Дзеі 9 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара
Саўл жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасьвятара
і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім.
і прасіў у яго лістоў да сынагогаў у Дамашку, каб, калі там знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, вязьніць і дастаўляць у Ерузалім.
Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба;
І ў дарозе, калі ўжо набліжаўся да Дамашку, раптам агарнула яго сьвятло з неба,
ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне?
і, падаючы на зямлю, пачуў голас, кажучы яму: "Саўл, Саўл, чаму Мяне перасьледуеш?"
Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.
Ён спытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" Пачуў голас: "Я — Езус, каторага ты перасьледуеш!
Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць.
Але ўстань і ідзі ў горад, і там скажуць табе, што маеш рабіць".
А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы.
Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога ня бачылі.
Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск;
Саўл жа падняўся з зямлі, раскрыў вочы, але нічога ня бачыў. Дык завялі яго ў Дамашак, трымаючы за руку.
і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў.
І тры дні ня бачыў, ня еў і ня піў.
У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.
У Дамашку пражываў адзін вучань, імем Ананія, і сказаў яму Госпад у зьяве: "Ананія!" Ён адказаў: "Вось я, Госпадзе".
А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца
Госпад кажа яму далей: "Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Саўла з Тарсу. Ён вось моліцца,
і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.
ды ў зьяве ўбачыў чалавека, імем Ананія, які прыйшоў і ўсклаў рукі на яго, каб ён зноў бачыў".
Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
Ананія адказаў: "Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў сьвятым Тваім ў Ерузаліме.
і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.
І тут ён мае ўладу ад першасьвятароў вязьніць усіх прызываючых імя Тваё".
Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;
Але Госпад сказаў яму: "Ідзі, бо выбраў Я гэтага чалавека як пасудзіну, каб занесьці імя Маё паганам, каралям і сынам Ізраэля.
і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.
І Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго".
Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.
І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом ды, усклаўшы рукі на яго, казаў: "Браце Саўле! Госпад паслаў мяне, Езус, каторы аб'явіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, каб ты бачыў ды быў напоўнены Духам Сьвятым".
І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся
І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён праглянуў. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,
і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;
і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён быў з вучнямі ў Дамашку.
і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
І зараз жа стаў абвяшчаць у сынагогах Езуса, што Ён — Сын Божы.
І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў?
І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня той самы, што ў Ерузаліме перасьледаваў тых, каторыя прызывалі гэтае імя, і ці не па тое прыбыў сюды, каб, увязьніўшы іх, весьці да першасьвятара?"
А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.
А Саўл тым адважней выступаў, даводзячы, што гэта Хрыстос, чым бянтэжыў Юдэяў, пражываючых у Дамашку.
А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго.
Па нейкім часе Юдэі змовіліся забіць яго,
Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго.
але Саўл даведаўся пра іх намеры. А яны днём і ноччу пільнавалі брамаў, каб яго забіць.
А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў кашы.
І вучні ноччу спусьцілі яго ў кашы праз мур ды выправілі.
Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань.
Калі Саўл прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, што ён вучань.
А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь, і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса.
Толькі Барнаба ўзяў яго і прывёў да апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе Саўл убачыў Госпада, і што (Госпад) сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамашку ў імя Езуса.
І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса.
Дзякуючы таму прабываў з імі ў Ерузаліме, сьмела навучаючы ў імя Госпада.
Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго.
Гутарыў таксама і спрачаўся з Геленістамі. Яны ж цікавалі, каб яго забіць.
Браты, даведаўшыся пра гэта, адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс.
Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю, а адтуль выправілі ў Тарс.
А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся.
Тым часам Царква цешылася супакоем ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і ў пацяшэньні Духа Сьвятога памнажалася.
Сталася, што Пётр, абыходзячы ўсіх, зайшоў да сьвятых, якія жылі ў Лідзе;
Здарылася, што Пётар, наведваючы ўсіх, дабраўся і да сьвятых, каторыя пражывалі ў Ліддзе.
Там знайшоў ён аднаго чалавека, якога звалі Энэй, што ўжо восем гадоў ляжаў у пасьцелі ў палярушы.
Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спараліжаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.
Пётр сказаў яму: Энэй! ацаляе цябе Ісус Хрыстос; устань з пасьцелі тваёй. І той адразу ўстаў.
Сказаў яму Пётар: "Энэй, Езус Хрыстос цябе аздараўляе. Падыміся і засьцялі сабе". І ён адразу ўстаў.
І бачылі ўсе яго, хто жыў у Лідзе і ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада.
І бачылі яго ўсе жыхары Лідды і Сарону, і навярнуліся да Госпада.
У Ёпіі была адна вучаніца, якую звалі Тавіта, што азначае: Сарна; яна была поўная добрых учынкаў і чыніла шмат міласьціны.
А пражывала ў Ёппе адна вучаніца, імем Табіта, значыць Доркас (Сарна). Яна была поўная добрых учынкаў і дарэньняў, якія рабіла.
Сталася тымі днямі, што занядужала і памерла; яе абмылі і паклалі ў сьвятліцы.
Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памерла. Яе памылі ды палажылі ў сьвятліцы.
А як што Ліда недалёка ад Ёпіі, дык вучні, дачуўшыся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек прасіць, каб ён не забавіўся прыйсьці да іх.
А як Лідда ёсьць недалёка ад Ёппы, дык вучні, даведаўшыся, што там знаходзіцца Пётар, паслалі да яго двух пасланцоў з просьбаю: "Прыйдзі да нас, не марудзь!"
Пётр устаў і пайшоў зь імі; і калі ён прыйшоў, увялі яго ў сьвятліцу, і ўсе ўдовы ў сьлёзах сталі перад ім, паказваючы кашулі і сукенкі, якія рабіла Сарна, жывучы зь імі.
І Пётар, устаўшы, пайшоў з імі; і калі прыйшлі, завялі яго ў сьвятліцу і акружылі яго там удовы, паказваючы яму з плачам вопраткі і адзеньне, якія зрабіла Доркас, калі яшчэ жыла з імі.
Пётр выслаў усіх з пакоя і, укленчыўшы, памаліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта! устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.
І, выправіўшы ўсіх, Пётр упаў на калені ды маліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: "Табіта, устань!" І яна адчыніла вочы свае ды, убачыўшы Пятра, села.
Ён, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.
Пётар жа падаў ёй руку ды падняў яе, затым пазваў сьвятых і ўдоў, і паказаў яе ім жывую.
Гэта стала вядома па ўсёй Ёпіі, і многія ўверавалі ў Госпада.
І вестка аб гэтым разыйшлася па ўсёй Ёппе, і многія ўверылі ў Госпада.
І шмат дзён перабыў ён у Ёпіі ў нейкага Сымона-гарбара.
І яшчэ многа дзён пражываў Пётар у Ёппе ў нейкага гарбара Сымона.