Быццё 27 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Калі Ісаак састарыўся, і прытупіўся зрок вачэй ягоных, ён паклікаў старэйшага сына свайго Ісава і сказаў яму: сыне мой! Той сказаў яму: вось я.
Калі Ізаак састарэў, зацягнула вочы яму, і ён ня мог бачыць. І паклікаў ён сына свайго старэйшага, Эзава, і сказаў яму: «Сын мой!» Ён адказаў: «Вось я».
Сказаў: вось, я састарыўся; ня ведаю дня сьмерці маёй;
І бацька кажа яму: «Бачыш, што я састарэў, і ня ведаю дня сьмерці сваёй.
вазьмі цяпер прылады твае, калчан твой і лук твой, выйдзі ў поле і ўпалюй мне дзічыны,
Дык вазьмі зброю сваю, сагайдак і лук, і ідзі ў поле. Калі на паляваньні што ўпалюеш,
і згатуй мне страву, якую я люблю, і прынясі мне есьці, каб дабраславіла цябе душа мая, перш чым я памру.
прыгатуеш мне з таго страву, якую люблю, і прынясеш, каб я паеў, а я ад душы табе дабраслаўлю перш, чым памру».
Рэбэка чула, як Ісаак гаварыў сыну свайму Ісаву. І пайшоў Ісаў у поле дастаць і згатаваць дзічыны;
А Рэбэка чула, як Ізаак гаварыў з сынам сваім, Эзавам. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць штосьці і прынесьці,
А Рэбэка сказала сыну свайму Якаву: вось, я чула, як бацька казаў брату твайму Ісаву:
а Рэбэка сказала сыну свайму, Якубу: «Я вось чула, як бацька твой гаварыў з Эзавам, братам тваім, і казаў яму:
прынясі мне дзічыны і згатуй мне страву; я паем і дабраслаўлю цябе прад абліччам Гасподнім, перад сьмерцю маёю.
«Прынясі мне з паляваньня твайго і зрабі мне яду, каб я паеў, і я дабраслаўлю цябе перад Госпадам, перш, чым памру».
Цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх у тым, што я загадаю табе:
Дык цяпер, сын мой, слухай, што я табе скажу і што загадаю табе.
выйдзі ў статак і вазьмі мне адтуль два казьляняткі добрыя: і я згатую зь іх бацьку твайму страву, якую ён любіць:
Пасьпяшы да статка і прынясі мне двух найлепшых казьлянятаў, а я зраблю зь іх бацьку твайму пасілак, які ён вельмі любіць.
а ты прынясеш бацьку твайму, і ён паесьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю.
Як прынясеш яго бацьку твайму, ён зьесьць і дабраславіць цябе, перш, чым памрэ».
Якаў сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі;
Ён ёй адказаў: «Ведаеш жа, што брат мой, Эзаў, касматы чалавек, а я гладкі.
можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне.
Калі памацае мяне бацька і пазнае, баюся, каб не падумаў, ён што я яго ашукваю, бо навяду тады на сябе праклён, а не дабраславенства».
Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой, сыне мой; толькі паслухайся слоў маіх і выйдзі, прынясі мне.
Кажа яму маці: «Хай на мяне спадзе гэты праклён, сын мой, толькі паслухай, што я кажу, і пасьпяшы прынесьці, што я загадала».
Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй; і маці ягоная зрабіла страву, якую любіў бацька ягоны.
І ён пайшоў, і прынёс, і аддаў маці. І прыгатавала яна ежу, як хацеў бацька ягоны,
І ўзяла Рэбэка багатую вопратку старэйшага сына свайго Ісава, якая была ў яе ў доме, і апранула малодшага сына свайго Якава;
і адзела яго ў самае добрае адзеньне Эзава, якое мела ў сябе дома.
а рукі яго і гладкую шыю яго абклала скураю казьлянят,
А рукі яго абкруціла скуркамі казьлінымі, і таксама шыю закрыла.
і дала страву і хлеб, якія яна згатавала, у рукі Якаву, сыну свайму.
І дала яна найлепшую страву і хлеб, які сьпякла, у рукі сына свайго, Якуба.
Ён увайшоў да бацькі свайго і сказаў: бацька мой! Той сказаў: вось я; хто ты, сыне мой?
І ён, увайшоўшы да бацькі свайго, сказаў: «Бацька мой!» А той адказаў: «Слухаю. Хто ты, сын мой?»
Якаў сказаў бацьку свайму: я, Ісаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне; устань, сядзь і паеж дзічыны маёй, каб дабраславіла мяне душа твая.
Сказаў Якуб бацьку свайму: «Я Эзаў, першародны твой. Зрабіў я, як ты мне загадаў; уставай, сядзь і еш з упаляваньня майго, каб дабраславіла душа твая мяне».
І сказаў Ісаак сыну свайму: што так хутка знайшоў ты, сыне мой? Ён сказаў: бо Гасподзь Бог твой паслаў мне насустрач.
І зноў азваўся Ізаак да сына свайго: «Як гэта так скора мог ты знайсьці дзічыну?» Ён адказаў: «Воля Госпада, Бога твайго, была, што гэта мне ўдалося».
І сказаў Ісаак Якаву: падыдзі, я абмацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не?
Ізаак сказаў Якубу: «Хадзі бліжэй сюды, каб дакрануцца цябе, сын мой, і праверыць, ці ты — сын мой Эзаў, ці не?»
Якаў падышоў да Ісаака, бацькі свайго; і ён абмацаў яго і сказаў: голас, голас Якаваў; а рукі, рукі Ісававыя.
І падыйшоў ён да бацькі, а той, дакрануўшыся яго, сказаў: «Голас Якуба, але рукі, рукі Эзава».
І не пазнаў яго, бо рукі ў яго былі, як рукі ў Ісава, брата ягонага, калматыя. І дабраславіў яго
І не пазнаў яго, бо касматыя рукі яго былі, як рукі старэйшага, і дабраславіў яго.
і сказаў: ці ты сын мой Ісаў? Ён адказаў: я.
І спытаў яго: «Ці ты сын мой, Эзаў?» Той адказаў: «Я».
Ісаак сказаў: падай мне, я паем дзічыны сына майго, каб дабраславіла цябе душа мая. Якаў падаў яму, і ён еў; прынёс яму і віна, і ён піў.
Кажа яму: «Прынясі мне, што ты ўпаляваў, сын мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І прынёс яму, і ён спажыў, і даў яму таксама віно, і ён пакаштаваў.
Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: падыдзі, пацалуй мяне, сыне мой.
І сказаў яму (Ізаак), бацька ягоны: «Хадзі да мяне і пацалуй мяне, сын мой».
Ён падышоў і пацалаваў яго і сказаў: вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое дабраславіў Гасподзь;
Ён прыйшоў і пацалаваў яго. Адразу, як пачуў Ізаак пах адзеньня яго, дабраславіў яму: «Вось жа пах сына майго, як водар поля запоўненага, каторае пабагаславіў Госпад.
хай дасьць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і многа хлеба і віна;
Хай дасьць табе Бог расу зь неба і шчодрасьць зямлі, і ўраджайнасьць збожжа і віна.
хай паслужаць табе народы, хай паклоняцца табе плямёны: будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай паклоняцца табе сыны маці тваёй; кляцьбіты твае — праклятыя; і дабраславенцы твае — дабраславёныя.
Хай служаць табе народы і пакланяюцца плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай даюць табе паклон сыны маткі тваёй! Кожны, хто будзе цябе дабраславіць, хай будзе дабраслаўлены».
Як толькі ўчыніў Ісаак дабраславеньне над Якавам, і як толькі выйшаў Якаў ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, — Ісаў, брат ягоны, прыйшоў з ловаў сваіх.
Калі Ізаак кончыў дабраславіць Якуба, і Якуб выйшаў ад бацькі свайго, Ізаака, надыйшоў Эзаў, брат яго,
Згатаваў і ён страву, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: устань, бацька мой, і паеж дзічыны сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая.
і прынёс звараную ежу з упаляваньня свайго, і сказаў бацьку: «Устань, айцец мой, і еш з упаляваньня сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
А Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: хто ты? Ён сказаў: я сын твой, першынец твой, Ісаў.
І сказаў яму бацька ягоны: «Хто ты?» Ён адказаў: «Я — сын твой першародны, Эзаў».
І задрыжаў Ісаак вельмі вялікім дрыжаньнем і сказаў: хто ж гэта, які дастаў дзічыны і прынёс мне, і я еў з усяго, перш чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? ён і будзе дабраславёны.
Ізаак стрывожыўся надта і спытаўся: «Дык хто ж гэта быў, што ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў яе перш, чым ты вярнуўся, і дабраславіў яго? Дык жа гэта ён атрымаў дабраславенства!»
Ісаў, выслухаўшы словы бацькі свайго, падняў гучны і вельмі горкі енк, і сказаў бацьку свайму: бацька мой! дабраславі і мяне.
Калі Эзаў пачуў гэтыя словы бацькі свайго, заплакаў горка, і лямантаваў, і казаў бацьку: «Дай і мне дабраславенства, мой тата!»
Але ён сказаў: брат твой прыйшоў з хітрынаю і ўзяў дабраславеньне маё.
Але Ізаак сказаў: «Прыйшоў падступна брат твой і забраў тваё дабраславенства!»
І сказаў: ці не таму дадзена яму імя: Якаў, што ён запабег мяне ўжо два разы? ён узяў першародства маё, і вось, цяпер узяў дабраславеньне маё. І сказаў: няўжо ты не пакінуў мне дабраславеньня?
Тады сказаў Эзаў: «Справядліва назвалі імя яго Якуб! Двойчы мяне ашукаў: пазбавіў мяне першародзтва, а цяпер адабраў ад мяне дабраславенства!» І сказаў ён: «Ці не захаваў ты мне дабраславенства?»
Ісаак адказаў Ісаву: вось, я паставіў яго гаспадаром над табою і ўсіх братоў ягоных аддаў яму ў рабы; адарыў яго хлебам і віном; што ж я зраблю дзеля цябе, сыне мой?
Ізаак на гэта сказаў: «Устанавіў вось я яго гаспадаром тваім і ўсіх братоў яго падпарадкаваў яму; абдарыў яго шчодрасьцю збожжа і віна, дык што ж магу для цябе ўчыніць, мой сыне?»
Але Ісаў сказаў бацьку свайму: няўжо, бацька мой, адно ў цябе дабраславеньне? дабраславі і мяне, бацька мой! І ўзвысіў Ісаў голас свой і заплакаў.
Але Эзаў сказаў бацьку: «Ці ж ты меў толькі адно дабраславенства, мой тата? Дабраслаў таксама і мяне, айцец мой!» І Эзаў расплакаўся ўголас.
І адказваў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: вось, ад тлушчу зямлі будзе пражываньне тваё і ад расы нябеснай згары;
На гэта Ізаак даў яму такі адказ: «Ня будзе ўраджайная зямля, у каторай будзеш жыць, і ня будзе там расы зь неба,
і ты будзеш жыць мечам тваім і будзеш служыць брату твайму; але будзе час, калі ўсупрацівішся і скінеш ярмо ягонае з шыі тваёй.
зь мяча жыць будзеш і будзеш слугою твайго брата! А прыйдзе час, калі супрацівішся і скінеш ярмо яго з сваіх плячэй».
І зьненавідзеў Ісаў Якава за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцы сваім: набліжаюцца дні плачу па бацьку маім; і я заб’ю Якава, брата майго.
Дык зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславенства, якім дабраславіў яго бацька, і сказаў у сваім сэрцы: «Калі прыйдуць дні жалобы па бацьку маім, заб'ю Якуба, брата свайго».
І пераказаны былі Рэбэцы словы Ісава, старэйшага сына яе; і яна паслала, і паклікала малодшага сына свайго Якава, і сказала яму: вось, Ісаў, брат твой, пагражае забіць цябе;
Калі Рэбэка даведалася пра тое, што казаў Эзаў, ейны старэйшы сын, загадала паклікаць Якуба і сказала яму: «Эзаў, брат твой, пагражае забіць цябе.
і цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх, устань, бяжы да Лавана, брата майго, у Харан;
Дык вось, сын мой, паслухай мяне і, рана ўстаўшы, уцякай да Лябана, брата майго, у Харан.
і пажыві ў яго некаторы час, пакуль спатоліцца лютасьць брата твайго,
Пажывеш зь ім нейкі час, пакуль ня спыніцца ярасьць брата твайго,
пакуль спатоліцца гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзе, што ты зрабіў яму: тады я пашлю і вазьму цябе адтуль; навошта мне ў адзін дзень страціць абодвух вас?
а калі праміне абурэньне ягонае, ён забудзе пра тое, што ты зрабіў яму. Потым я пашлю і забяру цябе адтуль сюды. Чаму ў адзін дзень мела б згубіць аднаго і другога сына?»
І сказала Рэбэка Ісааку: я жыцьцю ня радая ад дачок Хэтэйскіх; калі Якаў возьме жонку з дачок Хэтэйскіх, як гэтыя, з дачок гэтай зямлі, дык навошта мне і жыцьцё?
І сказала Рэбэка Ізааку: «Ня мілае мне жыцьцё з гэтымі Гетыткамі. Калі яшчэ Якуб возьме сабе жонку Гетытку, або адну з гэтых жанчын, каторыя жывуць у гэтай зямлі, то няма чаго мне жыць!»