2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Гэта ўжо другое пасланьне пішу вам, любасныя; у ім напамінам буджу вашую чыстую думку,
Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум і памяць,
каб вы памяталі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную апосталамі вашымі:
каб вы памяталі словы, якія ўжо даўно былі сказаныя сьвятымі прарокамі поруч прыказаньні Госпада і Збаўцы, перададзеныя вам апосталамі.
найперш ведайце, што ў апошнія дні прыйдуць нахабныя паглумшчыкі, якія ўчыняюць паводле сваіх пахаценьняў
Перад усім ведайце, што ў апошнія дні паявяцца паклёпнікі з кпінамі, каторыя будуць хадзіць паводле сваіх пажаданьняў
і кажуць: дзе абяцаньне прышэсьця Ягонага? бо з таго часу, як пачалі паміраць бацькі, ад пачатку тварэньня ўсё застаецца гэтак сама.
і будуць пытацца: "Дзе ж абяцаньне Ягонага прыходу? Вось з тога часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку сьвету".
Тыя, што думаюць так, ня ведаюць, што на пачатку словам Божым нябёсы і зямля складзены з вады і вадою:
Бо ня ведаюць яны, што думаюць гэтак, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
таму тагачасны сьвет загінуў, будучы затоплены вадою.
ды што праз яе той сьвет загінуў, затоплены вадою.
А цяперашнія неба і зямля, захаваныя тым самым словам, зьберагаюцца вагню на судны дзень і загубу бязбожных людзей.
А цяперашнія неба і зямлю тое самае слова захавала для агню, на дзень суду і загубы бязбогіх людзей.
Адно тое не павінна быць схавана ад вас, любасныя, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень.
Няхай для вас, дарагія, ня будзе тайнай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Не марудзіць Гасподзь з выкананьнем абяцаньня, як некаторыя лічаць гэта марудлівасьцю; а доўга трывае нас, ня хочучы, каб хто загінуў, а каб усе прыйшлі да каяньня.
Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы для вас, ня хочучы нічыёй загубы, але хочучы ўсіх давесьці да навярненьня.
Прыйдзе ж дзень Гасподні, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі, распаленыя, разбурацца ўшчэнт, зямля і ўсе дзеі на ёй згараць.
Як злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у каторым неба з шумам вялікім праміне, стыхіі ў агні растопяцца, а зямля і ўсе творы на ёй згараць.
Калі так усё гэта зруйнуецца, дык якімі павінны быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вы,
Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці,
хто чакае і прагне прышэсьця дня Божага, калі ўспалымнёныя нябёсы разбурацца і распаленыя стыхіі растопяцца.
калі чакаеце і стараецеся прыскорыць прыход дня Божага, у якім нябёсы, палымеючы, счэзнуць, і стыхіі ў агні рассыпяцца.
Але мы, паводле абяцаньня Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве праўда.
Аднак, паводле абяцаньня мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасьць.
Дык вось, любасныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца перад Ім неапаганенымі і беспахібнымі ў сьвеце;
Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб (Ён) застаў вас у супакоі.
і доўгае трываньне Госпада нашага прымайце за выратаваньне, як і любасны брат наш Павал паводле дадзенай яму мудрасьці напісаў вам,
І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце за збаўленную, як і наш дарагі брат Павал у сваёй мудрасьці напісаў вам,
як ён кажа пра гэта і ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта цяжка зразумелае, што невукі і няўмоцненыя, на сваю ж пагібель, перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
і ва ўсіх лістах аб гэтым гаворыць, у якіх ёсьць некаторыя справы цяжкія для разуменьня, якія людзі недавучаныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісаньні, на сваю загубу.
Дык вось вы, любасныя, паведамленыя пра гэта загадзя, асьцерагайцеся, каб вам не захапіцца аблудамі беззаконьнікаў і не адпасьці ад сваёй угрунтаванасьці,
Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб ня ўблытацца ў аблуду, і не адпасьці ад свайго умацаваньня.
а гадуйцеся ў мілаце і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечны. Амін.
Дык узрастайце ў ласцы і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасьці. Амэн.