Лявіт 1 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І паклікаў Гасподзь Майсея і сказаў яму са скініі сходу, кажучы:
І паклікаў ГОСПАД Майсея, і прамовіў да яго з Намёту Спатканьня, кажучы:
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з вас хоча прынесьці ахвяру Госпаду, дык, калі з быдла, прыносьце ахвяру вашую з быдла буйнога і дробнага.
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі хто з вас захоча скласьці ахвяру з хатняе жывёлы, няхай складае [ахвяру] з валоў або жывёл драбнейшых.
Калі ахвяра яго — цэласпаленьне з буйнога быдла, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы; хай прывядзе яе да дзьвярэй скініі сходу, каб здабыць яму ўпадабаньне прад Госпадам;
Калі ён захоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з быдла, няхай ахвяруе самца без заганы і прывядзе яго да ўваходу Намёту Спатканьня, каб ГОСПАД прыняў яго ласкава,
і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня — і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных;
і паложыць руку на галаву ахвяры, каб была прынята як перамаленьне за яго.
і заколе цяля прад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу;
Потым заб’е цяля перад ГОСПАДАМ, а сыны Аарона, сьвятары, ахвяруюць кроў і пакрапяць ёю кругом ахвярнік, які стаіць перад уваходам у Намёт Спатканьня;
і здыме скуру з ахвяры цэласпаленьня і разатне яе на часткі;
а пасьля здыме ён скуру з ахвяры цэласпаленьня і пасячэ ахвяру на часткі.
а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакладуць на ахвярнік агонь і на агні раскладуць дровы;
Сыны ж Аарона, сьвятары, прынясуць агонь на ахвярнік і паложаць дровы на агні.
і раскладуць сыны Ааронавыя, сьвятары, часткі, галаву і тлушч на дровах, што на агні, на ахвярніку;
Потым сыны Аарона, сьвятары, паложаць часткі разам з галавой і тлушчам на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку.
а вантробы ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё на ахвярніку: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
А нутро ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
Калі ахвяра цэласпаленьня яго з дробнага быдла, з авечак, альбо з коз, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы,
Калі вось хто хоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з дробнай жывёлы, з авечак або козаў, няхай возьме самца без заганы,
і заколе яе прад Госпадам з паўночнага боку ахвярніка; і сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;
і заб’е яго перад ГОСПАДАМ на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, сьвятары, пакропяць крывёй яго ахвярнік наўкола.
і разатнуць яе на часткі, аддзеляць галаву яе і тлушч яе; і раскладзе іх сьвятар на дровах, што на агні, на ахвярніку,
І расьсячэ яго на часткі, а сьвятар паложыць іх разам з галавой і тлушчам на дровы, што ляжаць на агні на ахвярніку,
а вантробы і ногі вымые вадою, і прынясе сьвятар усё і спаліць на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
а нутро і ногі вымые ён вадой; і сьвятар зложыць гэта ўсё на ахвярніку і спаліць; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
А калі з птушак прыносіць Госпаду цэласпаленьне, няхай прынясе ахвяру сваю з галубак, альбо з маладых галубоў;
А калі хто захоча скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ птушку на цэласпаленьне, няхай ахвяруе туркаўку або маладога галуба.
сьвятар прынясе яе да ахвярніка, і скруціць ёй галаву, і спаліць на ахвярніку, а кроў сцэдзіць да сьценкі ахвярніка;
І сьвятар прынясе яго на ахвярнік, зломіць яму галаву і спаліць на ахвярніку, а кроў яго выцісьне на сьцяну ахвярніка;
вальляк яе зь пер’ем яе адыме і кіне яго каля ахвярніка на ўсходні бок, дзе попел:
і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніку на ўсходнім баку, дзе попел;
і надломіць яе ў крылах яе, але не аддзяляючы іх, і спаліць яе сьвятар на ахвярніку, на дровах, што на агні: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
і надломіць яго паміж крыламі, не аддзяляючы іх, і спаліць іх сьвятар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.