Адкрыцьцё 3 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І анёлу Сардыскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю твае дзеі; ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.
 
І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: Гэта вось кажа Той, які мае сем духаў Божых і сем зорак: Ведаю учынкі твае, што маеш імя, што быццам жывеш, ды ёсьць мёртвы.

Чувай і ўмацоўвай астатняе блізкае да сьмерці; бо я не знаходжу, каб дзеі твае былі дасканалыя прад Богам Маім.
 
Чувай і ўзмацняй рэшту, якія меліся загінуць, не знаходжу бо учынкаў тваіх споўненымі перад Богам Маім.

Узгадай, што ты прыняў і чуў, і зьберагай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, дык Я найду на цябе, як злодзей, і ты ня ўведаеш, а каторай гадзіне найду на цябе.
 
Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі ня будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і ня будзеш ведаць гадзіны, ў якую прыйду да цябе.

Але ў цябе ў Сардысе ёсьць некалькі чалавек, якія не апаганілі вопраткі сваёй і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя.
 
Ды вось маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія ня плямілі вопраткаў сваіх, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо ёсьць дастойныя.

Пераможца апранецца ў белае адзеньне; і ня выкрасьлю імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі.
 
Хто пераможа, апранецца гэтак у вопратку белую, і ня выкрасьлю імя яго з кнігі жыцьця, і выяўлю імя ягонае перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Ягоных.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

І анёлу Філядэльфійскай царквы напішы: «Так кажа Сьвяты, Праведны, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адчыніць:
 
І анёлу царквы, што ў Філядэльфіі, напішы: Гэта кажа Сьвяты і Праўдзівы, які мае ключ Давідаў, які, калі адчыніць, то ніхто не замкне, калі замкне, ніхто не адчыніць.

ведаю твае дзеі; вось, я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго.
 
Ведаю учынкі твае. Вось адчыніў перад табою дзьверы, якія ніхто ня можа зачыніць, бо ты хоць маеш трохі моцы, але захаваў слова Маё і ня выракся імя Майго.

Вось, Я зраблю, што з сатанінскае зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі, але самі не такія, а хлусяць, — вось, Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і ўведаюць, што Я палюбіў цябе.
 
Вось дам табе з сынагогі шатана, з тых, якія сябе лічаць за Юдэяў, а імі ня ёсьць, але падманваюць, вось зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я узьлюбіў цябе.

І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
 
Бо ўхаваў ты слова цярплівасьці Маёй, і Я цябе ўсьцерагу ў гадзіну спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет зводзіць жыхароў на зямлі.

Вось, я прыйду неўзабаве; трымай, што маеш, каб хто не ўхапіў вянка твайго.
 
Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў кароны тваёй.

Пераможцу зраблю стаўпом у храме Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліма, які сыходзіць зь неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.
 
Хто пераможа, таго пастаўлю калёнаю ў сьвятыні Бога Майго, і больш з яе ня выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліму, які зыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

І анёлу Лаадыкійскай царквы напішы: «Так кажа Амін, сьведка верны і сапраўдны, пачатак тварэньня Божага:
 
І анёлу царквы, што ў Ляодыцэі, напішы: Гэта кажа Амэн, Сьведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэньня Божага.

ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы!
 
Ведаю учынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!

Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх.
 
Але за тое, што ты цёплы, а не халодны ані гарачы, Я выкіну цябе з вуснаў Маіх.

Бо ты кажаш: я багаты, разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы; а ня ведаеш, што ты няшчасны і жалю варты, і ўбогі і сьляпы і голы.
 
Бо кажаш ты: "Багаты я і забясьпечаны, і нічога мне ня трэба", і ня ведаеш ты, што ты бедны, і найнешчасьлівейшы, і ўбогі, і сьляпы, і голы.

Раю табе купіць у Мяне золата, вагнём ачышчанае, каб табе разбагацець, і белую вопратку, каб апрануцца і каб ня відзён быў сорам галізны тваёй, і масьцю памаж вочы твае, каб бачыць.
 
Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забясьпечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасьць нагаты тваёй, і масьцю памаж вочы свае, каб бачыў.

Каго Я люблю, тых выкрываю і караю. Дык вось будзь руплівы і пакайся.
 
Бо Я на тых, каторых люблю, сваруся і караю іх. Дык пільнуйся і навярніся

Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною.
 
Вось стаю ў дзьвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзьверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.

Пераможцу дам сесьці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Ягоным.
 
Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім троне, як Я перамог і засеў з Айцом Маім на Яго троне.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам".