Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару;
Расстаўшыся з імі, мы паплылі напрасткі ды прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Радос, а адтуль — у Патары.
і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі.
І, знайшоўшы карабель, каторы меў плысьці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.
Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля;
Убачыўшы Кіпр, пакінулі яго зьлева, плывучы ў напрамку Сырыі, і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць ладункі.
і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім.
І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён, тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.
Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся.
Як прайшлі тыя дні, мы выйшлі ў дарогу, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзьбярэжжы ўпалі мы на калені і маліліся,
І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
а затым разьвіталіся; і мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.
Скончыўшы плаваньне, з Тыру прыбылі мы ў Пталемаіду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.
А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго.
На другі дзень, пусьціўшыся ў дарогу, прыбылі мы ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом эвангелісты Філіпа, аднаго з сямёх, ды ў яго затрымаліся.
У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.
А меў ён чатыры дачкі дзяўчаты, якія праракавалі.
Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,
Калі мы там прабылі некалькі дзён, прыйшоў з Юдэі нейкі прарок імем Агаб.
і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.
І калі ён адведаў нас, узяў пояс Паўла, зьвязаў сабе рукі і ногі ды сказаў: "Гэта кажа Дух Сьвяты: Так Юдэі ў Ерузаліме зьвяжуць чалавека, катораму належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў".
Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.
Калі мы гэта пачулі, разам з тамашнімі братамі упрашалі яго, каб не ішоў у Ерузалім.
Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.
Тады Павал адказаў: "Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы ня толькі ў вязніцу, але і на сьмерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Езуса".
А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!
І ня здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: "Хай станецца воля Госпада!"
Пасьля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;
Пасьля, прыгатаваўшыся, выправіліся ў Ерузалім,
з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.
і праводзілі нас некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпру, аднаго з першых вучняў, у каторага знайшлі мы гасьціну.
як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.
І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.
На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.
А на другі дзень Павал разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старшыя.
Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.
Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што даканаў Бог сярод паганаў праз ягоную паслугу.
А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны — шчырыя слугі закона;
Чуючы гэта, яны славілі Бога, але прытым казалі яму: "Бачыш, брат, колькі тысяч Юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.
а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.
Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх Юдэяў, жывучых між паганаў, адварочваеш ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.
Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
Дык што гэта? Напэўна даведаюцца, што ты прыбыў.
Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.
Дык зрабі, як мы табе раім: маем тут чатырох мужчын, каторыя злажылі шлюбаваньне.
Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, — і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.
Вазьмі іх з сабой, і ачысьціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе пераканаюцца, што тое, што пра цябе даведаліся — няпраўда, але што ты жывеш, захоўваючы закон.
А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.
А адносна паганаў, каторыя ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб ня елі яды, ахвяраванай ідалам, і ўстрымаліся ад крыві і ад таго, што задушана, ды ад распусты".
Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.
Тады Павал ўзяў з сабой тых мужчынаў, і на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэньню, і ўвайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.
Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,
Калі тых сем дзён даходзіла да канца, Юдэі з Азіі, убачыўшы Паўла ў сьвятыні, падбурылі ўвесь натоўп ды кінуліся на яго,
закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.
падняўшы крык: "Ізраэльцы! На помач! Гэта той чалавек, каторы ўсюды ўсіх вучыць супраць народу і закону, і супраць гэтага месца, а прытым Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае сьвятое месца".
Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.
Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфэзу ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў сьвятыню.
Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.
Дык узварухнуўся ўвесь горад, і зьбегся народ, і схапілі Паўла ды выцягнулі яго па-за сьвятыню, і зараз жа зачынілі брамы.
Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;
Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,
ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;
дык ён неаднакладна ўзяў жаўнераў ды сотнікаў і зыйшоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўла.
тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?
Тады трыбун, падыйшоўшы, узяў яго і загадаў яго зьвязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.
А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, ня могучы нічога даведацца яснага з прычыны гармідару, казаў завесьці яго ў крэпасьць.
А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;
Калі ж прыйшлі да сходаў, дзеля пханіны людзей жаўнеры мусілі несьці яго,
бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!
бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: "Сьмерць яму!"
Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-Грэцку?
І калі мелі яго ўвесьці ў крэпасьць, спытаў Павал у трыбуна: "Ці можна мне штосьці сказаць табе?" Ён спытаў: "Ты ўмееш па-грэцку?
Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?
Ці ты не Эгіпцянін, каторы нядаўна падбурыў ды вывеў у пустыню чатыры тысячы мечаносцаў?"
А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.
Адказаў Павал: "Я — Юдэй з Тарсу, што ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога гораду; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народу".
І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-Габрэйску так:
Калі той дазволіў, Павал, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і калі настала цішыня, ён прамоў па-гебрайску ў гэтыя словы: