1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
А пра што пісалі мне, дык добра чалавеку не чапаць жанчыны.
Адносна тога, што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца жанчыны.
Але, каб унікнуць распусты, няхай кожны мае сваю жонку, і кожная жонка няхай мае свайго мужа.
Але з увагі на распусту кожны хай мае сваю жонку, і жонка кожная хай мае свайго мужа.
Няхай муж аддае сваёй жонцы належную прыхільнасьць, гэтак сама і жонка мужу.
Хай муж аддае належнае жонцы, падобна і жонка мужу.
Жонка ня мае ўлады над сваім целам, а муж; гэтак сама і муж ня мае ўлады над сваім целам, а жонка.
Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але муж. Падобна і муж ня мае ўлады над сваім целам, але жонка.
Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посьце і малітве, а потым зноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана няўстрыманьнем вашым.
Не ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб прысьвяціць сябе малітве, і потым зноў зыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрыманасьць вашую.
Урэшце, гэта сказана мною як дазвол, а ня як загад.
Кажу гэта як параду, а не як загад.
Бо хачу, каб усе людзі былі, як я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін — такі, другі — інакшы.
Хацеў бы, каб усе людзі былі, як я, але кожны мае свой дар ад Бога: адзін так, другі інакш.
А няшлюбным і ўдовам кажу: добра ім, калі застаюцца, як я;
Нежанатым жа і ўдовам кажу: Добра ім заставацца так, як я.
але калі ня могуць устрымацца, няхай бяруць шлюб, бо лепей шлюбам пабрацца, чым распаляцца.
Калі б не маглі паўстрымацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым распаляцца.
А тым, што пабралі шлюб, ня я загадваю, а Гасподзь: жонцы не разводзіцца з мужам,
Тым жа, што жывуць у сужэнстве, загадваю ня я, але Госпад, каб жонка не адлучалася ад мужа.
а як разьвядзецца, хай застаецца незамужняя, альбо замірыцца з мужам сваім, — а муж няхай не пакідае жонкі сваёй.
Калі б, аднак, разлучыліся б, хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай не пакідае жонкі.
А астатнім я кажу, а не Гасподзь: калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць зь ім, дык ён не павінен пакідаць яе;
Іншым жа кажу я, а ня Госпад: Калі хто з братоў мае жонку няверучую, і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай не пакідае яе.
і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць зь ёю, не павінна пакідаць яго.
Таксама і жонка, маючая ня веручага мужа, калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не пакідае мужа.
Бо няверуючы муж асьвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асьвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.
Бо няверучы муж асьвячаецца ў жонцы, а няверучая жонка асьвячаецца ў веручым мужу. Інакш вашыя дзеці былі б нячыстымі, а цяпер — сьвятыя.
Калі ж нявернік хоча разьвесьціся, хай разводзіцца; брат або сястра ў такім разе ня зьвязаныя; да міру заклікаў нас Гасподзь.
А калі няверучы хоча адыйсьці, хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не зьвязаны. Да згоды паклікаў нас Госпад.
Адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці ня выратуеш жонкі?
Скуль, дарэчы, можаш ведаць, жана, ці ня збавіш свайго мужа? Або скуль ведаеш, муж, ці ня збавіш сваю жонку?
Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Гасподзь заклікаў; так я наказваю па ўсіх цэрквах.
Зрэшты, хай кожны жыве так, як Госпад яму прызначыў ды да чаго паклікаў; і гэтак я вучу ва ўсіх цэрквах.
Хто быў закліканы ў абразаньні, ня цурайся; і хто быў закліканы ў неабразаньні, не абрэзвайся.
Калі хто пакліканы як абразаны, хай не хавае абразаньня! А калі хто пакліканы (да веры) як неабразаны, хай не прыймае абразаньня.
Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, а ўсё — у выкананьні наказаў Божых.
Абразаньне ёсьць нішто, і неабразаньне ёсьць нішто, але (важна) выпаўненьне прыказаньняў Божых.
Кожны няхай застаецца ў тым стане, у якім пакліканы.
Дык хай кожны застаецца ў такім стане, у якім быў пакліканы.
Ці рабом ты пакліканы, ня турбуйся; але калі і можаш стацца вольным, дык лепшым скарыстайся.
Быў ты пакліканы як нявольнік? Не турбуйся! Але калі можаш стацца вольным, скарыстай з гэтага!
Бо раб, пакліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Гасподні; гэтак сама і пакліканы вольнік ёсьць раб Хрыстовы.
Бо хто пакліканы ў Госпадзе як нявольнік, ёсьць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто пакліканы як вольны, стаецца нявольнікам Хрыстовым.
Вы куплены дарагою цаною; не рабецеся рабамі людзей.
Вялікаю цаною вы здабытыя! Дык ня будзьце нявольнікамі людзей.
У якім стане хто пакліканы, браты, у тым кожны няхай і застаецца перад Богам.
Браты, хай кожны трывае перад Богам у такім стане, у якім быў пакліканы.
Што да дзявоцтва, дык я ня маю наказу Гасподняга, а даю параду, як той, хто атрымаў ад Госпада міласьць быць Яму верным.
Што да дзявоцтва, загаду Госпада ня маю, але даю параду як той, хто з ласкі Божай дастойны веры.
Дзеля цяперашняй патрэбы лічу за лепшае, што добра чалавеку заставацца так.
Дзеля надыходзячых патрэбаў за лепшае лічу, што добра так застацца жыць чалавеку.
Ці зьвязаны ты з жонкаю? ня шукай разводу. Ці застаўся бяз жонкі? ня шукай жонкі.
Калі ты жанаты, ня думай разводзіцца! Калі свабодны, не шукай жонкі.
Урэшце, калі і ажэнішся, ня згрэшыш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, ня згрэшыць. Але такія зазнаюць цялеснага гора, а мне вас шкада.
Калі ж ажэнішся, не саграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж, не грашыць. Такія аднак будуць мець клопаты з целам, а я хацеў бы вас ад яго ўхаваць.
Я вам кажу, браты: час ужо кароткі, так што тыя, што маюць жонак, хай жывуць, як бы ня мелі,
Кажу, браты, што час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонкі, жылі як нямаючыя;
і тыя, што плачуць, як бы ня плакалі; і тыя, што радуюцца, як бы ня радаваліся: і тыя, што купляюць, як бы не набывалі;
і тыя, што плачуць, быццам ня плакалі, і тыя, што цешацца, як бы ня цешыліся, і тыя, што купляюць, быццам не набывалі,
і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як бы не карысталіся; бо мінаецца вобраз сьвету гэтага.
і тыя, што карыстаюцца гэтым сьветам, як бы не карысталіся. Бо праходзіць вобраз гэтага сьвету.
А я хачу, каб вы ня мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду;
Хацеў бы, каб вы былі бяз клопату. Чалавек нежанаты рупіцца пра справы Госпада, як падабацца Госпаду.
а жанаты клапоціцца пра зямное, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца паміж замужняю і дзяўчынаю:
А хто жанаты, клапоціцца пра справы сьвету, як падабацца жонцы,
незамужняя клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам і духам; а замужняя клапоціцца пра зямное, як дагадзіць мужу.
і таму разгублены. Падобна жанчына незамужняя і дзяўчына рупіцца пра справы Госпадавы, каб была сьвятой і целам, і духам; а якая замужам, клапоціцца пра сьвецкія справы, як падабацца мужу.
Кажу гэта на вашую ж карысьць, не на тое, каб накласьці на вас путы, а каб вы годна і няспынна служылі Госпаду сур’ёзна.
Кажу гэта на вашу карысьць, не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і безперапынна стаялі пры Госпадзе.
Калі ж хто і лічыць няпрыстойным для сваёй дзяўчыны тое, каб яна, будучы ў сталым веку, заставалася так, той хай робіць, як хоча, — ня згрэшыць; няхай такія выходзяць замуж.
Калі хто, аднак, лічыць за няслаўнае адносна дзяўчыны сваёй, што яна перацьвіла, ды ён перакананы, што павінен так зрабіць, хай робіць, як хоча; гэтым не грашыць, хай выходзіць замуж.
Але хто непахісна цьвёрды ў сэрцы сваім і, ня змушаны патрэбаю, а маючы ўладу ў сваёй волі, рашыўся ў сэрцы сваім аберагчы сваю дзяўчыну, — той добра робіць.
А калі хто не з прымусу, але з вольнай волі наважыўся ў сваім сэрцы захаваць у чыстасьці сваю дзяўчыну, добра робіць.
Таму той, хто выдае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не выдае, робіць лепш.
Дык хто аддае замуж сваю дзяўчыну, добра робіць; а хто не аддае замуж, яшчэ лепш робіць.
Жонка зьвязана законам, пакуль жыве муж яе; калі ж муж яе памрэ, вольная выйсьці, за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Жонка зьвязана (законам), пакуль яе муж жыве, а як муж памрэ, можа выйсьці за каго захоча, толькі ў Госпадзе.
Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так па маёй парадзе; а думаю, і я маю Духа Божага.
Шчасьлівейшая аднак будзе, калі застанецца так, паводле маёй парады. А думаю, што я таксама маю Духа Божага.