1 царстваў 4 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І было слова Самуіла да ўсяго Ізраіля. І выступілі Ізраільцяне супроць Філістымлянаў на вайну і атабарыліся каля Авэн-Эзэра, а Філістымляне атабарыліся каля Афэка.
І было слова Самуэля да ўсяго Ізраіля. Ізраільцяне вырушылі на вайну супраць Філістынцаў і разлажыліся табарам каля Эбэн-Гаэзэру, а Філістынцы разлажылі табар свой у Афэку.
І выстраіліся Філістымляне супроць Ізраільцянаў, і адбылася бітва, і былі пабітыя Ізраільцяне Філістымлянамі, якія пабілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.
І выставілі Філістынцы шыхты супраць Ізраіля, і пачаўся бой. Ізраільцяне сталі адступаць перад Філістынцамі, і загінула ў тым баі на полі каля чатырох тысячаў ваяроў.
І прыйшоў народ у табар; і сказалі старэйшыны Ізраільскія: за што пабіў нас Гасподзь сёньня перад Філістымлянамі? возьмем сабе зь Сілома каўчэг запавета Гасподняга, і ён пойдзе сярод нас і ўратуе нас ад рукі ворагаў нашых.
І вярнуўся народ у табар, і старшыні Ізраіля сказалі: «Чаму ўдарыў сёньня нас ГОСПАД у баі з Філістынцамі? Давайце прынясем з Шыло Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і няхай ён будзе сярод нас, каб ратаваць нас ад рук ворагаў нашых».
І паслаў народ у Сілом, і прынесьлі адтуль каўчэг запавета Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах; а пры каўчэгу запавета Божага былі і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс.
І паслалі народ у Шыло, каб прынесьлі адтуль Каўчэг Запавету ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах. Пры Каўчэгу Запавету Божага былі два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас.
І калі прыбыў каўчэг запавета Гасподняга ў табар, увесь Ізраіль падняў такі вялікі крык, што зямля стагнала.
Калі прынесьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў табар, загаманіў увесь Ізраіль голасам вялікім, аж задрыжэла зямля.
І пачулі Філістымляне шум крыкаў і сказалі: чаго такія моцныя крыкі ў табары Габрэяў? І даведаліся, што каўчэг Гасподні прыбыў у табар.
Гэты крык пачулі Філістынцы і пыталіся: «Што гэта за крык вялікі ў табары Гебраяў?» І даведаліся, што Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у табар.
І спалохаліся Філістымляне, бо сказалі: Бог той прыйшоў да іх у табар. І сказалі: гора нам! бо ня бывала падобнага ні ўчора, ні заўчора;
І спалохаліся Філістынцы, і казалі: «Прыйшоў Бог у табар!» І сказалі яны: «Гора нам! Бо не было такога ані ўчора, ані пазаўчора.
гора нам! хто выбавіць нас ад рукі гэтага магутнага Бога? гэта — Той Бог, Які пабіў Егіпцян усялякімі карамі ў пустыні;
Гора нам! Хто нас захавае ад рукі гэтага Бога магутнага? Гэта той самы Бог, які ўдарыў Эгіпет усякімі карамі ў пустыні.
умацуйцеся і будзьце мужныя, Філістымляне, каб вам ня быць у рабстве ў Габрэяў як яны ў вас у рабстве; будзьце мужныя і паваюйце іх.
Умацуйцеся і будзьце мужнымі, Філістынцы, каб не служылі вы Гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужнымі і ваюйце!»
І біліся Філістымляне, і пабітыя былі Ізраільцяне, і кожны пабег у намёт свой, і была параза вельмі вялікая, і загінула ў Ізраільцянаў трыццаць тысяч пешых.
І ваявалі Філістынцы, і перамаглі Ізраіля, так што кожны ўцёк у намёт свой. І параза гэтая была страшная, бо ў Ізраіля палегла трыццаць тысячаў пяхотнікаў.
І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс, памерлі.
І Каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас, былі забітыя.
І пабег адзін Веньямініцянін зь месца бітвы і прыйшоў у Сілом таго ж самага дня; вопратка на ім была падраная і пыл на галаве ў яго.
Адзін Бэн’ямінец уцёк з бою і прыйшоў у Шыло ў падзёртым адзеньні і з абсыпанай пылам галавою.
Калі прыйшоў ён, Ілій сядзеў на сядзеньні пры дарозе каля варот і глядзеў, бо сэрца ягонае трымцела за каўчэг Божы. І калі чалавек той прыйшоў і абвясьціў у горадзе, дык моцна застагнаў увесь горад.
Калі ён прыбег, Гэлій сядзеў на крэсьле каля брамы, гледзячы на дарогу, бо ён трывожыўся дзеля Каўчэга Божага. А чалавек той прыйшоў і паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.
І пачуў Ілій гукі ляманту і сказаў: чаго такі шум? І адразу падышоў чалавек той і абвясьціў Ілію.
І пачуў Гэлій голас крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек пасьпяшаўся, і прыйшоў, і паведаміў Гэлію.
Ілію было тады дзевяноста восем гадоў; і вочы ў яго патухлі, і ён ня мог бачыць.
Гэлій меў дзевяноста восем гадоў, і вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.
І сказаў той чалавек Ілію: я прыйшоў з табара, а сёньня бег я з поля бітвы. І сказаў Ілій: што адбылося, сыне мой?
Уцякач сказаў Гэлію: «Я прыйшоў з месца бою, я — той, хто вырваўся сёньня з шыхтоў». Гэлій спытаўся: «Што сталася, сын мой?»
І адказваў весьнік і сказаў: пабег Ізраіль перад Філістымлянамі, і параза вялікая адбылася ў народзе, і абодва сыны твае, Офні і Фінээс, памерлі, і каўчэг Божы ўзяты.
І адказаў вясьнік: «Ізраільцяне ўцяклі перад Філістынцамі, народ атрымаў страшную паразу, і абодва сыны твае, Хофні і Пінхас, загінулі, і Каўчэг Божы ўзяты».
Калі спамянуў ён пра каўчэг Божы, Ілій упаў зь сядзеньня дагары каля варотаў, зламаў сабе хрыбет і памёр; бо ён быў стары і цяжкі. А быў ён судзьдзя Ізраіля сорак гадоў.
Калі той сказаў пра Каўчэг Божы, Гэлій зваліўся з крэсла на кант брамы, і зламаў сабе карак, і памёр, бо ён быў стары і цяжкі. Ён судзіў Ізраіль сорак гадоў.
Нявестка ягоная, жонка Фінээсава, была цяжарная, і ўжо блізіліся роды. Калі пачула яна вестку пра ўзяцьце каўчэга Божага і пра сьмерць сьвёкра свайго і мужа свайго, дык упала на калені і нарадзіла, бо падступіліся да яе болі яе.
А нявестка ягоная, жонка Пінхаса, якая была цяжарная і мела хутка нарадзіць, калі даведалася, што Каўчэг Божы ўзяты і што сьвёкар ейны і муж загінулі, упала і нарадзіла, бо прыйшлі на яе болі радзінаў.
І калі памірала яна, дык жанчыны, якія стаялі каля яе, казалі ёй: ня бойся, ты нарадзіла сына. Але яна не адказвала і не зважала.
І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі кругом яе: «Ня бойся! Ты нарадзіла сына». Але яна не адказала ім і не зьвярнула на іх увагі.
І назвала дзіця: Іхавод, сказаўшы: «адышла слава ад Ізраіля» — з узяцьцем каўчэга Божага і зь сьмерцю сьвёкра яе і мужа яе.
І назвала хлопчыка Іхавод, кажучы: «Адыйшла слава ад Ізраіля» з прычыны ўзяцьця Каўчэга Божага, а таксама сьмерці сьвёкра і мужа.
Яна сказала: адышла слава ад Ізраіля, бо ўзяты каўчэг Божы.
І паўтарыла: «Адыйшла слава ад Ізраіля, бо ўзяты Каўчэг Божы».