Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
А перад днём сьвята Пасхі Езус, ведаючы, што надыйшла пара Яго, каб адыйсьці з гэтага сьвету да Айца, узьлюбіўшы сваіх, што былі на сьвеце, аж да канца іх узьлюбіў.
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
І ў час вячэры, калі д'ябал улажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
Езус, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца,
устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
падняўся ад стала вячэры, і скінуў сваё адзеньне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.
потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.
Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
Гэтак падыходзіць да Сымона Пятра. Дык кажа Яму (Пётар): "Госпадзе, няўжо Ты мне будзеш мыць ногі?"
Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
У адказ кажа яму Езус: "Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш".
Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
Кажа Яму Пётар: "Ніколі ня будзеш мне мыць ног". Адказаў яму Езус: "Калі Я цябе не абмыю, ня будзеш мець удзелу са Мной".
Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву".
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
Кажа яму Езус: "Хто памыты, патрабуе толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты. Вы таксама чыстыя, але ня ўсе".
Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
Бо ведаў, хто гэта меў выдаць Яго, таму сказаў: "Ня ўсе вы чыстыя".
А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
Калі затым памыў ногі іхнія і апрануў адзеньне сваё, сеў пры стале і сказаў ім: "Ці разумееце, што Я вам зрабіў?
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
Вы Мяне называеце Вучыцелем і Госпадам, і добра кажаце, бо Я ім ёсьць.
Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
Дык калі Я, Госпад і Вучыцель, памыў вам ногі, дык і вы павінны адзін другому мыць ногі.
бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
Вось жа даў вам прыклад, як Я вам зрабіў, каб так і вы рабілі.
Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Слуга ня большы за гаспадара свайго, ані таксама пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.
Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
Калі пра гэта ведаеце, шчасьлівыя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.
Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
Не аб усіх вас гавару. Ведаю Я, каго выбраў, але няхай споўніцца Пісаньне: "Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю".
Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсьць.
Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, хто паслаў Мяне".
Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
Езус, сказаўшы гэта, разжаліўся ў духу і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".
Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім Езус гаворыць.
А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
А адзін з вучняў, той, якога Езус любіў, супачываў на ўлоньні Езуса.
яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
Дык кіўнуў яму Сымон Пётар, каб спытаўся, хто гэта, аб кім Ён гаворыць.
Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
І ён, апіраючыся на грудзях Езуса, пытаецца ў Яго: "Госпадзе, а хто гэта?"
Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
Адказаў Езус: "Гэта той, каму падам умочаны хлеб". І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
І па зьядзеньні хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык сказаў яму Езус: "Што маеш рабіць, рабі чым хутчэй".
Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
З седзячых за сталом ніхто не зразумеў, чаму так яму сказаў.
А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
Некаторыя думалі, што як Юда мае купшук, то Езус даў яму даручэньне: "Купі чаго нам трэба на сьвята", або каб што раздаў убогім.
Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
Той жа, узяўшы кусок, адразу выйшаў. А была ноч.
Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
А калі выйшаў, Езус сказаў: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.
калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
А калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў сабе ды ўславіць небавам.
Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
Сыночкі! Нядоўга ўжо буду з вамі. Будзеце Мяне шукаць, але як сказаў Юдэям: Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце, так і вам цяпер кажу.
Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
Прыказаньне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узьлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.
Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
Па тым пазнаюць усе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога".
Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, куды ідзеш?" Адказаў Езус: "Куды Я іду, ты цяпер ня можаш прыйсьці, але потым прыйдзеш за Мною".
Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
Кажа Яму Пётар: "Чаму я цяпер не магу пайсьці за Табой? Жыцьцё сваё аддам за Цябе".
Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
Адказаў яму Езус: "Жыцьцё ты за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: Перш чым певень запяе, тры разы вырачашся Мяне.