Быццё 32 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І Якаў пайшоў дарогай сваёю. І сустрэлі яго анёлы Божыя.
 
Якуб таксама падаўся ў дарогу, якую распачаў, і перанялі яго анёлы Божыя.

Якаў, убачыўшы іх, сказаў: гэта рушэньне Божае. І даў імя месцу таму: Маханаім.
 
Калі ён убачыў іх, сказаў: «Гэта табар Божы», і гэтае месца назваў Маханаім.

І паслаў Якаў перад сабою пасланцоў да брата свайго Ісава ў зямлю Сэір, у вобласьць Эдом,
 
І паслаў ён перад сабой пасланцоў да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, у мясцовасьць Эдом.

і загадаў ім, сказаўшы: так скажэце гаспадару майму Ісаву: вось, што кажа раб твой Якаў: я жыў у Лавана і пражыў дагэтуль;
 
І загадаў ён ім: «Так скажыце гаспадару майму Эзаву: Гэта кажа слуга твой Якуб: Быў я аж да сёньняшняга дня ў Лябана.

і ёсьць у мяне валы і аслы і дробнае быдла, і рабы і рабыні; і я паслаў абвясьціць пра сябе гаспадару майму, каб знайсьці ўпадабаньне перад вачыма тваімі.
 
Маю валоў, аслоў, авечак, слугаў і служанак. І пасылаю вось пасланцоў да гаспадара майго, каб знайсьці ласку перад воблікам тваім».

І вярнуліся пасланцы да Якава і сказалі: мы хадзілі да брата твайго Ісава; ён ідзе напярэймы табе, і зь ім чатырыста чалавек.
 
І вярнуліся пасланцы да Якуба, і сказалі: «Прыбылі мы да Эзава, брата твайго, а вось жа ён сьпяшаецца на спатканьне табе з чатырмастамі людзей».

Якаў вельмі спалохаўся і сумеўся; і падзяліў людзей, якія былі зь ім, і быдла дробнае і буйное і вярблюдаў, на два табары.
 
І спалохаўся вельмі Якуб, і, напужаны, падзяліў народ, які зь ім быў, і стады таксама, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары.

І сказаў: калі Ісаў нападзе на адзін табар і паб’е яго, дык другі табар можа ўратавацца.
 
І казаў: «Калі Эзаў нападзе на адзін табар і паб'е, то другі, каторы застанецца, будзе ўратаваны».

І сказаў Якаў: Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, Госпадзе, Які сказаў мне: вярніся ў зямлю тваю, на радзіму тваю, і Я буду дабрачыніць табе!
 
І маліўся Якуб: «Бог бацькі майго Абрагама і Бог бацькі майго Ізаака, Госпадзе, Ты сказаў мне: «Вярніся ў зямлю сваю, у месца нараджэньня свайго, і Я буду апякавацца табою!»

Няварты я ўсіх ласкаў і ўсіх дабрачынстваў, якія ты ўчыніў рабу Твайму; бо я з кіем маім перайшоў гэты Ярдан, а цяпер у мяне два табары.
 
Ня варты я ўсякай міласьцівасьці і вернасьці ўсякай, якою акружаеш Ты слугу Свайго. З палкаю сваёй я перайшоў Ярдан гэты, а цяпер вяртаюся з двума табарамі.

Збаві мяне ад рукі брата майго, ад рукі Ісава; бо я баюся яго, каб ён прыйшоўшы не забіў мяне і маці зь дзецьмі.
 
Ухавай мяне ад рукі брата майго, ад рукі Эзава, бо я напалоханы, каб часам, напаўшы, не забіў ён матак зь дзяцьмі.

Ты сказаў: Я буду чыніць добрае табе і зраблю нашчадкаў тваіх як пясок марскі, якога не палічыць ад мноства.
 
А Ты казаў, што будзеш аказваць мне дабро і зробіш патомства маё, як пясок марскі, які дзеля вялікасьці ня можа быць палічаны».

І начаваў там Якаў тае ночы. І ўзяў з таго, што ў яго было, у дарунак Ісаву, брату свайму:
 
І прачакаў ён там тую ноч, і ўзяў з усяго таго, што меў, дары Эзаву, брату свайму:

дзьвесьце коз, дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак, дваццаць бараноў,
 
дзьвесьце козаў і дваццаць казлоў, дзьвесьце авечак і дваццаць бараноў,

трыццаць вярблюдзіц дойных з жарабятамі іхнімі, сорак кароў, дзесяць валоў, дваццаць асьліц, дзесяць аслоў.
 
трыццаць дойных вярблюдзіцаў разам зь вярблюдзянятамі, сорак кароў і дзесяць быкоў, дваццаць асьліцаў і дзесяць асьлянятаў,

І даў у рукі рабам сваім кожны статак асобна і сказаў рабам сваім: ідзеце перад мною і пакідайце адлегласьць ад статку да статку.
 
і аддаў слугам сваім кожнае са статкаў, кажучы: «Будзеце ісьці перада мной у водпустах паміж кожным статкам».

І загадаў першаму, сказаўшы: калі брат мой Ісаў сустрэнецца табе і спытае ў цябе, кажучы: чый ты? і куды ідзеш? і чый гэта статак перад табою?
 
І загадаў ён тым, што ішлі наперадзе, кажучы: «Калі спаткаеш брата майго Эзава, і ён запытае цябе: «Чый ты і куды ідзеш?» і «Чыё гэта, што ідзе за табой?»,

дык скажы: раба твайго Якава: гэта дарунак, пасланы гаспадару майму Ісаву; вось, і сам ён за намі.
 
то ты адкажаш: слугі твайго Якуба. Ён паслаў дары гаспадару свайму Эзаву, і ён ідзе за намі.

Тое самае загадаў ён і другому, і трэцяму, і ўсім, што ішлі за статкамі, кажучы: так скажэце Ісаву, калі сустрэнеце яго;
 
Падобны загад даў і другому, і трэцяму, ды ўсім, каторыя ішлі за стадамі, кажучы: «Падобнымі словамі кажыце Эзаву, калі спаткаеце яго,

і скажэце: вось, і раб твой Якаў за намі. Бо ён сказаў сам сабе: умілажалю яго дарункамі, якія ідуць перад мною, і пасьля ўбачу твар ягоны; магчыма, і прыме мяне.
 
і дадасьцё: І ён, слуга твой Якуб, ідзе дарогаю за намі». І казаў ён: «Умалю яго дарамі, якія мяне папераджаюць, а потым сам спаткаюся зь ім; можа даруе мне».

І пайшлі дарункі перад ім, а ён у тую ноч начаваў у табары.
 
Так вось папераджалі яго дары, а ён сам застаўся ў тую ноч у табары.

І ўстаў у тую ноч і, узяўшы дзьвюх жонак сваіх і дзьвюх рабыняў сваіх і адзінаццаць сыноў сваіх, перайшоў празь Явок бродам;
 
А калі ўстаў нараніцы, узяў дзьве жонкі свае і дзьве іх нявольніцы з адзінаццацьцю дзяцьмі і пераправіўся праз брод ручая Ябок.

і ўзяўшы іх, перавёў праз паток, і перавёў усё, што ў яго было.
 
І ўзяў і пераправіў іх, і ўсё, што да яго належала, праз ручай.

І застаўся Якаў адзін. І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара;
 
І застаўся ён сам адзін. І вось Нехта змагаўся зь ім аж да раніцы.

і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім.
 
І калі Той убачыў, што ня можа яго (Якуба) перамагчы, дакрануўся састава сьцягна яго, і пашкодзіў састаў сьцягна ў Якуба, калі ён дужаўся зь Ім.

І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне.
 
І сказаў Той: «Пусьці Мяне, бо ўжо ўзыйшла зараніца». Якуб адказаў: «Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне».

І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў.
 
Той кажа яму: «Якое імя тваё?» Адказвае: «Якуб».

І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш.
 
Той кажа: «Ніколі ўжо больш ня будзе называцца імя тваё Якуб, але Ізраэль, бо змагаўся ты з Богам і зь людзьмі, і перамог!»

Спытаўся і Якаў, кажучы: скажы імя Тваё. І ён сказаў: навошта ты пытаешся пра імя Маё? І дабраславіў яго там.
 
І запытаўся ў Яго Якуб: «Скажы мне, якім імем называешся?» Адказаў: «Чаму пытаешся пра імя Маё?» І дабраславіў яго ў тым самым месцы.

І даў Якаў імя месцу таму: Пэнуэль; бо казаў ён, я бачыў Бога твар у твар, і захавалася душа мая.
 
І Якуб назваў тое месца імем Пэнуэль, кажучы: «Бачыў я Бога тварам ў твар, але зьбярог сваё жыцьцё».

І ўзышло сонца, калі ён праходзіў Пэнуэль; і кульгаў ён на сьцягно сваё.
 
І сонца было ўжо ўзыйшоўшы, калі ён праходзіў Пэнуэль. А ён накульгваў на сьцягно сваё.

Таму і да сёньня сыны Ізраіля не ядуць жылаў, якія на суглобе сьцягна, бо Змагар дакрануўся да жылы на суглобе сьцягна ў Якава.
 
Дзеля гэтае прычыны сыны Ізраэля не ядуць жылы, каторыя на сьцягне, аж да сягоньняшняга дня, таму што Той, Каторы змагаўся, закрануў жылы сьцягна Якуба.