Быццё 26 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.
 
Калі настаў голад на зямлі, другі з чаргі па тым, які быў за часоў Абрагама, Ізаак падаўся да Абімэлеха, караля Філістынскага, у Герар.

Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;
 
І явіўся яму Госпад, і кажа: «Не ідзі ў Эгіпет, але жыві ў той зямлі, якую Я пакажу табе.

вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя, і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;
 
Вандруй па той зямлі, а Я буду з табой і буду дабраславіць табе. Бо табе і твайму патомству Я аддаю ўсю гэтую зямлю і стрымаю прысягу, якую даў твайму бацьку Абрагаму,

памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,
 
што размножу патомства тваё, як зоркі на небе, поруч дам твайму патомству ўсе гэтыя землі. І ў тваім патомстве будуць дабраслаўлены ўсе народы зямлі,

за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.
 
таму што Абрагам паслухаў голасу Майго і выконваў прыказаньні і загады Мае, і даручэньні, і закон».

Ісаак пасяліўся ў Герары.
 
І абжыўся Ізаак у Герары.

Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: «гэта сястра мая», бо баяўся сказаць: «жонка мая», каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.
 
А калі людзі таго месца пыталіся яго пра жонку ягоную, ён адказваў: «Гэта сястра мая». Бо баяўся прызнацца, што яна зьвязана зь ім сужонствам, каб дзеля прыгажосьці яе не забілі яго часам.

Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
 
Калі так пражываў даўжэйшы час, аднойчы Абімэлех, кароль Філістынскі, гледзячы праз вакно, угледзіў Ізаака, каторы сьмяяўся міла да Рэбэкі, як да жонкі.

І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.
 
І паклікаў тады Абімэлех Ізаака, і сказаў: «Дык яна жонка твая! Чаму ты хлусіш, што яна — сястра твая?» Адказаў (Ізаак): «Бо баяўся, што памру дзеля яе».

Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.
 
І сказаў Абімэлех: «Чаму ты зрабіў гэта нам? Мог бы хто з народу ўвайсьці да жонкі тваёй, і гэтым зацягнуў бы вялікі грэх на нас». І загадаў ён усяму народу, кажучы:

І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.
 
«Хто дакрануўся б гэтага чалавека і жонкі ягонай, будзе пакараны сьмерцю».

І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.
 
І вось сеяў Ізаак у той зямлі, і сабраў у тым годзе стакротны плён, і дабраславіў яму Госпад.

І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.
 
І ставаўся штораз багацейшы той чалавек, і паступова стаўся дужа багаты.

У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.
 
І меў ён многія статкі авечак і валоў, і мноства слугаў. Дзеля таго Філістынцы з зайздросьцілі яму,

І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.
 
і засыпалі зямлёй усе студні, каторыя калісьці выкапалі слугі бацькі яго, Абрагама.

І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.
 
Сам жа Абімэлех сказаў Ізааку: «Адыйдзіся ад нас, бо ты багацейшы за нас!»

І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.
 
Дык Ізаак адыйшоў адтуль і паставіў палаткі каля ракі ў Герары, і там абжыўся.

І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
 
І зноў капаў студні, каторыя выкапалі ў час бацькі яго, Абрагама, а каторыя па сьмерці Абрагама засыпалі Філістынцы. І назваў ён іх тымі ж назвамі, якімі назваў іх бацька.

І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.
 
І капалі слугі Ізаака ў даліне (ручаю), і натрапілі там на крыніцу жывой вады.

І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.
 
Але і там паднялі звадку пастухі Герарскія супраць пастухоў Ізаака, якія казалі: «Гэта наша вада!» Таму і студню тую назвалі Эсэк, бо вадзіліся за яе.

Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.
 
І выкапалі яны іншую студню, і за яе спрачаліся, і назвалі яе Сітна.

І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.
 
І выбраўся Ізаак адтуль, і выкапаў іншую студню, пра якую ўжо не спрачаліся, і назваў яе Рэхабот, кажучы: «Цяпер пашырыў нас Госпад, і мы разрастаемся на зямлі».

Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.
 
І перасяліўся ён з таго месца ў Бээр-Шэбу.

І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба Майго.
 
І аб'явіўся яму Госпад у тую ноч, і сказаў: «Я — Бог Абрагама, бацькі твайго. Ня бойся, бо Я з табой, Я буду дабраславіць табе, і размножу патомства тваё дзеля слугі Майго, Абрагама».

І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.
 
І ён пабудаваў там ахвярнік і, прызваўшы імя Госпада, паставіў палатку, а слугі яго выкапалі там студню.

Прыйшоў да яго зь Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.
 
Пасьля прыбылі з Герару Абімэлех і Ахузат, прыяцель яго, поруч Піколь, начальнік войска.

Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?
 
Ізаак сказаў ім: «Чаго вы прыйшлі да мяне, чалавека, якога зьненавідзелі і выгналі ад сябе?»

Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і таму мы сказалі: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,
 
Яны адказалі: «Бачылі мы, што з табой Госпад, і таму сказалі: Хай будзе паміж намі і табой клятва, і мы ўвойдзем з табой у запавет,

каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.
 
каб ты нам нічога не зрабіў благога, як і мы ня скрыўдзілі цябе, і нічога табе не зрабілі апрача дабра, і спакойна адпусьцілі цябе. Бо ты дабраслаўлены Госпадам».

Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.
 
І ён зрабіў ім банкет, і яны напіліся і наеліся.

І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.
 
І, устаўшы нараніцы, запрысягліся ўзаемна. Правёў іх Ізаак, і яны пайшлі.

У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.
 
У той дзень прыйшлі слугі Ізаакавы і паведамілі яму пра студню, што выкапалі, кажучы: «Знайшлі мы ваду».

І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бэер-Шыва да гэтага дня.
 
Адсюль назвалі яе Шыбэа, і гэта назва дадзена гораду Бээр-Шэба аж па сягоньняшні дзень.

І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.
 
Калі Эзаў меў сорак гадоў, узяў за жонку Юдыту, дачку Бээры Гетыта, і Басэмат, дачку Элёна Гетыта.

І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.
 
Яны былі прычынай прыкрасьці для Ізаака і Рэбэкі.