Быццё 23 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Жыцьця Саррынага было сто дваццаць сем гадоў: вось гады жыцьця Саррынага:
 
Сара жыла сто дваццаць сем гадоў.

і памерла Сарра ў Кірыят-Арбе, што сёньня Хэўрон, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе.
 
І памерла яна ў Кірыят-Арбе, значыць Геброне, у зямлі Ханаан; і прыйшоў Абрагам, каб смуткаваць па Сары і плакаць па ёй.

І адышоў Абрагам ад памерлай сваёй, і казаў сынам Хэтавым, і сказаў:
 
А па заканчэньні абраду паховінаў прамовіў ён да сыноў Гета, кажучы:

я ў вас прыхадзень і пасяленец: дайце мне ва ўласнасьць месца пад магілу паміж вамі, каб мне памерлую маю пахаваць ад вачэй маіх.
 
«Я ў вас чужынец і пасяленец, дык прадайце мне тут у вас магілу на ўласнасьць, каб мог я пахаваць сваю памёршую».

Сыны Хэта адказвалі Абрагаму і сказалі яму:
 
А сыны Гета адказалі Абрагаму:

паслухай нас, спадару наш; ты князь Божы сярод нас; у найлепшым з нашых пахавальных месцаў пахавай памерлую тваю; ніхто з нас не адмовіць табе пахавальнага месца, дзеля пахаваньня памерлай тваёй.
 
«Паслухай нас, гаспадару, князь Божы ты ў нас; дык пахавай сваю памёршую ў найлепшай з магілаў нашых. Ніхто з нас табе не забароніць, каб ты пахаваў сваю памёршую ў яго магіле».

Абрагам устаў і пакланіўся люду зямлі той, сынам Хэтавым;
 
Тады Абрагам паўстаў і, аддаўшы паклон народу зямлі гэтай, значыць сынам Гетавым,

і казаў і сказаў: калі вы згодныя, каб я пахаваў памерлую маю, дык паслухайце мяне, папрасеце за мяне Эфрона сына Цахаравага,
 
сказаў ім: «Калі вы згаджаецеся, каб я пахаваў памёршую сваю, то паслухайце мяне, папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара,

каб ён аддаў мне пячору Махпэлу, якая ў яго на канцы поля ягонага, каб за дастатковую цану аддаць яе мне сярод вас, ва ўласнасьць дзеля пахаваньня.
 
каб даў мне пячору Махпэля, якую мае ён на канцы поля свайго. За адпаведную цану хай мне прадасьць яе, каб сярод вас меў я магілу на ўласнасьць».

А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хэтавых. І адказваў Эфрон Хэтэянін Абрагаму ў вушы сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіў у браму горада ягонага, і сказаў:
 
А Эфрон сядзеў сярод сыноў Гета. І Эфрон Гетыт, пры ўсіх сынах Гета, каторыя зыйшоўшыся былі пры браме гораду іхняга, адказаў Абрагаму ў гэтыя словы:

не, спадару мой, паслухай мяне: я даю табе поле і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго табе яе, пахавай памерлую тваю.
 
«Ніколі ня будзе так, пане мой, паслухай мяне. Даю табе поле і пячору, якая на ім, у прысутнасьці сыноў народу майго, хавай нябожчыка свайго».

Абрагам пакланіўся перад людзьмі зямлі той
 
Абрагам пакланіўся перад народам той зямлі,

і казаў Эфрону ў вушы люду зямлі той і сказаў: калі паслухаешся, я даю табе за поле срэбра; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памерлую маю.
 
і сказаў Эфрону ўслых народу той зямлі: «Прашу, паслухай мяне. Я даю грошы за гэтае поле, прымі іх, і тады пахаваю памёршую сваю на ім».

Эфрон адказаў Абрагаму і сказаў яму:
 
А Эфрон адказаў Абрагаму, кажучы яму:

спадару мой! паслухай мяне: зямля каштуе чатырыста сікляў срэбра; мне і табе што гэта? пахавай памерлую тваю.
 
«Гаспадару мой, паслухай мяне. Зямля вартая чатырыста сыкляў серабра, сума невялікая для мяне і цябе — хавай сваю памёршую!»

Абрагам выслухаў Эфрона; і наважыў Абрагам Эфрону срэбра, колькі ён абвясьціў у вушы сынам Хэтавым, чатырыста сікляў срэбра, якое ходзіць у купцоў.
 
І паслухаў Абрагам Эфрона, і адважыў грошы на суму, якую Эфрон назваў у прысутнасьці Гетытаў, чатырыста сыкляў серабра, якія былі тады ў ужытку.

І сталася поле Эфронавае, якое каля Махпэлы, насупраць Мамрэ, поле і пячора, якая на ім і ўсе дрэвы на полі, ва ўсіх межах яго навакол,
 
Так вось поле Эфрона ў Махпэлі блізка Мамрэ, дзе была пячора на ім, ды ўсе дрэвы на ім уздоўж граніцы кругом

валоданьнем Абрагамавым перад вачыма сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіць у браму горада ягонага.
 
сталіся ўласнасьцяй Абрагама, у прысутнасьці Гетытаў і ўсіх, каторыя былі ўвайшоўшы ў браму іхняга гораду.

Пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, што сёньня Хэўрон у зямлі Ханаанскай.
 
Пасьля пахаваў Абрагам Сару, жонку сваю, у пячоры на полі Махпэлі, блізка Мамрэ, значыць Геброну, у зямлі Ханаан.

Так дасталіся Абрагаму ад сыноў Хэтавых поле і пячора, якая на ім, ва ўласнасьць пад пахаваньне.
 
Адсюль поле і пячора, што была на ім, перайшлі ад Гетытаў да Абрагама, як магіла на ўласнасьць на хаваньне памёршых.