Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся:
Гэта Я сказаў вам, каб вы ня горшыліся.
прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.
Выключаць вас з сынагогаў; нават надыходзіць час, што кожны, хто забіваць вас будзе, будзе думаць, што прыслугу Богу робіць.
Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне.
А гэтак з вамі паступаць будуць, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.
Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі.
Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыйдзе іхняя пара, успомнілі на тое, што Я вам сказаў. Не гаварыў Я вам гэтага спачатку, бо Я быў з вамі.
А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
А цяпер іду да Таго, хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытае Мяне: "Куды ідзеш?"
Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша.
Але, калі Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў вашыя сэрцы.
Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас,
Але Я вам кажу праўду: Лепей для вас, каб Я пакінуў вас, бо калі не пакіну, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас; а калі адыйду, пашлю Яго да вас.
і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе.
І калі Ён прыйдзе, пераканае сьвет у грэху, справядлівасьці і судзе:
У грэху, — што ня вераць у Мяне;
у грэху, бо ня вераць у Мяне;
у праўдзе, — што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне;
у справядлівасьці, бо іду да Айца, ды ўжо Мяне ня ўбачыце;
а ў судзе, — што князь сьвету гэтага асуджаны.
а ў судзе, бо князь гэтага сьвету ўжо асуджаны.
Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць.
Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер ня можаце ўцяміць.
Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам;
Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўды. Бо не ад сябе гаварыць будзе, але што толькі пачуе, тое скажа, ды што мае быць, вам аб'явіць.
Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам.
Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам аб'явіць.
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маім. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам аб'явіць.
Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо Я іду да Айца.
Яшчэ крыху, і ня будзеце Мяне бачыць, і зноў небавам будзеце Мяне аглядаць, бо іду да Айца".
Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне», і зноў «неўзабаве ўбачыце Мяне», і: «Я іду да Айца»?
Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: "Што гэта значыць, што Ён нам кажа: "Яшчэ крыху, і ня будзеце Мяне бачыць, ды зноў небавам, будзеце аглядаць Мяне", і што значыць: "Іду да Айца"?"
І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: «неўзабаве»? ня ведаем, што кажа.
Дык пыталіся: "Што значыць, што кажа: "Небавам"? Ня ведаем, што гаворыць?"
Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне»?
Пазнаў Езус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: "Пытаецеся між сабой, што Я сказаў: "Хутка ня будзеце бачыць Мяне, ды зноў небавам убачыце Мяне"?
Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што будзеце плакаць і галасіць, а сьвет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасьць.
Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
Жанчына, калі родзіць, боль церпіць, бо надыходзіць яе пара, а калі дзіця народзіць, ня памятае свайго болю з радасьці, што чалавек на сьвет нарадзіўся.
Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
Так і вы, цяпер сумуеце, але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто ўжо не адбярэ.
І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.
І ў той дзень ні пра што ня будзеце пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасьць вам.
Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.
Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўнай.
Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца.
Гэта ўсё расказваў вам у прыповесьцях. Прыходзіць пара, што ўжо не ў прыповесьцях расказваць буду, але яўна аб'яўлю вам пра Айца.
У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога.
бо сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога прыйшоў.
Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца.
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў на сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца".
Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай;
Сказалі Яму вучні Ягоныя: "Цяпер вось адкрыта гаворыш ды ніякай прыповесьці не расказваеш.
цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў.
Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не патрабуеш, каб хто Цябе пытаўся. Дзеля таго верым, што Ты ад Бога прыйшоў".
Ісус адказваў ім: цяпер веруеце?
Адказаў ім Езус: "Цяпер верыце?
Вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною.
Вось жа надыходзіць час, і ўжо надыйшоў, калі расьсеецеся кожны ў свой бок, а Мяне аднаго пакінеце. Але Я не адзін, бо Айцец са Мной.
Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.
Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой у-ва Мне; на сьвеце будзеце мець прыгнёт, але спадзявайцеся, Я перамог сьвет".