Быццё 37 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Якаў жыў у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаанскай.
 
І пражываў Якуб у зямлі Ханаан, па катораў вандраваў бацька яго.

Вось жыцьцё Якава. Язэп, сямнаццаці гадоў, пасьвіў быдла разам з братамі сваімі, будучы хлапцом, з сынамі Валы і з сынамі Зэлфы, жонак бацькі свайго. І даводзіў Язэп благія пра іх чуткі да бацькі іхняга.
 
Вось дзеі патомкаў Якуба. Язэп, сямнаццацігадовы юнак, разам са сваімі братамі, сынамі жонак яго бацькі Більгі і Зільпы, пасьвіў статак. І паведамляў ён бацьку благое пра гэтых сыноў.

Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай, — і зрабіў яму розных колераў вопратку.
 
А Ізраэль любіў Язэпа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што заімеў яго ў старасьці, і справіў яму доўгую шату.

І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго болей за ўсіх братоў ягоных; і зьненавідзелі яго і не маглі гаварыць зь ім дружалюбна.
 
І браты яго, бачучы, што бацька любіць яго болей за ўсіх другіх, зьненавідзелі яго і не маглі зь ім спакойна гаварыць.

І бачыў Язэп сон і расказаў братам сваім: і яны зьненавідзелі яго яшчэ больш.
 
І здарылася таксама, што ён расказаў братам сваім бачаны сон, і было гэта прычынай яшчэ большай нянавісьці.

Ён сказаў ім: выслухайце сон, якія я бачыў:
 
Ён казаў ім: «Паслухайце сна майго, што я бачыў:

вось мы вяжам снапы сярод поля; і вось, мой сноп устаў і стаў старчма; і вось, вашы снапы пасталі навокал і пакланіліся майму снапу.
 
Сьнілася мне, што мы вязалі снапы на полі, і тады сноп мой падняўся і стаў, а вашыя снапы акружылі яго і пакланіліся яму».

І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя.
 
І сказалі яму браты: «Ці ж меў бы ты як кароль панаваць над намі і валодаць намі, як валадар?» І яшчэ горш яго зьненавідзелі з прычыны яго сноў і словаў.

І бачыў ён яшчэ іншы сон і расказаў яго братам сваім, кажучы: вось, я бачыў яшчэ сон: вось, сонца і месяц і адзінаццаць зорак пакланяюцца мне.
 
А потым меў ён яшчэ іншы сон, і так расказваў яго братам сваім: «Сьнілася мне яшчэ, што сонца і месяц, і адзінаццаць зорак кланяліся мне».

І ён расказаў бацьку свайму і братам сваім. І накрычаў на яго бацька ягоны і сказаў яму: што гэта за сон, які ты бачыў? няўжо я і твая маці і твае браты прыйдзем пакланіцца табе да зямлі?
 
А калі гэта расказваў бацьку і братам, бацька пасварыўся на яго, кажучы: «Што меў бы значыць гэты сон? Ці ж я і маці твая, і браты твае мелі б прыйсьці да цябе і пакланіцца табе аж да зямлі?»

Браты ягоныя пазайздросьцілі яму, а бацька ягоны ўзяў да ўвагі гэта слова.
 
Дык браты зайздросьцілі яму, а бацька застанаўляўся моўчкі.

Браты ягоныя пайшлі пасьвіць быдла бацькі свайго ў Сіхем.
 
І калі ягоныя браты, пасучы стады, прабывалі ў Сыхеме,

І сказаў Ізраіль Язэпу: браты твае ці ж ня пасьвяць у Сіхеме? ідзі, я пашлю цябе да іх. Ён адказаў яму: вось я.
 
сказаў Ізраэль Язэпу: «Браты твае пасуць авечкі ў Сыхеме, хадзі, пашлю цябе да іх». А ён адказаў: «Я гатовы».

Ізраіль сказаў яму: ідзі, паглядзі, ці здаровыя браты твае і ці цэлае быдла, і прынясі мне адказ. І паслаў яго з даліны Хэўронскай. І ён прыйшоў у Сіхем.
 
І сказаў ён яму: «Схадзі і паглядзі, ці ўсё ў парадку ў братоў тваіх з жывёламі, і раскажы мне, што чуваць». І паслаў яго з даліны Геброну, і прыбыў ён у Сыхем.

І знайшоў яго нехта, калі ён бадзяўся па полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: чаго ты шукаеш?
 
І вось напаткаў яго, калі ён блукаў па полі, адзін чалавек, і запытаў яго, што шукае.

Ён сказаў: я шукаю братоў маіх; скажы мне, дзе яны пасьвяць?
 
А ён адказаў: «Братоў сваіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасуць статак?»

І сказаў той чалавек: яны пайшлі адгэтуль, бо я чуў, як яны казалі: хадзем у Дафан. І пайшоў Язэп за братамі сваімі і знайшоў іх у Дафне.
 
І сказаў яму тады чалавек: «Перайшлі яны з гэтага месца. Чуў, як казалі яны: Хадзем у Датаін». І падаўся Язэп да братоў сваіх, і знайшоў іх у Датаіне.

І ўбачылі яны яго здалёк, і перш чым ён наблізіўся да іх, пачалі намышляць супроць яго, каб забіць яго.
 
Калі яны яго ўбачылі яшчэ здалёку, пакуль прыйшоў да іх, надумаліся яго забіць.

І сказалі адзін аднаму: вось, ідзе сновідзец;
 
І гаварылі адзін аднаму: «Вось снавідзец ідзе,

хадзем цяпер, і заб’ем яго, і кінем яго ў які-небудзь роў, і скажам, што драпежны зьвер задраў яго; і пабачым, што выйдзе зь ягоных сноў.
 
хадзем, заб'ем яго і ўкінем у студню, і скажам, што дзікі зьвер яго зьеў. І тады пабачым, ці дапамогуць яму сны ягоныя».

І пачуў гэта Рувім, і ўратаваў яго з рук іхніх, сказаўшы: не заб’ём яго.
 
Чуючы гэта, Рубэн стараўся вызваліць яго з рук іхніх, і сказаў: «Ня будзем забіваць яго».

І сказаў ім Рувім: не пралівайце крыві; кіньце яго ў роў, які ў пустыні, а рук не накладайце на яго. Гэта казаў ён, каб выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць яго да бацькі ягонага.
 
І сказаў далей: «Не пралівайце крыві, але ўкіньце яго ў гэтую студню, каторая ёсьць на пустыні, і рукі свае захаваеце нявіннымі». Гэтак казаў, хочучы вырваць яго з рук іхніх і вярнуць бацьку ягонаму.

Калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі зь Язэпа вопратку ягоную, вопратку розных колераў, якая была на ім,
 
І калі прыйшоў Язэп да братоў сваіх, зараз жа зьнялі зь яго доўгую шату,

і ўзялі яго і ўкінулі яго ў роў; а роў той быў пусты; вады ў ім ня было.
 
і ўкінулі яго ў студню, каторая была без вады.

І селі яны есьці хлеб, і паглядзеўшы ўбачылі, вось, ідзе з Галаада караван Ізмаільцянаў, і вярблюды іхнія нясуць стыраксу, бальзам і ладан: ідуць яны завезьці гэта ў Егіпет.
 
І селі яны, каб пасілкавацца, а калі паднялі вочы, убачылі купцоў Ізмаэльскіх, што ехалі з Гілеаду, і іхніх вярблюдаў, на каторых везьлі пахкія карэньні, жывіцу і пахкія алейкі ў Эгіпет.

І сказаў Юда братам сваім: якая карысьць, калі мы заб’ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?
 
Тады Юда сказаў сваім братам: «Што нам з таго, што заб'ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?

хадзем, прадамо яго Ізмаільцянам, а рукі нашыя хай ня будуць на ім, бо ён брат наш, плоць наша. Браты яго паслухаліся
 
Лепш прадаць яго Ізмаэльцам, і рукі нашыя не спаганім. Брат ён наш і цела наша». І згадзіліся браты на яго прапанову.

і, калі праходзілі купцы Мадыямскія, выцягнулі Язэпа з рова і прадалі Язэпа Ізмаільцянам за дваццаць срэбранікаў; а яны завялі Язэпа ў Егіпет.
 
І калі купцы Мадыянскія ішлі паўзь іх, яны выцягнулі Язэпа са студні і прадалі яго Ізмаэльцам за дваццаць сярэбранікаў, а тыя павялі яго ў Эгіпет.

А Рувім прыйшоў зноў да рова; і вось, няма Язэпа ў рове. І разадраў ён вопратку на сабе,
 
А калі Рубэн вярнуўся да студні і не знайшоў хлопца,

і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: хлопца няма, а я, куды я падзенуся?
 
дык разарваў на сабе адзеньне і прыбег да братоў сваіх, і закрычаў: «Хлопца няма, а я, куды я пайду?»

І ўзялі вопратку Язэпаву, і закалолі казла, і запэцкалі вопратку крывёю;
 
І ўзялі яны тады адзежу яго, і памачылі ў кроў забітага казла,

і паслалі розных колераў вопратку, і даставілі бацьку свайму, і сказалі: мы гэта знайшлі; паглядзі, ці сына твайго вопратка гэтая, ці не.
 
і паслалі бацьку свайму, кажучы: «Вось што мы знайшлі. Паглядзі, можа гэта доўгая шата сына твайго?»

Ён пазнаў яе і сказаў: гэта вопратка сына майго; драпежны зьвер задраў яго; праўда, разадраны Язэп.
 
І калі пазнаў бацька яе, залямантаваў: «Гэта ж адзежа сына майго, дзікі зьвер разарваў Язэпа».

І разадраў Якаў вопратку на сабе, і надзеў вярэту на сьцёгны свае, і аплакваў сына свайго многа дзён.
 
І разьдзёр ён адзеньне сваё, і надзеў зрэбніцу, і аплакваў сына свайго доўгі час.

І сабраліся ўсе сыны ягоныя і ўсе дочкі ягоныя, каб суцешыць яго; але ён не хацеў суцешыцца і сказаў: са смуткам сыйду да сына майго ў апраметную. Так аплакваў яго бацька ягоны.
 
І калі сабраліся ўсе дзеці ягоныя, каб суцішыць боль бацькі, ня слухаў пацехаў іхніх і казаў: «Са смуткам пайду за сынам у адхлань». І плакаў дзеля яго бацька яго.

А Мадыяніцяне прадалі яго ў Егіпет Патыфару, царадворцу фараонаваму, начальніку целаахоўцаў.
 
А Мадыянцы прадалі Язэпа ў Эгіпце Патыфару, урадоўцу фараона, начальніку варты.