Быццё 16 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Але Сара, Абрамава жонка, не нараджала яму. У яе была служанка Егіпцянка, на імя Агур.
А Сарай, жонка Абрама, не нарадзіла яму дзяцей, але мела яна нявольніцу Эгіпцянку імем Агар.
І сказала Сара Абраму: вось, Гасподзь замкнуў чэрава маё, каб мне не раджаць; увайдзі ж да служанкі маёй: можа, я буду мець дзяцей ад яе. Абрам паслухаўся Сарыных слоў.
І сказала яна мужу свайму: «Вось, зачыніў Госпад мне ўлоньне, каб я не радзіла; дык увайдзі да служанкі маёй, можа зь яе атрымаю дзяцей». І Абрам паслухаў рады Сарай.
І ўзяла Сара, жонка Абрамава, Егіпцянку Агар, пасьля таго як прайшло дзесяць гадоў Абрамавых у зямлі Ханаанскай, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.
І Сарай, жонка Абрама, узяла служанку Агар, Эгіпцянку, і дала яе за жонку мужу свайму Абраму, калі ўжо мінула дзесяць гадоў, як Абрам пасяліўся ў зямлі Ханаан.
Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
І Абрам уваходзіў да Агары, і яна пачала. Але ўбачыўшы, што пачала, яна стала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою.
Тады сказала Сарай Абраму: «Крыўдзіш ты мяне; я табе дала служанку маю на ўлоньне тваё, і яна, чуючыся, што пачала, ганьбуе мною. Хай Госпад будзе судзьдзёю між мною і табой».
Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе.
Абрам ёй адказаў: «Ведаеш, служанка твая ў рукох тваіх, зрабі зь ёй, як табе падабаецца». Сарай тады стала ўпакараць яе, і яна ўцякла ад яе.
І знайшоў яе анёл Гасподні каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы на дарозе да Сура.
Калі Анёл Госпадаў знайшоў яе каля крыніцы вады ў пустыні, пры крыніцы пры дарозе на Цур,
І сказаў: Агар, служанка Сарына, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш? Яна сказала: я бягу ад аблічча Сары, гаспадыні маёй.
спытаўся ў яе: «Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?» Яна адказала: «Я ўцякаю ад пані сваёй Сарай».
І сказаў ёй анёл Гасподні: вярніся, да гаспадыні сваёй і скарыся ёй.
Сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вярніся да пані сваёй і пакорна падпарадкуйся ёй».
І сказаў ёй анёл Гасподні: множачы памножу нашчадкаў тваіх, так што нельга будзе і палічыць іх ад мноства.
І Анёл Госпадаў паведаміў ёй: «Багата размножу патомства тваё, нельга будзе зьлічыць яго дзеля вялікасьці».
І яшчэ сказаў ёй анёл Гасподні: вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і дасі яму імя: Ізмаіл; бо пачуў Гасподзь пакуту тваю;
І далей сказаў ёй Анёл Госпадаў: «Вось, ты пачала і народзіш сына, і назавеш яго імем Ізмаэль, таму што Госпад пачуў пра гора тваё.
ён будзе сярод людзей дзікі асёл: рукі яго на ўсіх, і рукі ўсіх на ім; жыцьме ён перад абліччам усіх братоў сваіх.
Ён будзе чалавекам, падобным да дзікага асла, будзе ён ваяваць супраць усіх, і ўсе — супраць яго; і будзе ён ставіць палаткі ва ўсіх акругах братоў сваіх».
І назвала Госпада, Які гаварыў зь ёю, гэтым імем: Ты Бог, Які бачыць мяне. Бо сказала яна: праўда, я бачыла тут Таго, Які сьледам бачыць мяне.
І (Агар) назвала Госпада, прамаўляючага да яе: «Ты Бог, Каторы бачыш мяне». І сказала яна: «Напэўна бачыла я тут Таго, Хто бачыць мяне».
Таму крыніца тая называецца: Бэер-Лахай-Роі. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.
Дзеля таго студню гэтую назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Яна паміж Кадэшам і Барэдам.
Агар нарадзіла Абраму сына; і назваў імя сыну свайму, народжанаму ад Агары: Ізмаіл.
І нарадзіла Агар Абраму сына. І Абрам назваў народжанага яму Агарай сына імем Ізмаэль.
Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла.
Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла яму Ізмаэля.