Да Філімона 1 разьдзел

Пасланьне да Філімона
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
 
Павал, вязень Хрыстуса Езуса і Цімафей (Тыматэй), брат — Філімону ўмілаванаму і нашаму супрацоўніку

і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:
 
і Апіі, сястры найдаражэйшай, і Архіпу, спаўжаўнеру нашаму — Касьцёлу, які ў тваім доме знаходзіцца.

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Ласка вам і мір (супакой) ад Бога Айца нашага і Госпада Езуса Хрыстуса.

Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,
 
Дзякую я заўсёды Богу майму, колькі разоў успамінаю цябе ў сваіх малітвах,

чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
 
чуючы аб любові тваёй і веры, якую маеш да Госпада Езуса і да ўсіх сьвятых.

каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.
 
Каб уздзеяньне веры тваёй стала бачным у пазнаньні ўсякай добрай дзейнасьці вашай у Езусе Хрыстусе.

Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
 
Вось вялікую радасьць меў я, браце, і пацеху з любові тваёй, бо сэрца сьвятых успакоілася праз цябе.

Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,
 
Хоць я і маю вялікае паручэньне ад Езуса Хрыстуса загадаць табе, што да справы належыць,

зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал — старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;
 
то ўсёж такі дзеля любові лепш папрашу цябе, знаючы цябе, я Павал, старык, а цяпер і вязень Езуса Хрыстуса.

прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:
 
Прашу цябе за майго сына, якога нарадзіў я ў кайданах — Онэзіма,

ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;
 
які калісьці быў табе непатрэбен, а які цяпер і мне і табе карысны,

а ты прымі яго, як маё сэрца.
 
яго табе вяртаю. Дык ты прымі яго, як маё сэрца.

Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;
 
Хацеў я яго пры сабе затрымаць, каб мне за цябе нёс паслугу ў апавяшчэньні Эвангеліі, калі я ў кайданах.

але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.
 
Але без парады з табою не хацеў рашацца, каб часам вымушаным не было дабрадзейства тваё, але дабравольным.

Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,
 
Можа быць, што ён адлучыўся ад цябе толькі на кароткі час, каб ты ўзяў яго навек, ужо не як нявольніка,

ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.
 
але за слугу і брата найдаражэйшага, прўда і мне, але тым больш табе адносна цела і ў Госпадзе.

І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.
 
Дык калі маеш мяне за сябра, прымі яго, як мяне.

Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.
 
Калі ж ён у чым пакрыўдзіў цябе, або што вінен, гэта на мяне залічы.

Я, Павал, напісаў маёю рукою: «я заплачу»; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.
 
Я Павал напісаў уласнаю рукою, я сплачу табе, каб пры тым несказаць табе, што і ты сам належыш мне.

Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
 
Так яно, браце! Хачу я табою паслужыцца ў Госпадзе. Падтрымай маё жаданьне ў Госпадзе.

Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.
 
Спадзяючыся на тваю паслухмянасьць, напісаў табе, ведаючы, што і больш таго, аб чым прашу, зробіш.

А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.
 
Адначасова прашу, прыгатуй Мне кватэру, бо спадзяюся, дзякуючы вашым малітвам, што буду вернены вам.

Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста,
 
Вітае цябе Эпафрас, спаўвязень мой у Езусе Хрыстусе,

Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
 
Марак, Арыстарх Дэмас і Лукаш, мае памочнікі.

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
 
Ласка Госпада нашага Езуса Хрыстуса з духам вашым. Аман.