Да Каласянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат,
 
Павал, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і Цімафей, брат,

сьвятым у Калосах і верным братам у Ісусе Хрысьце:
 
сьвятым і веручым братам у Хрысьце Езусе, пражываючым у Калосах: Ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, увесь час у малітве за вас,
 
Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Езуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас

дачуўшыся пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
 
і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Езуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх сьвятых,

маючы надзею на ўгатаванае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў праўдзівым слове зьвеставаньня,
 
дзеля надзеі, што запэўнена вам у небе, аб якой чулі вы ў слове праўды Эвангельля,

якое жыве ў вас, як і вы ўва ўсім сьвеце, і родзіць плод і ўзрастае, як і паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і ўведалі мілату Божую ў ісьціне,
 
якая дайшла да вас, як і разыйшлася па ўсім сьвеце і дае плады, і расьце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,

як і навучыліся ад Эпафраса, любаснага супрацоўніка нашага, вернага вам службіта Хрыстовага,
 
як вас навучыў Эпафрас, супрацоўнік наш найдаражэйшы, верны для вас слуга Езуса Хрыста,

які і паведаміў нам пра вашую духоўную любоў.
 
які таксама апавясьціў нас пра вашую любоў у Духу.

Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы дайшлі да поўнага спазнаньня волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным,
 
Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць (Бога), каб вы напоўніліся пазнаньнем волі Ягонай у-ва ўсякай мудрасьці і духовым разуменьні,

каб жылі годна Бога, ува ўсім дагаджаючы Яму, родзячы плод ва ўсякай працы добрай і ўзрастаючы ў спазнаньні Бога,
 
і каб паступалі дастойна Бога, у-ва ўсім Яму падабаючыся, прыносячы плод у кожным добрым дзеяньні і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога,

мацуючыся ўсякаю сілаю праз магутнасьць славы Ягонай, ва ўсякай цярплівасьці і вялікадушнасьці з радасьцю,
 
дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасьці славы Ягонай у-ва ўсякай цярплівасьці і велікадушнасьці,

дзякуючы Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у сьвеце,
 
з радасьцю дзякуючы Айцу, які ўчыніў нас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе сьвятых у сьвятле,

вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства любаснага Сына Свайго,
 
які вырваў нас з улады цемры і перанёс нас у каралеўства Сына ўмілаванага свайго,

у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонаю і дараваньне грахоў,
 
у якім атрымалі мы адкупленьне і адпушчэньне грахоў.

Які ёсьць вобраз Бога нябачнага, народжаны раней за ўсякае стварэньне;
 
Ён (Хрыстос) ёсьць вобраз нябачнага Бога, Пяршак усяго стварэньня,

бо Ён стварыў усё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: хай тое троны, хай тое дзяржавы, хай тое начальствы, хай тое ўлады, — усё Ім і для Яго створана;
 
бо ў Ім заснована ўсё, што ёсьць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валаданьні, ці начальствы, ці улады. Усё праз Яго і ў Ім створана,

і Ён ёсьць раней за ўсё, і ўсё існуе Ім.
 
і Ён ёсьць перад усімі, і ўсё ў Ім існуе.

І Ён ёсьць галава цела Царквы; Ён пачатак, першынец зь мёртвых, каб меў Ён ва ўсім першынства:
 
І Ён — Галава цела Царквы; Ён — пачатак, пяршак з мёртвых, каб у-ва ўсім Ён быў першым,

бо заўгодна было Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната,
 
бо спадабалася (Богу), каб у Ім прабывала ўсякая поўня,

і каб празь Яго замірыць з Сабою ўсё, устанавіўшы мір празь Яго, Крывёю крыжа ягонага, і зямное і нябеснае.
 
каб праз Яго ўсё пагадзіць з сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсьць, робячы мір кроўю крыжа Ягонага.

І вас, якія калісьці былі адчужаныя і ворагі думкамі, і схільнасьцю да ліхіх учынкаў,
 
І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі дзеля схільнасьці да ліхіх учынкаў,

цяпер замірыў у целе плоці Ягонай, сьмерцю (Ягонай), каб явіць вас сьвятымі і беззаганнымі і невінаватымі перад Сабою,
 
цяпер пагадзіў у целе сьмерцю цела свайго, каб бачыць вас перад сабою сьвятымі, беззаганнымі і бездакорнымі,

калі толькі вы цьвёрдыя і непахісныя ў веры і не адпадаеце ад надзеі зьвеставаньня, якое вы чулі, якое абвешчана ўсім стварэньням паднябесным, якому я, Павал, зрабіўся слугою.
 
калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму сьвету, якога я, Павал, стаўся слугою.

Сёньня радуюся ў цярпеньнях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй скрухаў Хрыстовых за цела Ягонае, якое ёсьць Царква,
 
Цяпер радуюся я з пакутваньняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае Хрыстовым мукам, у сваім целе за Цела Ягонае, якім ёсьць Царква,

якой я зрабіўся службітом згодна з устанаўленьнем Божым, давераным мне для вас, каб выканаць слова Божае,
 
каторай я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,

тайну, схаваную ад вякоў і родаў, а сёньня адкрытую сьвятым Ягоным,
 
тайну, схаваную ад вякоў і пакаленьняў, а цяпер выяўленую Ягоным сьвятым,

якім дабраволіў Бог паказаць, якое багацьце славы ў тайне гэтай для язычнікаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
 
якім захацеў Бог выявіць багацьці хвалы гэтае тайны сярод паганаў, каторая (тайна гэтая) ёсьць Хрыстос між вамі як надзея хвалы.

Якога мы прапаведуем, настаўляючы на розум кожнага чалавека і навучаючы ўсялякай мудрасьці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;
 
Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага, і вучачы кожнага чалавека ў-ва ўсякай мудрасьці, каб зрабіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце.

дзеля чаго я і працую і змагаюся сілай Ягонай, якая дзее ўва мне магутна.
 
Дзеля гэтага я і труджуся, ваюючы пры Яго дапамозе, якою Ён ў-ва мне дзейнічае магутна.