 
А Сялібу зробіш з дзесяці палотнаў з кручанага вісону, з блакіту, з пурпуру і барвовага кармазыну; і херувімаў зрабі на іх мастацкай работаю.

даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнай заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам.
 
Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці; мера адна для ўсіх палотнаў.

Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным.
 
Пяць палотнаў няхай будуць злучаныя адно з адным, і пяць палотнаў злучаныя адно з адным.

Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны;
 
І зробіш пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна на канцы для сьпінаньня; і гэтак зробіш на краі апошняга палатна для сьпінаньня з іншага боку.

пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной;
 
Пяцьдзясят пяцелек зробіш на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зробіш на краі палатна [ў месцы,] дзе маюць быць сьпятыя з іншага боку; пяцелькі будуць насупраць адна адной.

і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае.
 
І зробіш пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыш гачыкамі палотны адно з адным, і будзе Сяліба адным [цэлым].

І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх;
 
І зробіш палотны з казінае [поўсьці] для намёту Сялібы, адзінаццаць палотнаў зробіш іх.

даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера.
 
Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, а ў шырыню адно палатно — чатыры локці; мера адна для адзінаццаці палотнаў.

і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі.
 
І злучыш пяць палотнаў асобна і шэсьць палотнаў асобна. І зложыш удвая шостае палатно з пярэдняга боку намёту.

Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім;
 
І зробіш пяцьдзясят пяцелек на краі аднаго палатна на канцы для сьпінаньня, і пяцьдзясят пяцелек на краі другога палатна для сьпінаньня з іншага боку.

зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну.
 
І зробіш пяцьдзясят гачыкаў мядзяных, і ўложыш гачыкі ў пяцелькі, і злучыш намёт, і будзе ён адным [цэлым].

А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, — палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі;
 
А лішак, які застанецца ад палотнаў намёту, палова палатна, што засталася, няхай вісіць з задняга боку Сялібы.

а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе.
 
А локаць з аднаго і локаць з другога боку, якія застануцца ад даўжыні палотнаў намёту, няхай вісяць па баках сялібы, з аднаго і з другога боку прыкрываючы яе.

І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх.
 
І зробіш пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш.

І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі:
 
І зробіш з дрэва акацыі дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць [проста].

даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня;
 
Дзесяць локцяў даўжыня дошкі, і паўтары локці шырыня адной дошкі.

у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі.
 
Два шыпы будуць у кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога. Гэтак зробіш у-ва ўсіх дошках Сялібы.

Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень,
 
І зробіш дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень.

і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго;
 
І сорак срэбных падставак зробіш пад дваццаць дошак; дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных.

і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач,
 
І да другога боку Сялібы на паўночны бок [зробіш] дваццаць дошак.

і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;
 
І сорак падставак для іх срэбных — дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.

а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў
 
І для боку Сялібы, [што глядзіць] на захад, зробіш шэсьць дошак.

і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок;
 
І дзьве дошкі зробіш для вуглоў Сялібы пры [заходнім] боку.

яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць;
 
І будуць яны злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак мае быць з імі абедзьвума; для двух вуглоў яны будуць.

і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус.
 
І [так] будзе восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.

І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі,
 
І зробіш жэрдкі з дрэва акацыі — пяць да дошак аднаго боку Сялібы,

і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад;
 
і пяць жэрдак да дошак другога боку Сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку Сялібы, [што глядзіць] на захад.

а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога:
 
І жэрдка сярэдняя будзе праходзіць па сярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога.

а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам.
 
І дошкі пакрыеш золатам, і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зробіш залатыя, і пакрыеш жэрдкі золатам.

І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары.
 
І паставіш Сялібу паводле статуту ейнага, які Я паказаў табе на гары.

І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы;
 
І зробіш заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; мастацкай работай маеш зрабіць яе разам з херувімамі.

і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных;
 
І павесіш яе на чатырох слупах з акацыі, пакрытых золатам, з кручкамі залатымі, на чатырох падстаўках срэбных.

і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых.
 
І павесіш заслону на гачыках, і ўнясеш туды, унутр, за заслону Каўчэг Сьведчаньня; і будзе аддзяляць заслона вам [месца] Сьвятое ад Сьвятога Сьвятых.

І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых.
 
І паложыш накрыўку на Каўчэг Сьведчаньня ў Сьвятым Сьвятых.

І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку.
 
І паставіш стол навонкі ад заслоны, і сьвечнік насупраць стала пры паўднёвым боку Сялібы; а стол паставіш на паўночным баку.

І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу;
 
І зробіш заслону на ўваходзе з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону гафтаванае работы.

і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.
 
І зробіш для заслоны пяць слупоў з акацыі, і пакрыеш іх золатам, і кручкі да іх залатыя; і выльеш для іх пяць падставак мядзяных.