Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.
 
I глянуў я: і вось Ягня стаіць на гары Сыён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх выцісьненае імя Яго і імя Айца Ягонага.

І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:
 
I пачуў я голас з неба, быццам многіх водаў і быццам рэха магутных грымотаў, і голас, каторы чуў я, гучаў як голас гусьляроў, граючых на гусьлях сваіх.

яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.
 
І яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам, і перад чатырма жывёламі, і перад старымі. І ніхто ня мог сьпяваць гэтай песьні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.

Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,
 
Гэта тыя, што ня спляміліся з жанчынамі і ёсьць нявінныя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з-паміж людзей як першынцы Богу і Ягняці,

і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.
 
і ў вуснах іх ня знойдзена хлусьні; без заганы яны.

І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;
 
I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Эвангельле, каб абвяшчаць пражываючым на зямлі, усякаму пакаленьню, і племю, і мове, і народу,

і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.
 
усклікваючы гучным голасам: "Бойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо надыходзіць час суду Ягонага, і пакланіцеся Творцу неба і зямлі, мора і крыніцаў водных".

І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.
 
I іншы анёл ляцеў за ім, кажучы: "Упаў, упаў Бабілён той вялікі, які паіў усе народы вогненным віном распусты сваёй".

І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,
 
I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: "Калі хто паклоніцца зьверу і абразу яго і атрымае знак на чале сваім або на руцэ,

той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;
 
той будзе піць віно гневу Божага, якое без дамешку вады налітае ў келіх гневу Ягонага. Агнём і серкай будзе мучаны той на віду ў анёлаў сьвятых і Ягняці.

і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.
 
І дым мучэньня іх будзе ўзнімацца на вякі вечныя. Ані днём, ані ноччу ня будуць мець супакою тыя, якія пакланяюцца зьверу і абразу яго і якія носяць знак імя ягонага.

Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.
 
Тут вось цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і веру Езуса.

І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі — мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.
 
I пачуў я голас з неба, кажучы мне: "Напішы: шчасьлівыя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, — кажа Дух, — яны супачынуць ад працаў сваіх, бо ўчынкі іх ідуць за імі". Жніво і збор вінаграду

І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.
 
I глянуў я, і ўбачыў воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залатую карону, а ў руцэ трымаў востры серп.

І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.
 
I іншы анёл выйшаў са сьвятыні, усклікваючы гучным голасам да Седзячага на воблаку: "Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час жніва, бо дасьпела жніво зямлі".

Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.
 
І Той, што сядзеў на воблаку, пусьціў серп свой на зямлю, і зжата была зямля.

І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.
 
I выйшаў іншы анёл са сьвятыні, якая ёсьць у небе, трымаючы таксама серп востры.

І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.
 
I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад аўтара і загаманіў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: "Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо дасьпелі ягады ягоныя".

І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.
 
I кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.

І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.
 
I выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсьцьсот стадыяў.