Быццё 34 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Дзіна, дачка Ліі, якую яна нарадзіла Якаву, выйшла падзівіцца на дачок зямлі той.
Аднойчы Дзіна, дачка Якуба, каторую нарадзіла яму Лія, выйшла, каб паглядзець на жанчынаў той мясцовасьці.
І ўбачыў яе Сіхем, сын Эмора Эвэяніна, князя зямлі той, і ўзяў яе, і спаў зь ёю, і ўчыніў ёй гвалт.
А калі яе ўбачыў Сыхем, сын Гамора Гівэя, князя той зямлі, закахаўся ў яе, і схапіў яе сілай, і спаў зь ёй, і знахаліў яе.
І прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якава, і ён пакахаў дзяўчыну і гаварыў па сэрцы дзяўчыне.
І ўсім сэрцам пакахаў ён Дзіну, дачку Якуба, і міла да яе прамаўляў.
І сказаў Сіхем Эмору, бацьку свайму, кажучы: вазьмі мне гэтую дзяўчыну за жонку.
І прасіў Сыхем свайго бацьку Гамора: «Вазьмі гэту дзяўчыну для мяне за жонку!»
Якаў дачуўся, што сын Эмораў зьняславіў Дзіну, дачку ягоную; але як што сыны яго былі пры быдле ягоным у полі, дык Якаў маўчаў, пакуль яны ня прыйшлі.
Калі Якуб даведаўся, што Сыхем зганьбіў яго дачку Дзіну, сыны яго былі пры статку на полі, дык ён нічога не сказаў, чакаючы пакуль вернуцца.
І выйшаў Эмор, бацька Сіхемаў, да Якава, пагаварыць зь ім.
А Гамор, бацька Сыхема, выбраўся да Якуба, каб зь ім пагаварыць.
А сыны Якава прыйшлі з поля і калі пачулі, дык засмуціліся мужчыны тыя і запалалі гневам, бо няславу зрабіў ён Ізраілю, пераспаўшы з дачкою Якава: а так нельга было рабіць.
У той час сыны Якуба вярнуліся з поля і, пачуўшы, што здарылася, засмуціліся і ўзлаваліся моцна, бо ганьбу зрабіў (Сыхем) Ізраэлю і, згвалтаваўшы дачку Якуба, злачынства ўчыніў.
Эмор пачаў гаварыць ім і сказаў: Сіхем, сын мой, прыляпіўся душою да дачкі вашае; дайце ж яе за жонку яму;
А Гамор сказаў ім: «Сыхем, сын мой, прыляпіўся душой да дачкі вашай. Дайце яму яе за жонку.
параднецеся з намі: аддавайце за нас дачок вашых, а нашых дачок бярэце сабе;
Пасваячыцеся з намі: дочкі вашыя дайце нам за жонкі, а дочкі нашыя вазьміце сабе.
і жывеце з намі: зямля гэтая перад вамі, жывеце і працуйце на ёй і набывайце яе ў валоданьне.
Будзеце жыць з намі, і зямля гэтая будзе для вас. Можаце на ёй пасяляцца, рухацца свабодна і купляць зямлю на ўласнасьць».
А Сіхем сказаў бацьку яе і братам яе: толькі б знайсьці мне ўпадабаньне ў вачах вашых, я дам, што ні скажаце мне;
Сыхем сказаў таксама да бацькі і братоў Дзіны: «Пакажыце толькі спагаднасьць, і дам, што запатрабуеце ад мяне.
назначце самы вялікі выкуп і дарункі: я дам, што ні скажаце мне, толькі аддайце мне дзяўчыну за жонку.
Прызначце мне хоць бы найбольшую плату і дарунак, і я гатовы даць столькі, колькі скажаце, абы толькі далі дзяўчыну за жонку».
І адказвалі сыны Якава Сіхему і Эмору, бацьку ягонаму, з хітрынаю; а казалі так таму, што ён зьняславіў Дзіну, сястру іхнюю;
Тады сыны Якуба адказвалі падступна Сыхему і яго бацьку Гамору, таму што зганьбіў ён іх сястру Дзіну.
і сказалі ім: ня можам гэтага зрабіць, выдаць сястру нашую за чалавека, які неабрэзаны; бо гэта няслава нам;
І сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, каб маглі выдаць сястру нашую за чалавека неабрэзанага, бо гэта было б нам ганьбай.
толькі на той умове мы згодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб і ў вас увесь мужчынскі пол быў абрэзаны;
У гэтым можам мы згадзіцца з вамі толькі тады, калі вы захочаце быць падобнымі нам, калі кожны з вашых мужчынаў будзе абрэзаны.
і будзем аддаваць за вас дачок нашых і браць за сябе вашых дочак, і будзем жыць з вамі, і складзем адзін народ;
Тады толькі дадзём вам нашых дачок, а дачок вашых будзем браць сабе за жонкі, і будзем жыць разам з вамі, і станемся адным народам.
а калі не паслухаецеся нас у тым, каб абразацца, дык мы возьмем дачку нашу і сыдзем.
Калі не захочаце быць абрэзанымі, возьмем дачку нашую і пойдзем далей».
І спадабаліся словы гэтыя Эмору і Сіхему, сыну Эмораваму.
Прапанова іхняя спадабалася Гамору і Сыхему, сыну ягонаму,
Хлопец не забавіўся выканаць гэта, бо кахаў дачку Якава. А ён найбольш паважаны быў з дому бацькі свайго.
і юнак не адклаў, каб адразу выпаўніць, што патрабавалася, бо моцна любіў дачку Якуба, а быў ён найбольш паважаны ў-ва ўсёй радні бацькі свайго.
І прыйшоў Эмор і Сіхем, сын ягоны, да брамы горада свайго, і пачалі гаварыць жыхарам горада свайго і сказалі:
Дык, увайшоўшы ў браму гораду, Гамор і Сыхем, сын яго, так прамовілі да людзей свайго гораду:
гэтыя людзі ў міры з намі; хай яны селяцца на зямлі і працуюць на ёй; а зямля вось прасторная перад імі. Будзем браць дачок іхніх сабе за жонак і нашых дачок выдаваць за іх.
«Людзі гэтыя прыязныя нам; хай застаюцца на гэтай зямлі і ходзяць па ёй; яна прасторная і шырокая для іх. Дачок іхніх будзем браць за жонак, а нашых ім будзем аддаваць.
Толькі на такой умове гэтыя людзі згаджаюцца жыць з намі і быць адным народам, каб і ў нас абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, як яны абрэзаны.
Пад той аднак умовай згаджаюцца яны жыць разам з намі, творачы адзін народ, калі ў нас кожны мужчына наш будзе абрэзаны так, як яны абрэзаныя.
Ці ж ня нам статкі іхнія і маёмасьць іхняя, і ўсё быдла іхняе? Толькі згодзімся зь імі, і будуць жыць з намі.
Тады іхнія жывёлы, і маёмасьць, і іхнія авечкі нашыя будуць. Каб толькі згадзіліся мы на гэта, і будуць жыць разам з намі».
І паслухаліся Эмора і Сіхема, сына ягонага, усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага: і абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, — усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага.
І згадзіліся ўсе з Гаморам і Сыхемам, сынам яго, і абрэзаліся ўсе мужчыны, што выйшлі з брамы гораду свайго.
На трэці дзень, калі яны былі занядужалі, два сыны Якава, Сымон і Левій, браты Дзініныя, узялі кожны свой меч, і адважна напалі на горад, і аддалі сьмерці ўвесь мужчынскі пол;
А калі на трэці дзень адчувалі яны вялікі боль, два сыны Якуба, Сымон і Леві, браты Дзіны, схапіўшы мячы, уварваліся ў горад, каторы пачуваўся бясьпечна, і вымардавалі ўсіх мужчынаў.
і самога Эмора і Сіхема, сына ягонага, забілі мечам; і ўзялі Дзіну з дома Сіхемавага і выйшлі.
І забілі мячом Гамора і яго сына Сыхема, і забралі Дзіну, сястру сваю, з дому Сыхема.
Сыны Якава прыйшлі да забітых і абабралі горад за тое, што зьняславілі сястру іхнюю.
Потым другія сыны Якуба напалі на забітых і абрабавалі горад за тое, што зганьбілі іх сястру,
Яны ўзялі дробнае і буйное быдла іхняе, і аслоў іхніх, і што ні было ў горадзе, і што ні было ў полі;
і забралі дробную і буйную жывёлу іхнюю, і аслоў, ды ўсё, што ў горадзе і на палёх было.
і ўсё багацьце іхняе і ўсіх дзяцей іхніх і жонак іхніх узялі ў палон, і абабралі ўсё, што было ў дамах.
І ўсю маёмасьць, усіх дзяцей і жанчынаў забралі ў палон, абрабаваўшы ўсё, што знайшлі ў дамох.
І сказаў Якаў Сымону і Левію: вы абурылі мяне, зрабіўшы мяне ненавісным жыхарам гэтай зямлі, Хананэям і Фэрэзэям. У мяне людзей мала; зьбяруцца супроць мяне, паб’юць мяне, і зьнішчаны буду я і дом мой.
Тады Якуб сказаў Сымону і Левію: «Выклікалі вы вялікае няшчасьце, бо праз вас будуць мець у нянавісьці мяне жыхары гэтай зямлі: Хананейцы і Пэрэзэі. Нас жа нямнога, а яны, сабраўшыся, нападуць на мяне, і буду зьнішчаны я і сям'я мая».
А яны сказалі: а хіба можна рабіць зь сястрою нашаю, як з распусьніцаю!
Яны адказалі: «А ці ж можна паводзіць сябе зь сястрою нашай, як з блудніцаю?»