Быццё 14 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І было ў дні Армафэла, цара Сэнаарскага, Арыёха, цара Эласарскага, Кедарлаамэра, цара Эламскага, і Тыдала, цара Гаімскага,
 
У час Амрафэля, караля Шынэару, і Арыёха, караля Эльлясару, і Кедор-Ляга-мэра, караля Эляму, і Тыдаля, караля паганскага,

і пайшлі яны вайною супроць Бэры, цара Садомскага, супроць Біршы, цара Гаморскага, Шынава, цара Адмы, Шэмэвэра, цара Сэваімскага, і супраць цара Бэлы, якая ёсьць Сігор.
 
пачалі яны вайну супраць Бэры, караля Садомы, і супраць Біршы, караля Гаморы, і супраць Шынаба, караля Адамы, і супраць Шэмэбэра, караля Цэбоіма, і супраць караля Бэлы, або Цаару.

Усе гэтыя злучаліся ў даліне Сідым, дзе сёньня мора Салёнае.
 
Гэтыя апошнія каралі прымірыліся між сабой у лагчыне Сідзьдзім, дзе сягоньня Салёнае Мора.

Дванаццаць гадоў былі яны паняволеныя ў Кедарлаамэра, а на трынаццатым годзе ўзбурыліся.
 
Дванаццаць гадоў служылі яны Кедор-Лягамэру, а ў трынаццатым годзе паднялі бунт.

На чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарлаамэр і цары, якія зь ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, Зузімаў у Гаме, Эмімаў у Шаве-Кірыятаіме,
 
А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедор-Лягамэр і іншыя каралі зь ім разам і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,

і Харэяў у гары іхняй Сэіры, да Эл-Фарана, што каля пустыні.
 
і Харэяў у гарах Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.

І вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да крыніцы Мішпат, якая ёсьць Кадэс, і пабілі ўсю краіну Амалікіцянаў, а таксама Амарэяў, якія жылі ў Хацацон-Тамары.
 
І, вярнуўшыся адтуль, яны прыйшлі да Эн-Мішпату, значыць Кадэш, і пабілі Амалекцаў на ўсёй іхняй зямлі, а таксама Амарэйцаў, пражываючых у Хацанон-Тамары.

І выйшлі цар Садомскі, цар Гаморскі, цар Адмы, цар Сэваімскі і цар Бэлы, якая ёсьць Сігор; і ўступілі ў бітву зь імі ў даліне Сідым,
 
Тады каралі Садомы і Гаморы, кароль Адамы і кароль Цэбоіма, а таксама і кароль Бэлы або Цаару выступілі і ўшыкаваліся ў лагчыне Сідзьдзім да бою

з Кедарлаамэрам, царом Эламскім, Тыдалам, царом Гаімскім, Амрафэлам, царом Сэнаарскім, Арыёхам, царом Эласарскім: чатыры цары супроць пяці.
 
з Кедор-Лягамэрам, каралём Эляму, і Тыдалем, каралём паганскім, і Амрафэлем, каралём Шынэару, і Арыёхам, каралём Эльлясару; чатыры каралі супраць пяці.

А ў даліне Сідым было многа смаляных ямаў. І цары Садомскі і Гаморскі, якія кінуліся ўцякаць, упалі ў іх; а астатнія ўцяклі ў горы.
 
Лагчына ж Сідзьдзім мела многа смалавых ямаў. І вось каралі Садомы і Гаморы кінуліся ўцякаць і схаваліся ў тых ямах, а астатнія ўцяклі ў горы.

Пераможцы пабралі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўвесь запас іхні і пайшлі.
 
А пераможцы ўзялі ўсю маёмасьць Садомы і Гаморы і ўсе запасы харчоў і пайшлі.

І ўзялі Лота, пляменьніка Абрамавага, які жыў у Садоме, і маёмасьць ягоную, і пайшлі.
 
Узялі яны таксама Лёта, сына брата Абрама, каторы жыў у Садоме, і маёмасьць яго.

І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя.
 
А адзін з ацалеўшых прыбыў і паведаміў Абраму, Гебраю, каторы жыў каля дубровы нейкага Амарэйца, імем Мамрэ, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.

Абрам, пачуўшы, што родзіч ягоны ўзяты ў палон, узброіў рабоў сваіх, народжаных у доме ягоным, трыста васямнаццаць, і гнаў супастатаў да Дана;
 
Калі даведаўся Абрам, што ягоны брат Лёт у палоне, сабраў спасярод слугаў сваіх трыста васемнаццаць найбольш спраўных мужчынаў і пусьціўся ў пагоню аж пад Дан.

і падзяліўшыся, напаў на іх уначы, сам і рабы ягоныя і пабіў іх, і гнаў іх да Ховы, што па левы бок ад Дамаска;
 
І, падзяліўшы сваіх людзей на дружыны, ноччу кінуўся на ворагаў і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Гобы, што налева ад Дамашку.

і вярнуў усю маёмасьць і Лота, родзіча свайго, і маёмасьць ягоную вярнуў, а таксама і жанчын і народ.
 
І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама брата свайго Лёта зь ягонай маёмасьцю, жанчын і слугаў.

Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская;
 
Калі Абрам па перамозе над Кедор-Лягамэрам і каралямі, каторыя зь ім былі, вяртаўся, пераняў яго ў лагчыне Шавэ, або Каралеўскай кароль Садомы.

і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, — ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, —
 
А Мэльхісэдэк, кароль Салему, прынёс хлеб і віно, бо быў сьвятаром Бога Ўзвышняга,

і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі;
 
і дабраславіў яго, і сказаў: «Хай будзе дабраслаўлены Абрам Богам Узвышнім, Каторы стварыў неба і зямлю.

і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго.
 
Хай будзе дабраслаўлены Бог Узвышні, Каторы аддаў у рукі твае ворагаў тваіх». І даў яму (Абрам) дзесятую частку з усяго.

І сказаў цар Садомскі Абраму: аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе.
 
А кароль Садомы сказаў Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».

Але Абрам сказаў цару Садомскаму: падымаю руку маю да Госпада Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі,
 
Абрам адказаў каралю Садомы: «Падымаю руку сваю да Госпада, Бога Ўзвышняга, Творцы неба і зямлі,

што нават ніткі і рэменя ад абутку не вазьму з усяго твайго, каб ты не сказаў: я ўзбагаціў Абрама;
 
што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што табе належыцца, каб ты пасьля не казаў: «Гэта я ўзбагаціў Абрама»,

апрача таго, што зьелі падлеткі, і апрача долі, якая належыць людзям, што хадзілі са мною; Анэр, Эшкол і Мамрый хай возьмуць сваю долю.
 
за выняткам таго, што пайшло на пракармленьне юнакоў, ды апроч часткі здабытай маёмасьці для тых, каторыя хадзілі са мною, — для Анэра, Эшколя і Мамрэ; хай яны возьмуць найлепшыя іх часткі».