Быццё 3 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў польных, якіх стварыў Гасподзь Бог. І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?
А зьмей быў хітрэйшы за ўсіх жывуноў палявых, каторых стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы ня елі з кожнага дрэва райскага?»
І сказала жанчына зьмею: плады з дрэваў мы можам есьці,
Жанчына адказала яму: «З плоду дрэваў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;
толькі пладоў з дрэва, якое пасярод раю, сказаў Бог, ня ежце і не чапайце іх, каб вам не памерці.
а з плоду дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб ня елі і не дакраналіся яго, каб не памерлі».
І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце;
Дык сказаў зьмей жанчыне: «Ніякім чынам не памрыцё!
але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло.
Бог бо ведае, што ў дзень, у каторы будзеце есьці зь яго, адкрыюцца вочы вашыя і будзеце як Бог, ведаць будзеце дабро і зло».
І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веду; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў.
Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае да яды і мілае вачам, і прывабнае для здабыцьця веды; і сарвала зь яго плод, пакаштавала сама і дала мужу свайму, каторы быў зь ёю, і ён зьеў.
І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі.
І адкрыліся вочы ў абоіх. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фіговыя і зрабілі сабе перапаяскі.
І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды; і схаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі раю.
І калі пачулі голас Госпада Бога, ходзячага па раі ў пару прахалоды дня, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў райскіх.
І паклікаў Гасподзь Бог Адама і сказаў яму: дзе ты?
І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты дзеўся?»
Ён сказаў: голас твой я пачуў у раі, і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся.
Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся».
І сказаў Бог: хто сказаў табе, што ты голы? ці ня еў ты з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці?
І сказаў яму Бог: «Хто вось табе адкрыў, што ты голы? Хіба што з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці, ты ўсё ж такі еў?»
Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў.
Чалавек сказаў: «Жанчына, каторую Ты мне даў за сяброўку, сама дала мне з дрэва, і я еў».
І сказаў Гасподзь Бог жонцы: што гэта ты зрабіла? Жонка сказала: зьмей змусьціў мяне, і я ела.
Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Зьмей зьвёў мяне, і я зьела».
І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго;
Тады кажа Госпад Бог зьмею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзь між усіх жывёлаў і ўсіх зьвяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш ды будзеш пыл есьці ўсе дні існаваньня свайго.
і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.
І Я пакладу варожасьць між табой і жанчынай, і патомствам тваім і ейным патомствам. Яно сатрэ галаву табе, а ты сатрэш яму пяту».
Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою.
А жанчыне сказаў: «Памножу мучэньні твае ў родах тваіх: з болем будзеш радзіць дзяцей, і да мужа твайго пацяга твая, ён жа будзе панаваць над табою».
А Адаму сказаў: за тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: «ня еж зь яго», праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца зь яе ва ўсе дні жыцьця твайго;
Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, зь якога Я табе забараніў есьці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У трудзе будзеш жывіцца на ёй усе дні жыцьця свайго.
церне і ваўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою;
Пустазельле і асот будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца расьлінамі зямлі.
У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся.
У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, аж пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якой ты ўзяты, бо пыл ты і ў пыл вернешся».
І назваў Адам імя жонцы сваёй: Ева, бо яна стала маці ўсіх, хто жыве.
Чалавек даў імя сваёй жонцы Эва, таму што яна была маткай усіх жывых.
І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх.
І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама жонцы яго адзеньне са скуры і прыадзеў іх.
І сказаў Гасподзь Бог: вось, Адам, зрабіўся як адзін з Нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы ні працягнуў руку сваю, і ня ўзяў таксама ад дрэва жыцьця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна.
Потым кажа Госпад Бог: «Вось жа чалавек стаўся як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай ня выцягне ён рукі сваёй і ня возьме таксама плоду з дрэва жыцьця, зьесьць яго і жыць будзе вечна».
І выслаў яго Гасподзь Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, зь якое ён узяты.
Дзеля таго Госпад Бог выгнаў яго з раю Эдэн, каб абрабляў гэтую зямлю, зь якой быў узяты.
І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця.
І выгнаўшы чалавека, (Бог) паставіў перад раем Эдэн на ўсходзе хэрубіма і зьзяючы меч, каб сьцерагчы дарогу да дрэва жыцьця.