Быццё 33 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Зірнуў Якаў і ўбачыў, і вось, ідзе Ісаў і зь ім чатырыста чалавек. І падзяліў Якаў дзяцей Лііных, Рахіліных і дзьвюх служанак.
 
І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў прыбываючага Эзава, а зь ім чатырыста мужчынаў. І (Якуб) падзяліў дзяцей Ліі, Рахелі і абёдзьвюх нявольніцаў,

І паставіў служанак і дзяцей іхніх наперадзе, Лію і дзяцей яе за імі, а Рахіль і Язэпа апошнімі.
 
і памясьціў нявольніцы зь іхнімі дзяцьмі наперадзе, Лію зь яе дзяцьмі крыху за імі, а пасьля іх Рахелю і Язэпа.

А сам пайшоў перад імі і пакланіўся да зямлі сем разоў, падыходзячы да брата свайго.
 
А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падыйшоў да брата свайго.

І пабег Ісаў яму напярэймы і абняў яго, і ўпаў на шыю яму і цалаваў яго, і плакалі.
 
І Эзаў падбег на спатканьне брата свайго, абняў яго за шыю і пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.

І зірнуў Ісаў і ўбачыў жонак і дзяцей і сказаў: хто гэта ў цябе? Якаў сказаў: дзеці, якіх Бог даў рабу твайму.
 
Эзаў, падняўшы вочы, убачыў жанчынаў і дзяцей іхніх і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці мае, якімі надарыў Бог мяне, слугу твайго».

І падышлі служанкі і дзеці іхнія і пакланіліся;
 
Тады падыйшлі нявольніцы з сваімі дзяцьмі, і пакланіліся.

падышла і Лія і дзеці яе і пакланіліся; нарэшце падышлі Язэп і Рахіль і пакланіліся.
 
Падыйшла такжа Лія са сваімі дзяцьмі, і пакланілася; а наастатак Язэп і Рахель аддалі паклон.

І сказаў Ісаў: навошта ў цябе гэта мноства, якое я спаткаў? І сказаў Якаў: каб здабыць упадабаньне ў вачах гаспадара майго.
 
І папытаўся Эзаў: «Чые гэта стады, каторыя я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім».

Ісаў сказаў: у мяне многа, браце мой; хай будзе тваё ў цябе.
 
На гэта сказаў Эзаў: «Маю я многа, браце мой, хай твае будуць табе».

Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне;
 
Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў цябе, прымі ад мяне гэты мой дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў воблік твой, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты аказаў мне вялікую спагаднасьць.

прымі дабраславеньне маё, якое я прынёс табе, бо Бог даў мне, і ёсьць у мяне ўсё. І ўпрасіў яго. І той узяў
 
Дык прымі дар мой, каторы я для цябе прызначыў, бо Бог міласьцівы для мяне, маю ўсё». І так налягаў на яго, аж наканец прыняў

і сказаў: падымемся і пойдзем; і я пайду перад табою.
 
і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім».

Якаў сказаў яму: гаспадар мой ведае, што дзеці пяшчотлівыя, а дробнае і буйное быдла ў мяне дойнае: калі гнаць яго цэлы дзень, дык памрэ ўсё быдла;
 
Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што маю дзеці кволыя, авечкі і каровы кормяць малых; калі буду іх гнаць хоць бы адзін дзень, то прападзе ўсё маё стада.

хай гаспадар мой пойдзе паперадзе раба свайго, а я пайду павольна, як пойдзе быдла, якое перад мною, і як пойдуць дзеці, і прыйду да гаспадара майго ў Сэір.
 
Дык ідзі, гаспадару мой, перад слугою тваім, а я буду ісьці памалу, так, як пойдзе мой статак, каторы ганю, і як будуць ісьці дзеці, аж прыйду да цябе, гаспадару мой, да Сэіру.»

Ісаў сказаў: пакіну я з табою людзей, якія пры мне. Якаў сказаў: навошта гэта? толькі б здабыць мне ўпадабаньне ў вачах гаспадара майго!
 
Эзаў адказаў: «Можа табе пакінуць некалькі маіх людзей, каторыя са мною?» На гэта Якуб сказаў: «Няма патрэбы ў гэтым, калі знайшоў я спагаднасьць на віду гаспадара майго».

І вярнуўся Ісаў таго ж самага дня дарогаю сваёю ў Сэір.
 
І Эзаў вярнуўся ў той дзень у паваротную дарогу ў Сэір.

І Якаў рушыў у Сакот, і пабудаваў сабе дом, і быдлу свайму парабіў кашары. Ад гэтага даў ён імя месцу: Сакот.
 
А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх стадаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасьць назвалі Сукот.

Якаў, вярнуўшыся зь Месапатамі, шчасьліва прыйшоў у горад Сіхем, які ў зямлі Ханаанскай, і разьмясьціўся перад горадам.
 
Калі вярнуўся з Паддан-Араму, пераправіўся Якуб пасьпяхова ў горад Сыхем, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля гораду.

І купіў дзялянку поля, на якім паставіў намёт свой, у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага, за сто манет.
 
І купіў ён частку поля, на якім паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто сярэбранікаў.

І паставіў там ахвярнік; і заклікаў імя Госпада, Бога Ізраілевага.
 
І пабудаваў там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсьць Богам Ізраэля».