Быццё 20 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Абрагам падняўся адтуль на поўдзень і пасяліўся паміж Кадэсам і Сурам; і быў часова ў Герары.
Адсюль Абрагам перабраўся ў зямлю Нэгэб, і абжыўся між Кадэшам і Шурам. А калі прабываў ён у Герары,
І сказаў Абрагам пра Сарру, жонку сваю: яна сястра мая. І паслаў Авімэлэх, цар Герарскі, і ўзяў Сарру.
казаў аб сваёй жонцы: «Яна мая сястра». Дык Абімэлех, кароль Герару, паслаў людзей і забраў яе.
І прыйшоў Бог да Авімэлэха ўначы ў сьне і сказаў яму: вось, ты памрэш за жанчыну, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа.
І прыйшоў Бог да Абімэлеха ноччу ўва сьне і кажа яму: «Ты вось памрэш дзеля жанчыны, каторую ўзяў, яна бо мае мужа».
Авімэлэх жа не кранаў яе і сказаў: Уладару, няўжо Ты загубіш і невінаваты народ?
А Абімэлех не дакранаўся яе, дык адказаў: «Госпадзе, ці ж і народ справядлівы будзеш забіваць?
ці ня сам ён сказаў мне: яна сястра мая? І яна сама сказала: ён брат мой. Я зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца майго і ў чысьціні рук маіх.
Ці ж ён сам не сказаў мне: «Яна сястра мая», і яна казала таксама: «Ён брат мой». У прастаце сэрца свайго і ў чыстасьці рук маіх я зрабіў гэта».
І сказаў яму Бог у сьне: і Я ведаю, што ты зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца твайго, і ўтрымаў цябе ад грэху прад Мною, таму і не дапусьціў цябе дакрануцца да яе;
І сказаў яму Бог ува сьне: «Я ведаю, што ў прастаце сэрца ты зрабіў гэта, і таму бярог цябе, каб ты не саграшыў адносна Мяне, і не дапусьціў, каб ты дакрануўся яе.
а цяпер вярні жонку мужу, бо ён прарок і памоліцца за цябе, і ты будзеш жывы; а калі ня вернеш, дык ведай, што канечне памрэш ты і ўсе твае.
Цяпер вось вярні жонку мужу ейнаму, бо ён прарок, і будзе маліцца за цябе, і ты будзеш жыць. Калі ж не захочаш вярнуць, то ведай, што памрэш ты і ўсе, хто твае».
І ўстаў Авімэлэх рана раніцай, і паклікаў усіх рабоў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і людзі гэтыя вельмі напалохаліся.
І зараз жа нараніцы, падняўшыся, склікаў Абімэлех усіх слугаў сваіх і расказаў ім усе гэтыя словы. І людзі дужа спужаліся.
І паклікаў Авімэлэх Абрагама і сказаў яму: што ты з намі зрабіў? чым зграшыў я супроць цябе, што навёў быў на мяне і на царства маё вялікі грэх? ты ўчыніў мне дзеі, якіх ня ўчыняюць.
І паклікаў Абімэлех Абрагама і сказаў яму: «Што ты зрабіў нам? Чым я саграшыў табе, што ты навёў на мяне і на каралеўства маё вялікі грэх? Што ты не павінен быў зрабіць, зрабіў мне».
І сказаў Авімэлэх Абрагаму: які ты меў намер, калі ўчыняў гэтую дзею?
І зноў сказаў: «Што ты думаў, робячы гэта?»
Абрагам сказаў: я падумаў, што няма ў месцы гэтым страху Божага, і заб’юць мяне за жонку маю;
Абрагам адказаў: «Я разважаў так: на гэтым месьце напэўна няма страху Божага, дык заб'юць мяне дзеля жонкі маёй.
ды яна і сапраўды сястра мне: яна дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і зрабілася маёю жонкаю;
Дарэчы, яна сапраўды сястра мая, як дачка бацькі майго, але зь іншай маткі. І яна сталася маёй жонкай.
калі Бог павёў мяне вандраваць з дому бацькі майго, дык я сказаў ёй: зрабі мне гэтую ласку, у якое ні прыйдзем мы месца, усюды кажы пры мне: гэта брат мой.
Калі мне Бог казаў выйсьці з дому бацькі майго і вандраваць, я сказаў ёй: «Акажы ты мне гэту ласку: у кожным месцы, куды прыбудзем, ты кажы, што я брат твой».
І ўзяў Авімэлэх дробнага і буйнога быдла, і рабоў і рабыняў, і даў Абрагаму; і вярнуў яму Сарру, жонку ягоную.
Дык узяў Абімэлех авечак, валоў і слугаў, і служанак і даў Абрагаму. І вярнуў яму Сару, жонку ягоную,
І сказаў Авімэлэх: вось, зямля мая перад табою; жыві, дзе табе заўгодна.
і сказаў: «Вось зямля мая перад табой, дзе б табе падабалася — жыві».
І Сарры сказаў: вось, я даў брату твайму тысячу сікляў срэбра; вось, гэта табе пакрывала на вочы перад усімі, хто з табою, і перад усімі ты апраўданая.
А Сары сказаў ён: «Даю брату твайму тысячу сыкляў серабра. Хай для ўсіх, каторыя з табой, будзе табе доказам, што ты безь віны».
І памаліўся Абрагам Богу, і ацаліў Бог Авімэлэха, і жонку ягоную, і рабыняў ягоных, і яны пачалі радзіць;
І Абрагам памаліўся да Бога, і Бог аздаравіў Абімэлеха і жонку ягоную, і ягоныя нявольніцы, каб маглі мець патомства.
бо замкнуў Гасподзь кожнае чэрава ў доме Авімэлэха за Сарру, жонку Абрагамаву.
Госпад бо дакрануў бясплоднасьцю ўсе ўлоньні ў доме Абімэлеха за Сару, жонку Абрагама.