Быццё 19 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І прыйшлі тыя два анёлы ў Садому ўвечары, калі Лот сядзеў каля брамы Садомы. Лот убачыў і ўстаў, каб сустрэць іх, і пакланіўся тварам да зямлі
Вечарам, калі Лёт сядзеў у браме гораду, прыбылі тыя два анёлы ў Садому, і ён, калі ўбачыў іх, падняўся і пайшоў на спатканьне ім, і ўшанаваў іх, паўшы на зямлю,
і сказаў: спадары мае! увайдзеце ў дом раба вашага і начуйце, і ўмыйце ногі вашыя, і ўстанеце раніцай і пойдзеце ў дарогу сваю. Але яны сказалі: не, мы начуем на вуліцы.
і сказаў: «Малю, валадары мае, загляньце ў дом слугі вашага і пераначуйце. Памыйце ногі вашыя і нараніцы выбярэцеся ў дарогу вашу». Яны адказалі: «Ніякім чынам, мы пераначуем на двары».
Але ён моцна ўпрошваў іх; і яны пайшлі да яго і ўвайшлі ў дом ягоны. Ён зрабіў ім пачостку і сьпёк прэсны хлеб; і яны елі.
Але ён прасіў іх моцна, і яны накіраваліся да яго. І калі прыйшлі ў дом ягоны, ён справіў гасьціну, напёк прэсных бондаў, і яны пасіліліся.
Яшчэ ня леглі яны спаць, як гарадзкія жыхары, Садомцы, ад маладога да старога, увесь люд з усіх канцоў горада, абступілі дом
Не ляглі яны яшчэ спаць, як людзі з гораду, жыхары Садомы, акружылі дом, ад малога да старога, увесь натоўп разам.
і выклікалі Лота і казалі яму: дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? выведзі іх да нас; мы спазнаем іх.
І выклікалі яны Лёта, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб мы пазналі іх».
Лот выйшаў да іх да ўваходу і замкнуў за сабою дзьверы,
Выйшаў да іх Лёт, замкнуўшы за сабою дзьверы, і кажа:
і сказаў: братове мае, не рабеце ліхога;
«Прашу, браты мае, не рабіце нічога благога.
вось, у мяне дзьве дачкі, якія не спазналі мужчыны; лепей я выведу іх да вас, рабеце зь імі, што вам заўгодна; толькі людзям гэтым не рабеце нічога, бо яны прыйшлі пад дах дома майго.
Вось маю дзьве дачкі незамужнія. Выведу іх да вас, і вы, што вам падабаецца, рабіце зь імі, толькі мужчынам гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».
Але яны сказалі: ідзі сюды. І сказалі: вось, прыхадзень, а хоча судзіць? цяпер мы горш учынім з табою, чым зь імі. І яны падступіліся да чалавека гэтага, да Лота, і падышлі, каб выламаць дзьверы.
Але яны сказалі: «Ідзі адсюль». І дадалі: «Сам прыблуда, і хоча судзіць? Дык вось цябе самога мы болей прыжмём, нячым іх». І накінуліся зь вялікай сілай на Лёта, і ўжо ледзь не выламалі дзьверы.
Тады мужы тыя працягнулі рукі свае, і ўвялі Лота да сябе ў дом, і дзьверы замкнулі;
Тады тыя людзі выцягнулі рукі і ўцягнулі Лёта да сябе, і зачынілі дзьверы.
а людзей, якія былі каля ўваходу ў дом, уразілі сьлепатою, ад малога да вялікага, так што яны нацярпеліся, шукаючы выхаду.
А тых, што былі на двары, ад найменшага да найбольшага, пакаралі сьлепатою так, што не маглі яны знайсьці дзьвярэй.
Сказалі мужы тыя Лоту: хто ў цябе ёсьць яшчэ тут? ці зяць, ці твае сыны, ці твае дочкі, і хто б ні быў у цябе ў горадзе, усіх выведзі з гэтага месца,
І сказалі тыя людзі Лёту: «Маеш тут яшчэ каго свайго? Зяця, сыноў або дачок, усіх, хто з тваіх ёсць у горадзе, выведзі з гэтага месца,
бо мы зьнішчым гэтае месца; бо вялікі лямант на жыхароў яго Госпаду, і Гасподзь паслаў нас зьнішчыць яго.
бо мы зьнішчым гэты горад, таму што скарга на яго дайшла да Госпада, і Ён паслаў нас, каб мы зьнішчылі яго».
І выйшаў Лот, і гаварыў зь зяцямі сваімі, якія бралі за сябе дачок ягоных, і сказаў: устаньце, выйдзіце з гэтага месца, бо Гасподзь зьнішчыць гэты горад. Але зяцям ягоным здалося, што ён жартуе.
Тады выйшаў Лёт і сказаў зяцям сваім, каторыя мелі жаніцца зь ягонымі дочкамі, і падганяў: «Уставайце, бяжым з гэтага месца, бо Госпад мае зьнішчыць горад». Ім жа здавалася, што ён жартуе.
Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.
На сьвітаньні анёлы падганялі Лёта, кажучы: «Уставай, бяры жонку сваю і дзьве дачкі, якія маеш тут, каб не загінуў ты праз злачыннасьць гораду».
І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам.
А калі марудзіў, падхапілі тыя людзі яго за рукі, і жонку, і дзьве дачкі ягоныя, бо Госпад пашкадаваў іх,
Калі ж вывелі іх вонкі, дык адзін зь іх сказаў: ратуй душу сваю; не азірайся і нідзе ня спыняйся ў навакольлі гэтым; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.
і вывелі яго, і пакінулі за горадам. Там сказаў адзін зь іх: «Ратуй жыцьцё сваё, і не аглядайся назад, і не затрымоўвайся нідзе ў гэтай мясцовасьці, але ў гарах шукай ратунку, бо інакш прападзеш!»
Але Лот сказаў ім: не, Валадару!
Лёт сказаў ім: «Не, Госпадзе мой!
Вось, раб Твой здабыў упадабаньне прад вачыма Тваімі, і вялікая літасьць Твая, якую Ты ўчыніў мне, што ўратаваў жыцьцё маё; але я не магу ратавацца на гары, каб не дагнала мяне бяда і мне не памерці:
Вось жа, калі слуга Твой знайшоў ласку ў Цябе, і Ты ўславіў міласэрдзе Сваё, аказваючы яго мне, каб уратаваць жыцьцё маё, не магу хавацца ў гарах, каб не напаткала мяне гора, і не памёр я.
вось, бліжэй уцякаць у гэты горад, ён жа малы; пабягу я туды; ён жа малы; і захаваецца жыцьцё маё.
Вось жа горад гэты блізка, у які я магу ўцячы, малы, але ў ім уратуюся, дык што малы — захаваю жыцьцё сваё».
І сказаў яму: вось, на дагоду табе Я ўчыню і гэта: ня збуру горада, пра які ты кажаш;
І сказаў яму: «Я ў гэтым таксама прыняў просьбу тваю, каб ня зьнішчыць гораду, у які ты прасіўся.
пасьпяшайся, ратуйся там: бо Я не магу ўчыніць дзеі, пакуль ты ня прыйдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сігор.
Сьпяшайся і ратуйся там, бо не магу нічога рабіць, пакуль туды ня ўвойдзеш». Таму і дадзена імя тому месцу Цаар.
Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот прыйшоў у Сігор.
Сонца паднялося ўжо над зямлёю, калі Лёт прыбыў у Сэгор.
І выліў Гасподзь на Садому і Гамору дажджом серку і агонь ад Госпада зь неба,
Тады Госпад спусьціў на Садому і Гамору дождж серкі і агня ад Госпада зь неба,
і збурыў гарады гэтыя, і ўсё навакольле гэта, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.
і зьнішчыў гарады гэтыя і ўсю мясцовасьць кругом, усіх жыхароў гарадоў гэтых і ўсю зеляніну зямлі.
А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам.
А жонка Лёта, аглянуўшыся за сябе, стала слупом солі.
І ўстаў Абрагам рана раніцай і пайшоў на месца, дзе стаяў прад абліччам Госпада;
Абрагам жа, падняўшыся рана, пайшоў на тое месца, дзе стаяў раней перад Госпадам,
і паглядзеў на Садому і Гамору і на ўсю прастору навакольля і ўбачыў: вось, дым падымаецца зь зямлі, як дым з вапельні.
і глянуў на Садому і Гамору, і на ўвесь той абшар. І ўбачыў дым густы, быццам зь печы, які падымаўся над зямлёй,.
І было, калі Бог зьнішчаў гарады навакольля гэтага, успомніў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спасярод зьнішчэньня, калі бурыў гарады, у якіх жыў Лот.
Так вось Бог, нішчучы гарады гэтай мясцовасьці, памятаючы на Абрагама, ухаваў Лёта ад гібелі з гарадамі, у якіх ён пражываў.
І выйшаў Лот зь Сігора, і пачаў жыць у гары, і зь ім дзьве дачкі ягоныя, бо ён баяўся жыць у Сігоры. І жыў у пячоры, і зь ім дзьве дачкі ягоныя.
І выйшаў Лёт з Цаару, і абжыўся разам з дзьвюма дачкамі сваімі ў гарах, бо баяўся заставацца ў тым горадзе. І жыў у пячоры сам і абедзьве дачкі яго.
І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі;
І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, а ніводнага з мужчынаў не засталося на зямлі, каторы б мог прыйсьці да нас па звычаю ўсёй зямлі.
дык вось апоім бацьку нашага віном, і перасьпім зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.
Хадзі, напоім бацьку нашага віном і будзем спаць зь ім, каб зьберагчы маглі патомства ад бацькі нашага».
І апаілі бацьку свайго віном у тую ноч; і ўвайшла старэйшая і спала з бацькам сваім; а ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.
І далі яны ў тую ноч бацьку свайму піць віно; і ўвайшла старэйшая, і спала з бацькам. Ён жа ня чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.
На другі дзень старэйшая сказала малодшай: вось, я спала ўчора з бацькам маім; апоім яго віном і гэтае ночы; і ты ўвайдзі, сьпі зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.
На другі дзень кажа старэйшая малодшай: «Я вось учора спала з бацькам маім. Дайма яму піць віно таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і будзеш спаць зь ім, каб захаваць патомства ад бацькі нашага».
І апаілі бацьку свайго віном і гэтае ночы; і ўвайшла малодшая і спала зь ім; і ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.
І далі яны і ў гэтую ноч бацьку свайму піць віно, і ўвайшла малодшая дачка, і спала зь ім. А ён таксама ня чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.
І зацяжарыліся абедзьве дачкі Лотавыя ад бацькі свайго;
І так абедзьве дачкі Лёта пачалі ад бацькі свайго.
і нарадзіла старэйшая сына і дала яму імя: Мааў. Ён бацька Маавіцянаў дагэтуль.
І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго — Мааб. Ён ёсьць бацькам Маабцаў аж па сёньняшні дзень.
І малодшая таксама нарадзіла сына і дала яму імя Бэн-Амі. Ён бацька Аманіцянаў дагэтуль.
Малодшая таксама нарадзіла сына і назвала яго імем Бэн-Амі. Ён ёсьць бацькам сыноў Амона аж да сягоньня.