Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць,
 
А адзін чалавек, імем Ананія, са сваёй жонкай Сафірай прадаў палетак

прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў.
 
ды, зь ведама жонкі, адлажыў сабе частку атрыманых грошаў, а рэшту прынёс і палажыў ля ног апосталаў.

Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю?
 
Пётар жа сказаў: "Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца падмануць Духа Сьвятога, затрымоўваючы частку атрыманых за поле грошаў?

Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу.
 
Ці ж ты ня мог палетак пакінуць для сябе, а прадаўшы, ці ня мог грошы сабе затрымаць? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў ня людзям, але Богу!"

Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.
 
Выслухаўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў мёртвы. І ўсіх, што чулі, ахапіў страх вялікі.

І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі.
 
А некалькі юнакоў усталі, закруцілі палатном цела і вынесьлі ды пахавалі.

Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.
 
Сталася, што недзе праз тры гадзіны ўвайшла яго жонка, ня ведаючы, што сталася.

А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі.
 
Запытаўся ў яе Пётар: "Скажы мне, ці за столькі прадалі вы палетак?" А яна адказала: "Так, за столькі".

Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць.
 
Пётар жа сказаў ёй: "Навошта вы змовіліся, каб спакушаць Духа Госпадавага? Вось стаяць у парозе тыя, што пахавалі мужа твайго. Вынясуць яны таксама і цябе".

Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага.
 
І яна заразжа ўпала да ног яго і сканала. Калі юнакі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай, дык занесьлі і пахавалі яе каля мужа.

І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.
 
Дык ахапіў вялікі страх усю царкву ды ўсіх, што аб гэтым пачулі.

А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;
 
Рукамі ж апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды, і зьбіраліся ўсе аднадушна ў прысенку Салямонавым.

і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.
 
І ніхто з іншых не адважваўся да іх далучыцца, але хваліў іх народ.

А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,
 
І штораз больш павялічваўся лік мужчын і жанчын, веручых у Госпада,

так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.
 
дык людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб хоць цень праходзячага Пятра ўпаў на каторага з іх.

Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.
 
Таксама з суседніх гарадоў зьбягалася ў Ерузалім многа народу, дастаўляючы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны былі аздароўлены.

А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,
 
Тады першасьвятар і ўсе, што былі з ім, тагачасная герэзія, садукейская, заварушыліся, палаючы зайздрасьцю,

і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.
 
і ўзлажылі рукі на апосталаў, і пасадзілі іх у грамадзкую вязьніцу.

Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
 
А ноччу анёл Госпадаў адчыніў дзьверы вязьніцы, вывеў іх і сказаў:

ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.
 
"Ідзіце і вясьціце ў сьвятыні народу ўсе словы жыцьця гэтага".

Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.
 
Пачуўшы гэта, яны на сьвітаньні пайшлі ў сьвятыню і навучалі. Тым часам першасьвятар і тыя, што былі з ім, склікалі Раду ды ўсіх старшынь сыноў Ізраэля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.

Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,
 
Але слугі, пайшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы. А вярнуўшыся, паведамілі,

кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.
 
кажучы: "Знайшлі мы вязьніцу старана замкнёную ды вартаўнікоў, стоячых перад дзьвярыма. Адчыніўшы ж, у сярэдзіне не знайшлі мы анікога".

Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.
 
Калі начальнік варты сьвятыні і першасьвятар пачулі гэтыя словы, дык не маглі зразумець, што з імі сталася.

А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.
 
У той час нехта, прыйшоўшы, паведаміў: "Гэтыя людзі, каторых вы замкнулі ў вязьніцы, стаяць ў сьвятыні і навучаюць народ".

Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;
 
Тады начальнік са слугамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не пабіў іх каменьнямі.

а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:
 
І, прывёўшы іх, паставілі перад Радай. Тады першасьвятар спытаўся ў іх,

ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.
 
кажучы: "Мы вось строга забаранілі вам, каб вы не навучалі ў гэта імя, а вы напоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўзьвесьці на нас кроў гэтага Чалавека".

А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;
 
У адказ Пётар і апосталы сказалі: "Болей трэба слухацца Бога, чым людзей.

Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
 
Бог нашых бацькоў уваскрасіў Езуса, каторага вы забілі, прыбіўшы да дрэва.

Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;
 
Бог узвысіў Яго правіцай сваёй як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю навярненьне ды адпушчэньне грахоў.

Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
 
І мы вось — сьведкі гэтых падзей, як і Дух Сьвяты, каторага Бог даў паслухмяным Яму".

Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.
 
Чуючы гэтыя словы, тыя закіпелі страшнаю злосьцю і хацелі іх забіць.

Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,
 
Тады ўстаў у Радзе адзін фарысэй імем Гамаліель, законавед, паважаны ўсім народам, і загадаў на нейкі час вывесьці апосталаў,

а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.
 
і прамовіў: "Мужы Ізраэльцы! Добра абдумайце, як зрабіць з гэтымі людзьмі.

Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,
 
Вось недаўна выступіў Тэўда, уважаючыся за нейкага (незвычайнага), і далучыліся да яго каля чатырохсот прыхільнікаў. І быў забіты, і ўсе, што верылі яму, расьсеяліся, і сьлед іх счэз.

пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;
 
Потым у дні перапісу выступіў Юда Галілеец, і пацягнуў за сабой людзей. І ён згінуў сам, і ўсе яго прыхільнікі расьсеяліся.

і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея — ад людзей, дык яно разбурыцца,
 
І цяпер кажу вам: Пакіньце гэтых людзей (у супакоі) і адпусьціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасьць ад людзей паходзіць, прападзе па сабе,

а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі.
 
а калі ад Бога, дык вы ня зможаце іх зьнішчыць, ды каб часам не аказалася, што вы ваюеце з Богам". Паслухалі яго,

Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.
 
і паклікалі апосталаў, і, убічаваўшы іх, забаранілі прамаўляць у імя Езуса, і адпусьцілі.

А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу;
 
І яны выходзілі ад аблічча Рады, цешачыся, што дзеля імя Езуса цярпелі зьнявагу,

і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.
 
і, не перастаючы, штодзень у сьвятыні і па дамах навучалі і вясьцілі добрую вестку аб Езусе Хрысьце.