Амоса 1 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам.
 
Словы Амоса, што быў [адным] з гадоўцаў авечак у Тэкоа, якія ён бачыў пра Ізраіль у дні Узіі, валадара Юды, і ў дні Ерабаама, валадара Ізраіля, два [гады] перад землятрусам.

І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, — і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла.
 
І ён сказаў: «ГОСПАД зарыкае з Сыёну і дасьць голас Свой з Ерусаліму, і сялібы пастухоў будуць у жалобе, і высахне вяршыня Кармэлю.

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Дамаску, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны малацілі Гілеад зубцамі жалезнымі.

І пашлю агонь на дом Азаіла, — і зжарэ ён харомы Вэнадада.
 
І Я спашлю агонь на дом Хазаэля, і ён зжарэ палацы Бэн-Гадада.

І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло — з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь.
 
І Я разаб’ю засаўкі Дамаску, і вынішчу жыхароў з даліны Авэн і таго, хто трымае скіпетр у Бэт-Эдэне, і народ Сірыі пойдзе ў палон да Кіра, кажа ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Газы, нават за чатыры, не дарую ёй, бо яны ўсіх чыста бралі ў палон паланеньнем, каб выдаць іх Эдому.

І пашлю агонь у сьцены Газы, — і зжарэ харомы яе.
 
І Я спашлю агонь на муры Газы, і ён зжарэ палацы ейныя.

І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, — і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог.
 
І Я вынішчу жыхароў Ашдоду і таго, хто трымае скіпетр у Ашкелоне, і павярну руку Маю на Экрон, і загіне рэшта Філістынцаў, кажа Госпад ГОСПАД”.

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Тыру, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны перадалі іх усіх чыста паланеньнем Эдому і ня памяталі запавету братэрскага.

Пашлю агонь у сьцены Тыра, — і зжарэ харомы яго.
 
І Я спашлю агонь на муры Тыру, і ён зжарэ палацы ягоныя”.

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Эдому, нават за чатыры, не дарую яму, бо ён перасьледаваў мячом брата свайго, утаймаваў спагадлівасьць сваю, і няспынна разьдзіраў [яго] ў гневе сваім, і лютасьць ягоная трывала заўсёды.

І пашлю агонь на Тэман, — і зжарэ харомы Васора.
 
І Я спашлю агонь на Тэман, і ён зжарэ палацы Боцры”.

Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае.
 
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны сыноў Амона, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны распорвалі цяжарных у Гілеадзе, каб пашырыць межы свае.

І запалю агонь у сьценах Равы, — і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры.
 
І Я распалю агонь на мурах Раббы, і ён зжарэ палацы ейныя сярод крыку ў дзень бітвы, сярод віхуры ў дзень буры.

І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.
 
І валадар іхні пойдзе ў палон, ён і князі ягоныя разам [з ім], кажа ГОСПАД”.