Амоса 4 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слухайце слова гэтае, цяляты Васанскія, якія на гары Самарыйскай, — вы, што ўціскаеце бедных, прыгнятаеце гаротных, кажаце гаспадарам сваім: «падавай, і мы будзем піць!»
Паслухайце слова гэтае, каровы Башану, якія на гары Самарыі, якія прыгнятаеце бедных, штурхаеце ўбогіх, кажучы гаспадарам сваім: “Прынясі, і будзем піць”.
Бажыўся Гасподзь Бог сьвятасьцю Сваёю, што вось, прыйдуць на вас дні, калі павалакуць вас бусакамі і астатніх вашых вудамі.
Прысягнуў Госпад ГОСПАД сьвятасьцю Сваёю, што, вось, прыйдуць на вас дні, і Ён падыме вас на круках, і пазасталых вашых — на гачыках для рыбы.
І праз праломіны ў мурах выйдзеце, кожнае — як станецца, і кінеце ўсё ўбранства харомаў, кажа Гасподзь.
І выйдзе, і [пойдзе] кожная перад сабою праз выломы [ў мурах], і кінуць вас у Гермоне, кажа ГОСПАД.
Ідзеце ў Вэтыль — і грашэце, у Галгал — і памнажайце злачынствы; прыносьце ахвяры вашыя кожнае раніцы, дзесяціны вашыя хоць праз кожныя тры дні.
“Прыйдзіце ў Бэтэль і рабіце беззаконьне; у Гільгале яшчэ больш рабіце беззаконьне і прыносьце кожную раніцу ахвяры свае, кожныя тры дні — дзесяціны свае,
Прыносьце ў ахвяру падзяку квасную, узьвяшчайце пра дабраахвотныя прынашэньні вашыя і расказвайце пра іх, бо гэта вы любіце, сыны Ізраілевыя, кажа Гасподзь Бог.
і паліце ахвяры падзякі з кіслым, і голасна абвяшчайце пра ахвяры дабраахвотныя, бо гэта вы любіце, сыны Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД”.
Затое і даў Я вам голыя зубы ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ва ўсіх селішчах вашых; але вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
І Я даў вам чысьціню зубоў у-ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ў-ва ўсіх месцах вашых; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
І стрымліваў ад вас дождж за тры месяцы да жніва; праліваў дождж на адзін горад, а на другі горад не праліваў дажджу; адна дзялянка напойваная была дажджом, а другая, не пакропленая дажджом, засыхала.
І Я таксама спыніў у вас дождж за тры месяцы да жніва, і выліў дождж на адзін горад, а на другі ня выліў; адно поле было паліта дажджом, а поле, якое дождж не паліў, высахла.
І сыходзіліся два, тры гарады ў адзін горад, каб напіцца вады, і не маглі ўдосыць напіцца; але і тады вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь Бог.
І цягнуліся два і тры гарады ў адзін горад, каб піць ваду, і не маглі напіцца; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
Я пакараю вас іржою і блякласьцю хлеба; мноства садоў вашых і вінаграднікаў вашых, і смакоўніц вашых і масьлін вашых пажыраў вусень, — і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
Я біў вас іржою і цьвільлю; мноства садоў вашых, і вінаграднікаў вашых, і дрэваў фігавых вашых, і дрэваў аліўкавых вашых пажэрлі вусені, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
Пасылаў Я на вас згубную пошасьць, падобную на Егіпецкую, забіваў мечам хлопцаў вашых, адводзячы коней у палон, так што смурод ад сыноў вашых падымаўся ў ноздры вашыя, — і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
Я спаслаў на вас пошасьць, як заразу ў Эгіпце, забіваў мячом юнакоў вашых, і забраў у палон коней вашых, і ўзьняў да ноздраў вашых смурод табараў вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
Чыніў Я сярод вас разбурэньні, як разбурыў Бог Садому і Гамору, і вы былі выхапленыя, як галавешка з агню, — і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
Я зьнішчыў вас, як Бог зьнішчыў Садом і Гамору, і вы былі, як галавешка, уратаваная з агню; але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
Таму так зраблю Я з табою, Ізраіле; і як Я так зраблю з табою, дык падрыхтуйся да сустрэчы Бога твайго, Ізраіле,
Дзеля гэтага Я гэтак зраблю табе, Ізраіль. А калі Я зраблю гэтак табе, прыгатуйся да сустрэчы з Богам тваім, Ізраіль!
бо вось, — Ён, Які стварае горы і творыць вецер і абвяшчае чалавеку намеры ягоныя, ранішняе сьвятло абарочвае ў морак і крочыць вышэй зямлі. Гасподзь Бог Саваоф — імя Яму.
Бо Ён — Той, Які фармуе горы і стварае вецер, і выяўляе чалавеку думкі Свае, робіць зараніцу цемраю і крочыць па ўзгорках зямлі; ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, — імя Ягонае.