1 царстваў 11 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.
І прыйшоў Нахаш Аманянін, і пачаў аблогу гораду Ябэш у Гілеадзе. І сказалі Нахашу ўсе жыхары Ябэшу: «Заключы з намі запавет, і мы будзем служыць табе».
І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.
Нахаш Аманянін сказаў ім: «Я заключу з вамі запавет [з умовай], што кожнаму з вас я вырву правае вока і выстаўлю вас на пасьмешышча перад усім Ізраілем»
І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.
І сказалі яму старшыні Ябэшу: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля. І калі ніхто не дапаможа нам, мы выйдзем да цябе».
І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.
І прыйшлі пасланцы ў Гіву, горад Саўла, і сказалі слова гэтае ў вушы народу. І ўзьняў увесь народ голас свой, і заплакаў.
І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.
А вось, Саўл гнаў валоў з поля. І сказаў Саўл: «Што [здарылася], што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Ябэшу.
І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;
І зыйшоў на Саўла Дух Божы, калі пачуў ён словы гэтыя, і ахапіў яго гнеў вялікі.
І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.
І ўзяў ён пару валоў, і пасек іх на кавалкі, і паслаў праз рукі пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля, кажучы: «Хто ня выйдзе і ня пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх перад ГОСПАДАМ народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.
Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч
І ён палічыў іх у Бэзэку, і было трыста тысячаў сыноў Ізраіля, а ваяроў Юды было трыццаць тысячаў.
І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.
І сказалі яны пасланцам, якія былі прыйшоўшы: «Так скажыце жыхарам Ябэшу Гілеадзкага: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Ябэшу, і тыя ўзрадаваліся.
І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.
І сказалі жыхары Ябэшу [Нахашу]: «Раніцай мы выйдзем да вас, і вы зробіце з намі, што будзе добра ў вачах вашых».
На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.
Назаўтра Саўл падзяліў народ на тры дружыны, і яны на сьвітаньні ўварваліся ў сярэдзіну табару і забівалі Аманянаў аж да сьпякоты дня, а тыя, што засталіся, расьсеяліся так, што не засталося з іх двух разам.
Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.
І сказаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл валадарыць над намі?”? Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ем іх».
Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.
Але Саўл сказаў: «Ніхто не памрэ ў гэты дзень, бо сёньня ГОСПАД даў выратаваньне Ізраілю».
І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.
А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Гільгал, і там абновім валадарства».
І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.
І пайшоў увесь народ у Гільгал, і паставілі валадаром Саўла перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале, і там склалі ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. І там радаваліся вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраіля.