Быццё 38 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Тым часам Юда адышоў ад братоў сваіх і пасяліўся паблізу аднаго Адаламіцяніна, імя якога: Хіра.
У той час Юда пакінуў братоў сваіх і накіраваўся да чалавека Адулямца, імем Хіра.
І ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананэяніна, імя якога: Шуа; і ўзяў яе і ўвайшоў у яе.
І ўбачыў там дачку аднаго Хананейца на імя Шуа, і ўзяў яе за жонку, і перайшоў да яе.
Яна зачала і нарадзіла сына; і ён даў яму імя: Ір.
І яна пачала, і нарадзіла сына, і далі яму імя Гэр.
І зачала зноў, і нарадзіла сына, і дала яму імя: Анан.
І зноў яна пачала, і народжанага сына назвала імем Анан.
І яшчэ нарадзіла сына і дала яму імя: Шэла. Юда быў у Хэзіве, калі яна нарадзіла яго.
І трэцяга нарадзіла таксама, і назвала яго Шэля. Яна прабывала ў Кезібе, калі яго нарадзіла.
І ўзяў Юда жонку Іру, першынцу свайму; імя ёй Тамар.
Юда даў свайму першароднаму сыну Гэру жонку імем Тамар.
Ір, першынец Юдаў, быў неспадобны прад вачыма Госпада, і ўсьмерціў яго Гасподзь.
Першародны Юды Гэр быў ліхі на віду ў Госпада, і Ён паслаў на яго сьмерць.
І сказаў Юда Анану: увайдзі да жонкі брата твайго, ажаніся зь ёю, як швагер, і аднаві семя брату твайму.
Тады Юда сказаў Анану: «Ідзі да жонкі брата свайго і жыві зь ёй, каб вырасьціць брату свайму патомства».
Анан ведаў, што семя будзе не яму; і таму, калі ўваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць семя брату свайму.
А Анан, ведаючы, што патомства ня будзе ягоным, уваходзячы да жонкі брата свайго, насеньне зьліваў на зямлю, каб ня даць патомства брату свайму.
Благое было прад вачыма Госпада тое, што ён рабіў; і Ён усьмерціў яго.
Дзеля таго і на яго спаслаў Госпад сьмерць, бо ліхоту чыніў ён.
І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: жыві ўдавою ў доме бацькі твайго, пакуль падрасьце Шэла, сын мой. Бо ён сказаў: не памёр бы і ён, як браты ягоныя. Тамар пайшла і пачала жыць у доме ў бацькі свайго.
З гэтай прычыны Юда сказаў Тамары, сыновай сваёй: «Будзь удавой у доме бацькі свайго, пакуль ня вырасьце Шэля, сын мой». Баяўся бо, каб і той не памёр, як браты ягоныя. І яна пайшла, і жыла ў доме бацькі свайго.
Прайшло шмат часу, і памерла дачка Шуі, жонка Юдава. Юда суцешыўшыся пайшоў у Тамну, да стрыгалёў быдла ягонага, сам і Хіра, сябар ягоны Адаламіцянін.
І прайшло многа гадоў, і памерла дачка Шуа, жонка Юды. Ён па жалобе суцешыўся і выбраўся ў Тымну да стрыгачоў авечак сваіх, ён сам і прыяцель яго Хіра Адулямец.
І паведамілі Тамары, кажучы: вось, сьвёкар твой ідзе ў Тамну стрыгчы быдла сваё.
І нехта паведаміў Тамары, што сьвёкар яе выбіраецца ў Тымну стрыгчы авечкі.
І зьняла яна зь сябе вопратку ўдоўства свайго, накрыла сябе пакрывалам і закрыўшыся села каля брамы Энаіма, што на дарозе ў Тамну. Бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дадзена яму за жонку.
І яна, скінуўшы ўдовія шаты, і абкрыўшыся вэлюмам, і зьмяніўшы выгляд, села ў браме Энайм каля дарогі, каторая ідзе ў Тымну. Бо бачыла яна, што Шэля вырас, а яна ня дадзена яму за жонку.
І ўбачыў яе Юда і палічыў яе за распусьніцу, бо яна захінула твар свой.
І ўбачыў яе Юда, і, думаючы, што яна блудніца, бо была закрыўшы твар свой,
Ён павярнуўся да яе і сказаў: увайду я да цябе. Бо ня ведаў, што гэта — нявестка ягоная. Яна сказала: што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?
павярнуў да яе з дарогі і сказаў: «Хадзі, хачу з табой пагуляць,» а ня ведаў ён, што гэта яго сыновая. А яна папыталася: «Што мне дасі за тое, што са мною пагуляеш?»
Ён сказаў: я прышлю табе казьляня са статку. Яна сказала: ці дасі ты мне заклад, пакуль прышлеш?
Ён сказаў: «Пашлю табе казьлянё са стада». Яна зноў сказала: «А ці дасі мне заруку, пакуль прышлеш мне яго?»
Ён сказаў: які даць табе заклад? Яна сказала: пячатку тваю, і перавязь тваю, і лёску тваю, якая ў руцэ тваёй. І даў ён ёй і ўвайшоў да яе; і яна зачала ад яго.
Юда кажа: «Якую даць табе заруку?» Адказала: «Пячатку тваю, і пасак, і кій, які трымаеш у руцэ». І ён даў ёй, і ўвайшоў да яе, і жанчына пачала.
І ўстаўшы пайшла, зьняла зь сябе пакрывала сваё і апранулася ў вопратку ўдоўства свайго.
Потым паднялася яна і пайшла, і зьняўшы вэлюм, адзелася зноў ва ўдовія шаты.
А Юда паслаў казьляня празь сябра свайго Адаламіцяніна, каб забраць заклад з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе.
А Юда паслаў казьлянё праз сябру свайго Адулямца, каб зьвярнуў заруку, якую ён даў жанчыне. Той жа, як не знайшоў жанчыны,
І спытаўся ў жыхароў той мясьціны, кажучы: дзе распусьніца, якая была ў Энаіме пры дарозе? Але яны сказалі: тут ня было распусьніцы.
распытваўся людзей таго месца: «Дзе блудніца, каторая сядзела ў Энайм пры дарозе?» А многія адказвалі: «Не было на гэтым месцы блудніцы».
І вярнуўся ён да Юды і сказаў: я не знайшоў яе; ды і жыхары мясьціны той сказалі: тут ня было распусьніцы.
Тады той, вярнуўшыся да Юды, сказаў яму: «Не знайшоў яе, і людзі таго месца казалі мне, што там ніколі не сядзела блудніца».
Юда сказаў: няхай яна возьме сабе, каб толькі не пачалі з нас сьмяяцца; вось, я пасылаў гэтае казьляня; але ты не знайшоў яе.
І сказаў Юда: «Хай сабе мае. Каб толькі з нас не сьмяяліся. Я паслаў казьлянё, каторае абяцаў, але ты яе не знайшоў».
Прайшло каля трох месяцаў, і сказалі Юду, кажучы: Тамар, нявестка твая, далася ў распусту, і вось, яна цяжарная ад распусты. Юда сказаў: выведзіце яе, і хай яна будзе спалена.
І вось па трох месяцах паведамілі Юду: «Твая сыновая Тамар зацяжыла з распусты». І сказаў Юда: «Прывядзіце яе, каб была спалена».
Але калі павялі яе, яна паслала сказаць сьвёкру свайму: я цяжарная ад таго, чые гэта рэчы. І сказала: даведайся, чыя гэта пячатка і перавязь і лёска.
А калі яе выводзілі на пакараньне, яна паслала да свайго сьвёкра сказаць яму: «Я пачала ад таго мужчыны, каторага гэтыя рэчы. Пазнавай: чыя пячатка, пасак і кій».
Юда пазнаў і сказаў: яна справядлівейшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлу, сыну майму. І не спазнаваў яе болей.
І ён, пазнаўшы заруку, сказаў: «Яна справядлівейшая за мяне, бо я не хацеў яе аддаць Шэлі, майму сыну!» І Юда болей да яе не ўваходзіў.
Пад час родаў яе выявілася, што блізьняты ў нутробе ў яе.
І калі настаў час радзіць, выявілася, што мае двайняты.
І пад час родаў яе паказалася рука; і ўзяла бабка-павітуха і навязала яму на руку чырвоную нітку, сказаўшы: гэты выйшаў першы.
Калі пачала радзіць, адно зь дзяцей высунула ручку, на каторую павітуха завязала чырвоную стужку, кажучы: «Гэты народзіцца першы».
Але ён вярнуў руку сваю; і вось, выйшаў брат ягоны. І яна сказала: як ты разарваў сабе перашкоду? І дадзена яму імя: Фарэс.
Але яно ўцягнула ручку, і выйшаў брат ягоны. І сказала жанчына: «Як ты прарваў сабе перагароду?» І з той прычыны назвала яго імя Пэрэс.
Потым выйшаў брат ягоны з чырвонаю ніткаю на руцэ. І дадзена яму імя: Зара.
А па ім нарадзіўся брат ягоны, у каторага на руцэ была стужка; і ён названы Зэрах.