Быццё 30 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І ўбачыла Рахіль, што яна ня родзіць дзяцей Якаву, і пазайздросьціла Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю.
 
А Рахель, бачучы, што ня можа даць Якубу патомства, зайздросьціла сваёй сястры, і сказала мужу: «Дай мне дзяцей, інакш памру».

Якаў угневаўся на Рахіль і сказаў ёй: хіба я Бог, Які ня даў табе плоду ў чэраве?
 
Раззлаваны, адказаў ёй Якуб: «Ці гэта я, а ня Бог пазбавіў цябе патомства?»

Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе.
 
А яна сказала на гэта: «Вось нявольніца мая, Більга. Увайдзі да яе, каб нарадзіла яна на маіх каленях, і буду я мець дзяцей зь яе».

І дала яна Валу, служанку сваю, за жонку яму; і ўвайшоў да яе Якаў.
 
І дала яна яму сваю нявольніцу Більгу за жонку,

Вала зачала і нарадзіла Якаву сына.
 
якая па тым, як увайшоў да яе Якуб, пачала і нарадзіла сына.

І сказала Рахіль: наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына. Таму дала яму імя: Дан.
 
І сказала Рахель: «Судзіў мяне Бог, і выслухаў просьбу маю, даючы мне сына». І таму назвала яго Дан.

І яшчэ зачала і нарадзіла Вала, служанка Рахіліна, другога сына Якаву.
 
І зноў Більга, нявольніца Рахелі, пачала, і нарадзіла Якубу другога сына.

І сказала Рахіль: змаганьнем моцным змагалася я зь сястрою маёю і перамагла. І дала яму імя: Нэфталім.
 
І сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым ваявала я зь сястрою сваёй, і перамагла». І назвала яго Нэфталі.

Лія ўбачыла, што перастала радзіць, і ўзяла служанку сваю Зэлфу, і дала яе Якаву за жонку.
 
А Лія, чуючы, што перастала нараджаць, узяла нявольніцу сваю, Зільпу, і дала яе за жонку Якубу.

І Зэлфа, служанка Лііна, нарадзіла Якаву сына.
 
І тая нарадзіла Якубу сына.

І сказала Лія: прыбавілася. І дала яму імя: Гад.
 
І сказала Лія: «Шчасьце!» І дзеля таго дала яму імя Гад.

Зэлфа, служанка Лііна нарадзіла другога сына Якаву.
 
Нарадзіла таксама Зільпа, нявольніца Ліі, другога сына Якубу.

І сказала Лія: на дабро мне, бо шчаснаю будуць называць мяне жанчыны. І дала яму імя: Асір.
 
І сказала Лія: «На шчасьце маё! Шчасьлівай мяне назавуць жанчыны». Таму назвала яго Асэр.

Рувім пайшоў у час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоравыя яблыкі ў полі, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І Рахіль сказала Ліі: дай мне мандрагораў сына твайго.
 
І выйшаў аднойчы Рубэн на поле ў час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. Тады Рахель сказала: «Дай мне мандрагоры твайго сына».

Але Лія сказала ёй: няўжо мала табе — завалодаць мужам маім, што ты дамагаешся і мандрагораў сына майго? Рахіль сказала: дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго.
 
А Лія адказала на гэта: «Ня досыць табе, што ты мне мужа забрала, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры майго сына?» Рахель загаманіла: «Хай ён сьпіць з табой гэтай ночы за мандрагоры твайго сына».

Якаў прыйшоў з поля ўвечары, і Лія выйшла яму насустрач і сказала: увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы.
 
І калі Якуб вяртаўся з поля вечарам, Лія пераняла яго і сказала: «Прыйдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры майго сына». І ён спаў зь ёй у гэтую ноч.

І пачуў Бог Лію, і яна зачала і нарадзіла Якаву пятага сына.
 
І выслухаў Бог Лію, і яна пачала, і нарадзіла Якубу пятага сына,

І сказала Лія: Бог даў мне адплату за тое, што я аддала служанку маю мужу майму. І дала яму імя: Ісахар (што азначае: адплата).
 
і сказала: «Даў мне Бог заплату, бо я дала мужу свайму сваю нявольніцу». І назвала яго імем Ісахар.

І яшчэ зачала Лія і нарадзіла Якаву шостага сына.
 
І зноў Лія пачала, і нарадзіла Якубу шостага сына,

І сказала Лія: Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў. І дала яму імя: Завулон.
 
і сказала: «Надарыў мяне Бог добрым падарункам, гэтым разам уганараваў мяне муж мой тым, што нарадзіла яму шэсьць сыноў». І таму назвала яго імем Забулён.

Потым нарадзіла дачку і дала ёй імя: Дзіна.
 
Наастатак нарадзіла дачку імем Дзіна.

І ўспомніў Бог пра Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне яе.
 
І прыпомніў Бог таксама Рахелю, і выслухаў яе, і адкрыў улоньне яе.

Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю.
 
І яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Зьняў зь мяне Бог ганьбу маю».

І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына.
 
І назвала імя яго Язэп, і сказала: «Хай дасьць мне Госпад яшчэ аднаго сына!»

Пасьля таго, як Рахіль нарадзіла Язэпа, Якаў сказаў Лавану: пусьці мяне, і пайду я ў сваё месца і ў сваю зямлю:
 
Калі Рахель нарадзіла Язэпа, Якуб сказаў Лябану: «Адпусьці мяне, бо хачу вярнуцца на бацькаўшчыну, у зямлю сваю.

аддай жонак маіх і дзяцей маіх, за якіх я служыў табе, і я пайду: бо ты ведаеш службу маю, якую я служыў табе.
 
Дай мне жонак і дзяцей маіх, за каторых я служыў табе, бо хачу вярнуцца. Ты ведаеш добра, як я табе служыў».

І сказаў яму Лаван: о, калі б я знайшоў упадабаньне перад вачыма тваімі! я заўважаю, што за цябе Гасподзь дабраславіў мяне.
 
Кажа яму Лябан: «О, каб я знайшоў ласку на віду ў цябе! Я пераканаўся, што Госпад дабраславіў мне дзеля цябе.

І сказаў: назнач сабе ўзнагароду ад мяне, і я дам.
 
Устанаві, якую заплату маю даць табе».

І сказаў яму Якаў: ты ведаеш, як я служыў табе, і якім стала быдла пры мне;
 
А ён кажа Лябану: «Ты сам ведаеш, як верна я служыў табе, і як разрасталіся твае стады дзякуючы рукам маім.

бо мала было ў цябе да мяне, а стала многа; Гасподзь дабраславіў цябе з прыходам маім; калі ж я буду працаваць на свой дом?
 
Ня многа ты меў, калі я да цябе прыбыў, а цяпер павялічылася вельмі маёмасьць твая, дабраславіў бо табе Госпад з прыходам маім. А цяпер я хачу паклапаціцца і пра сваю сям'ю».

І сказаў Лаван: што даць табе? Якаў сказаў: не давай мне нічога. Калі толькі зробіш мне, што я скажу, дык я зноў буду пасьвіць і ахоўваць авечкі твае.
 
На гэта Лябан сказаў: «Што маю табе даць?» А ён адказаў: «Нічога мне не давай! Калі споўніш, пра што цябе папрашу, то зноў буду пасьвіць і берагчы твае стады.

І прайду сёньня па ўсім статку авечак тваіх; аддзялі зь яго ўсё быдла з плямкамі і зь пярэсьцінамі, усё быдла чорнае з авечак, таксама з плямкамі і зь пярэсьцінамі з коз. Такое быдла будзе мне ўзнагародаю.
 
Я прайду сягоньня па ўсіх стадах авечак тваіх; і аддзялю зь іх усякую жывёліну крапкаваную і пярэстую, усякую жывёліну чорную з авец, а такжа з плямамі і кропкамі з козаў, і гэта будзе маёй заплатай.

І гаварыцьме перад табою справядлівасьць мая ў наступны час, калі прыйдзеш паглядзець узнагароду маю. Кожная каза ня з плямкамі, і авечка ня чорная, гэта крадзенае ў мяне.
 
Пераканае цябе заўтра мая справядлівасьць: калі прыйдзеш, каб праверыць заплату маю, усё, што ня будзе крапкаванае і пярэстае ў козах і чорнае ў авечак, можаш уважаць за скрадзенае мною».

Лаван сказаў: добра, няхай будзе паводле твайго слова.
 
І сказаў Лябан: «Добра, хай будзе, як просіш!»

І аддзяліў у той дзень казлоў пярэстых і з плямамі, і ўсіх коз з плямкамі і пярэсьцінамі, усіх, на якіх было белае, і ўсіх чорных авечак, і аддаў іх на рукі сынам сваім;
 
І яшчэ ў той самы дзень аддзяліў Лябан усіх крапкаваных казлоў і ўсіх козаў крапкаваных і пярэстых, усіх, каторыя мелі крыху воўны белай, а таксама чорныя авечкі, і даў іх сваім сынам.

і назначыў адлегласьць паміж сабою і Якавам на тры дні дарогі. А Якаў пасьвіў астатняе дробнае быдла Лаванавае.
 
І вызначыў ён адлегласьць, якую трэба было прайсьці на працягу трох дзён, паміж сабой і Якубам, які пасьвіў рэшту авечак Лябана.

І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах;
 
А Якуб назьбіраў зялёных пруткоў тапалёвых, мігдалевых і яворавых, і выразаў на іх белыя палосы, зьняўшы кару да белага, каторае на прутах,

і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі.
 
і так нарэзаныя пруты прымацаваў да карытаў з вадой, пры вадапоях, каб іх бачылі стады, каторыя прыходзілі піць ваду. І калі жывёлы прыходзілі піць ваду, парыліся.

І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі.
 
І так парыліся жывёліны са стадаў перад тымі прутамі, і радзілася жывёла пярэстая, з кропкамі і плямамі.

І аддзяляў Якаў ягнят і ставіў быдла перадам да пярэстага і ўсяго чорнага быдла Лаванавага; і трымаў свае статкі асобна і ня ставіў іх разам з быдлам Лаванавым.
 
І аддзяляў Якуб авечак белых, і гнаў іх наперадзе перад чорнымі і пярэстымі, як стады Лябана, а для сябе трымаў стады асобна, ня лучачы іх са стадамі Лябана.

Кожнага разу, калі зачынаць быдла моцнае, Якаў клаў дубцы ў кадаўбах перад вачыма ў быдла, каб яно зачынала перад дубцамі.
 
І пры гэтым Якуб клаў тыя панарэзаныя галіны на відомым месцы пры вадапоях толькі тады, калі мелі парыцца асобнікі моцныя.

А калі зачынала быдла слабое, тады ён ня клаў. І даставалася слабое быдла Лавану, а моцнае Якаву.
 
Калі ж авечкі былі слабыя, прутоў ня клаў. Такім чынам жывёлу слабую атрымаў Лябан, а моцную — Якуб.

І зрабіўся гэты чалавек вельмі, вельмі багаты, і было ў яго мноства дробнага быдла, і рабынь і рабоў, і вярблюдаў і аслоў.
 
І так Якуб стаўся чалавекам дужа багатым; і меў ён многа стадаў, слугаў і нявольніцаў, вярблюдаў і аслоў.