Быццё 28 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І паклікаў Ісаак Якава і дабраславіў яго і наказаў: не бяры сабе жонкі з дачок Ханаанскіх:
Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.
устань, ідзі ў Месапатамію, у дом Ватуіла, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе жонку адтуль, з дачок Лавана, брата маці тваёй:
Устань, ідзі ў Паддан-Арам, да сям'і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лябана, дзядзькі свайго.
А Бог Усемагутны хай дабраславіць цябе, хай расплодзіць цябе і хай памножыць цябе, і хай будзе ад цябе мноства народаў:
А Бог Усемагутны будзе табе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасьць табе шматлікае патомства, і ты станеш бацькам многіх плямёнаў.
і хай дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе ўспадкаваць зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму!
Дабраславенства, атрыманае Абрагамам, дасьць таксама табе і твайму патомству, каб займеў ты на ўласнасьць зямлю, у якой пражываеш, і якую калісьці Бог даў Абрагаму».
І адпусьціў Ісаак Якава, і ён пайшоў у Месапатамію да Лавана, сына Ватуіла Арамэйца, да брата Рэбэкі, маці Якава і Ісава.
І выправіў Ізаак Якуба ў дарогу, і ён пайшоў у Паддан-Арам да Лябана, сына Бэтуэля, Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
Ісаў убачыў, што Ісаак дабраславіў Якава і дабраслаўляючы паслаў яго ў Месапатамію, узяць сабе жонку адтуль, і наказаў яму, сказаўшы: не бяры жонкі з дачок Ханаанскіх;
А Эзаў, бачучы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Паддан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што на дабраславенстве загадаў яму: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»,
і што Якаў паслухаўся бацькі свайго і маці сваёй і пайшоў у Месапатамію.
і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Паддан-Арам,
І ўбачыў Ісаў, што дочкі Ханаанскія не падабаюцца Ісааку, бацьку ягонаму;
і, даведаўшыся таксама, што ягоны бацька ня любіць дачок Ханаану,
і пайшоў Ісаў да Ізмаіла і ўзяў сабе жонку Махалату, дачку Ізмаіла, сына Абрагамавага, сястру Наваётаву, звыш жонак сваіх.
пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, — Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Нэбаёта.
А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,
А Якуб выйшаў з Бээр-Шэбы і павандраваў у Харан.
і прыйшоў у адно месца і застаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.
І вось трапіў ён на адно месца, і там заначаваў, бо ўжо сонца зайшло. І ўзяў ён ляжачы там камень, і падлажыў сабе пад галаву, і заснуў на тым месцы.
І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.
Ува сьне бачыў ён драбіну, што абапіралася на зямлю, а верхам дасягала неба, і запар анёлаў Божых, узыходзячых па ёй і зыходзячых уніз.
І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;
І бачыў ён Госпада, Які стаіць на версе яе і кажа яму: «Я — Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой сьпіш, Я дам табе і патомству твайму.
і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:
Патомства тваё будзе так вялікае, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў патомстве тваім усе пакаленьні зямлі будуць дабраслаўлены.
і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.
І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты не пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль ня выпаўню, што табе абяцаю».
Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў.
Калі Якуб прабудзіўся зо сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я ня ведаў».
І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта — брама нябесная.
І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсьць гэтае месца! Ні што іншае тут, як, хіба, дом Божы і брама ў неба».
І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго.
Дык устаўшы нараніцы, Якуб узяў камень, які быў падложаны пад галаву, і паставіў, як слуп, і абліў зьверху алеем.
І даў імя месцу таму: Бэт-Эль: а ранейшае імя таго горада было: Луз.
І назваў месца гэтае Бэтэль, а ранейшая назва гэтага месца была Люз.
І даў Якаў зарок, сказаўшы: калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца,
І злажыў Якуб такое шлюбаваньне: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзявацца,
і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Гасподзь маім Богам, —
і калі шчасьліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе Богам маім,
дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю.
то гэты камень, які я паставіў як слуп, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».