Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
Дык і мы, маючы навокал нас гэткае воблака сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас аблытвае, з цярплівасьцю будзем бегчы ў змаганьні, што ляжыць перад намі,
гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
углядаючыся на Пачынальніка і Завяршальніка веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, вытрываў крыж, пагардзіўшы сорамам, і сеў праваруч пасаду Божага.
Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
Бо паразважайце пра Таго, Які вытрываў гэтакую супраць Сябе варажнечу ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, саслабеўшы душамі вашымі.
Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
і забыліся пра пацяшэньне, якое зьвяртаецца да вас, як да сыноў: «Сыне мой! Ня грэбуй настаўленьнем Госпадавым і не слабей, калі Ён цябе дакарае.
Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае».
Бо каго любіць Госпад, таго карае, і бічуе ўсякага сына, якога прыймае».
Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
Калі вы зносіце пакараньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не карае бацька?
Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы — няпраўныя дзеці, а ня сыны.
А калі вы без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы — байструкі, а не сыны.
Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць?
Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты — дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
Бо тыя каралі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён — на карысьць [нашую], каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго.
Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
Усякае ж пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучаным праз яго мірны плод праведнасьці.
Таму «ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені»
Дзеля гэтага выпрастуйце рукі, што апусьціліся, і калені, што самлелі,
і «хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася».
і сьцежкі простыя рабіце нагамі вашымі, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае.
Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які «горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды», і каб ім не апаганіліся многія»;
гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія;
каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
каб не было якога распусьніка ці паганага, як Эзаў, які за адну ежу аддаў першародзтва сваё.
Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
Бо ведаеце, што і пасьля ён, хочучы ўспадкаеміць дабраслаўленьне, быў адкінуты, бо не знайшоў месца навяртаньня, хоць і шукаў яго са сьлязьмі.
Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
Бо не падыйшлі вы да гары, да якой [можна] дакрануцца і якая палае агнём, ані да віхуры, і цемры, і буры,
не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
ані да гуку трубы і голасу словаў, пра якія тыя, што чулі, прасілі, каб да іх не было больш слова,
бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: «калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
бо ня вытрымалі перасьцярогі: «Калі і зьвер кранецца гары, будзе ўкаменаваны ці стралою забіты»,
і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: «я ў страху і ў трымценьні».
і гэткая жахлівая была тая праява, што Майсей сказаў: «Я напалоханы і трасуся».
Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў,
да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых,
і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
і да Пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць.
Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, Які гаворыць. Бо калі не ўцяклі тыя, што адвярнуліся ад таго, які прамаўляў на зямлі, тым больш мы, калі адкінем Таго, Які з неба,
чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: «яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба».
голас Якога тады захістаў зямлю, а цяпер абяцаў, кажучы: “Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлю, але і неба”.
Словы «яшчэ раз» азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
А [словы] “яшчэ раз” паказваюць на зьмену таго, што хістаецца, як створанага, каб засталося тое, што не хістаецца.
І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
Дзеля гэтага мы, прыймаючы Валадарства непарушнае, будзем мець ласку, праз якую будзем служыць Богу, падабаючыся [Яму], з сарамлівасьцю і багабойнасьцю,
таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».
бо Бог наш — агонь, які паглынае.