Адкрыцьцё 1 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць рабам Сваім, што мае быць неўзабаве. І Ён паказаў, паслаўшы яго праз Свайго анёла рабу Свайму Яну,
 
Адкрыцьцё Езуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб выявіў слугам сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы анёла, паведаміў за дапамогаю знакаў слузе свайму Яну,

які сьведчыў пра слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і што сам бачыў.
 
які сьведчыць аб Слове Божым, і аб Езусе Хрысьце, і аб усім, што бачыў.

Дабрашчасны, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і выконвае напісанае ў ім; бо час блізкі.
 
Шчасьлівы той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды захавае тое, што ў іх напісана; час бо блізкі.

Ян сямі цэрквам, якія ў Азіі: мілата вам і мір ад Таго, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,
 
Ян сямі цэрквам у Азіі: Ласка вам і супакой ад Таго, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,

і ад Ісуса Хрыста, Які ёсьць сьведка верны, Першынец зь мёртвых і Ўладар цароў зямных; Яму, Хто палюбіў нас і адмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю,
 
і ад Езуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага з памёршых і Валадара каралёў зямных. Яму, які ўзьлюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых крывёй сваёй,

і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на векі вечныя, амін.
 
і зрабіў нас каралеўствам і сьвятарамі Богу і Айцу свайму, Яму хвала і валаданьне на вякі вечныя. Амэн.

«Вось, ідзе з хмарамі; і ўгледзіць яго кожнае вока, і тыя, што «пракалолі Яго»; і заплачуць перад Ім усе плямёны зямныя». Так, амін.
 
Вось жа прыходзіць у хмарах, і ўбачыць Яго ўсякае вока і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.

Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, кажа Гасподзь, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, Усеўладны.
 
Я -Альфа і Амега, пачатак і канец,-кажа Госпад Бог, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, Усемагутны.

Я Ян, брат ваш і супольнік у скрусе і ў валадарстве і ў цярпеньнях Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмос, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
 
Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, у каралеўстве і вытрымаласьці ў Хрысьце Езусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага і сьведчаньня аб Езусе.

Я быў у духу ў дзень нядзельны і чуў за сабою гучны голас, быццам трубны, які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, першы і апошні»;
 
Я быў у захапленьні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,

тое, што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пергам і ў Фіятыру, і ў Сардыс, і ў Філядэльфію і ў Лаадыкію.
 
які казаў: "Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфэз, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды,і ў Філядэльфію, і ў Ляодыцэю".

Я абярнуўся, каб убачыць, чый голас прамаўляў да мяне; і абярнуўшыся, убачыў сем залатых сьветачаў
 
Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,

і, пасярод сямі сьветачаў, падобнага на Сына Чалавечага, ахінутага ў падыр і на грудзях аперазанага залатым пасам:
 
і паміж сьвечнікаў залатых кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, адзетага ў доўгую шату і падперазанага пад грудзі залатым паясом;

галава ў Яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы ў Яго — як полымя вогненнае;
 
галава ж Ягоная і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам сьнег, і вочы Яго як полымя агню,

і ногі ў Яго падобныя да халкалівану, як распаленыя ў печы; і голас у Яго — як шум водаў вялікіх.
 
і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Ягоны падобны на гук бурных водаў,

Ён трымаў у правіцы Сваёй сем зорак, і з вуснаў ягоных выходзіў востры з двух бакоў меч; і аблічча ў Яго — нібы сонца, што зьзяе ў сіле сваёй.
 
і Ён трымаў у правай руцэ сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаў меч двусечны востры, і твар Ягоны зіхацеў, як сонца ў магутнасьці сваёй.

І калі я ўбачыў Яго, дык ўпаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. І Ён усклаў на мяне правіцу Сваю і сказаў мне: ня бойся; Я ёсьць першы і апошні
 
І, убачыўшы Яго, упаў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку сваю на мяне, кажучы: "Ня бойся! Я — Першы, і Апошні, і Жывы;

і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы пекла і сьмерці.
 
і Я быў памёршым, і вось жывы на вякі вечныя, і маю ключы сьмерці і пекла.

Дык вось, напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што будзе пасьля гэтага.
 
Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсьць і што павінна стацца пасьля.

Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі залатых сьветачаў: сем зорак — анёлы сямі цэркваў; а сем сьветачаў, якія ты бачыў, — сем цэркваў.
 
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі сьвечнікаў залатых вось якая: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў — гэта сем цэркваў.